Да Нядзелі Міласэрнасці ў Касцёле працягваецца актава Вялікадня. Асобныя дні актавы маюць, падобна як Нядзеля Уваскрасення, статус урачыстасці. Таму ў гэты час няма ўстрымання ад спажывання мясных страваў у пятніцу (сёлета 17 красавіка).
Назва “актава” паходзіць ад лацінскага слова, якое азначае лічбу 8.
Маюцца на ўвазе восем дзён святкавання важнай для Касцёла таямніцы. Такім чынам Касцёл хоча падкрэсліць статус і важнасць урачыстасці. Пасля Другога Ватыканскага Сабору ў рымскім абрадзе былі захаваны толькі дзве фармальныя актавы: Вялікадня і Божага Нараджэння.
Звычай працягваць найважнейшыя хрысціянскія святы вельмі даўні. Першай з’явілася актава Уваскрасення Пана. У гэты час адбываліся набажэнствы і катэхезы для новаахрышчаных дарослых. Пасля прыняцця хросту ў Пасхальную ноч неабходным было заглыбленне ў таямніцу (так званая містагогія) дзеля больш поўнага разумення справы збаўлення (што адбывалася менавіта ў актаву).
Дні актавы Вялікадня маюць, падобна як Нядзеля Уваскрасення, статус урачыстасці.
Перыяд васьмі дзён разумеецца як адзін дзень, як адна ўрачыстасць. Таму ў актаву Вялікадня не абавязвае пост у пятніцу.
У гэтыя дні мы штодзённа спяваем “Gloria” i велікодную секвенцыю “Няхай у радаснае свята”. На святых Імшах чытаюцца таксама перыкопы пра сустрэчы Уваскрослага, між іншым з Марыяй Магдаленай, з вучнямі, якія накіроўваюцца ў Эмаус, з вучнямі над Генісарэцкім возерам.
Апошнім днём актавы Вялікадня з’яўляецца Белая нядзеля. Святы Ян Павел ІІ устанавіў яе святам Божай Міласэрнасці – згодна з аб’яўленнямі св. сястры Фаўстыны Кавальскай.