5 красавіка ва ўсіх святынях нашай краіны, у тым ліку ў Гродзенскай дыяцэзіі, адбудзецца дзень перапрашэння за ўсе знявагі Святога Крыжа.
З гэтай ініцыятывай выступіў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які заахвоціў падчас набажэнства Крыжовага шляху маліцца ў інтэнцыі экспіяцыі, або перапрашэння за ўсе знявагі Святога Крыжа, здзейсненыя на нашай зямлі.
Гэтае заахвочванне да малітвы нарадзілася пасля непакоячага факту знясення дзясяткаў крыжоў у Курапатах, што здарылася 4 красавіка.
У Курапатах знаходзіццца каля тысячы ўкрыжаванняў, усталяваных у памяць безуменных ахвяр забойстваў, здзейсненых НКУС. Паводле розных ацэнак, у гэтых магілах спачываюць ад некалькіх дзясяткаў да 250 тыс. ахвяр. Гэты мемарыял паўставаў на працягу апошніх 30 гадоў. Толькі ў 2018 г. па ініцыятыве ўладаў там быў устаноўлены помнік ахвярам.
Святы Ян Павел ІІ, які паспрыяў адраджэнню касцёльных структур у нашай краіне, падчас пешай пілігрымкі на сваю радзіму ў 1979 г. у прамове адзначыў: “Там, дзе ставіцца крыж, паўстае знак, што дайшла ўжо Добрая Навіна аб збаўленні чалавека праз Любоў. Там, дзе ставіцца крыж, паўстае знак, што распачынаецца евангелізацыя…”
Святы Айцец Францішак у адной са сваіх гамілій сказаў: “Без крыжа няма Хрыста, але без крыжа няма таксама хрысціяніна”.
Таму крыж – не толькі распазнавальны знак для хрысціян; гэта цэнтральны сімвал хрысціянскай веры. Без крыжа мы дойдзем да страты нашай хрысціянскай і каталіцкай ідэнтычнасці. Без крыжа мы будзем нічым і нікім… Гэта праўда!
Хрыстус укрыжаваны для кагосьці ўсё яшчэ з’яўляецца згаршэннем, а для кагосьці іншага – глупствам, для нас жа, якія вераць у Яго, Ён з’яўляецца “Божай моцай і Божай мудрасцю” (1 Кар 1, 23n).
JM
Фота: тут.by