У першую нядзелю пасля Вялікадня адзначаецца ўстаноўленае папам Янам Паўлам ІІ свята Божай Міласэрнасці. У гэтым годзе яно прыпадае на 8 красавіка. Культ Божай Міласэрнасці звязаны з аб’яўленнямі св. Фаустыны Кавальскай з супольнасці Маці Божай Міласэрнасці. Ёй аб’явіўся Езус, даручаючы абвяшчаць пасланне аб Божай міласэрнасці ўсяму свету. Пра гэтае жаданне Пан Езус упершыню абвясціў у Плоцку ў 1931 г.: “Гэтае свята выйшла з сутнасці Маёй міласэрнасці і зацверджана ў глыбінях Маіх ласкаў. Усялякая веруючая і давяраючая Маёй міласэрнасці душа – спазнае яе”.
У наступныя гады Пан Езус вяртаўся да гэтага жадання ажно 14 разоў, акрэсліваючы месца гэтага свята ў літургічным календары, прычыны і мэту яго ўстанаўлення, спосаб падрыхтоўкі і святкавання.
"У гэты дзень святары будуць казаць людзям пра Маю вялікую і неспасцігальную міласэрнасць", – сказаў Езус.
Выбар першай нядзелі пасля Вялікадня, якая завяршае актаву Уваскрасення Пана, указвае на цесную сувязь паміж велікоднай таямніцай Адкуплення і святам Міласэрнасці. Мука, смерць і ўваскрасенне Хрыста – найвышэйшае аб’яўленне міласэрнай любові Бога. Справа адкуплення прыносіць плён і актуалізуецца ў святых сакрамэнтах, пра якія кажа літургія свята Міласэрнасці. Хрост, сакрамант пакаяння, Эўхарыстыя – невычэрпныя крыніцы Божай міласэрнасці. Таму літургія гэтай нядзелі з’яўляецца кульмінацыйным пунктам праслаўлення Бога ў таямніцы Міласэрнасці.
Свята Божай Міласэрнасці павінна быць не толькі днём асаблівага праслаўлення Бога ў гэтай таямніцы, але і днём ласкі для ўсіх людзей, найперш грэшнікаў. “Жадаю, – сказаў Пан Езус, – каб свята Міласэрнасці было прытулкам і прыстанішчам для ўсіх душаў, а асабліва для бедных грэшнікаў. Хто ў гэты дзень прыступіць да Крыніцы Жыцця, той атрымае поўнае адпушчэнне правінаў і пакаранняў. У гэты дзень адкрыты ўсе Божыя ўваходы, праз якія сыходзяць ласкі, няхай не баіцца наблізіцца да Мяне ні адна душа, хоць бы грахі яе былі як пурпур”.
Ранг гэтага свята засноўваецца таксама на тым, што нават тыя, хто толькі ў гэты дзень навернецца, могуць атрымаць прабачэнне грахоў і выпрасіць усе ласкі, калі яны згодныя з Божай воляй. Галоўнымі адрасатамі гэтага свята з’яўляюцца грэшнікі, асабліва найбольш зацвярдзелыя: “Душы гінуць, нягледзячы на Маю горкую муку. Даю ім апошнюю ратавальную дошку – гэта свята Міласэрнасці. Калі не праславяць Божай Міласэрнасці – загінуць навекі”.
Каб скарыстацца гэтымі вялікімі дарамі, трэба выканаць умовы набажэнства да Божай Міласэрнасці, г.зн.: пакладаць давер у Пану Богу, выконваць учынкі міласэрнасці, быць у стане асвячальнай ласкі і прыступіць да святой Камуніі.
"Ніводная душа не знойдзе супакою, – сказаў Пан Езус, – пакуль не звернецца з даверам да Маёй міласэрнасці, і таму першая нядзеля пасля Вялікадня павінна быць святам Міласэрнасці".
Езус указаў с. Фаустыне пяць спосабаў, з дапамогай якіх людзі могуць выпрасіць збаўленне для сябе і ўсяго свету: Вяночак да Божай Міласэрнасці, малітва перад абразом Езуса Міласэрнага з надпісам “Езу, давяраю Табе”, малітва ў гадзіну канання Хрыста на крыжы, якая называецца Гадзінай Міласэрнасці (15.00), адзначэнне свята Міласэрнасці і пашырэнне ўшанавання Божай міласэрнасці малітвай, словам і ўчынкам.
Няхай сёлетняе свята Божай Міласэрнасці будзе нашай супольнай просьбай да Бога, багатага ласкай, каб быў міласэрны да нас і да ўсяго свету.
Кс. Юрый Марціновіч