Skip to main content

2 красавіка – Пальмовая нядзеля

palmowaja jm 12 красавіка адзначаецца Пальмовая нядзеля, або нядзеля Мукі Пана. Яна распачынае самы важны і ўрачысты перыяд у літургічным годзе – Вялікі тыдзень.

Нядзеля Мукі Пана ўводзіць нас у настрой пасхальных святаў. Касцёл заклікае не абмяжоўваць сябе толькі радасным размахваннем пальмамі і воклічамі: "Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана”, – але паказвае шлях яшчэ далей, да Вячэрніка, дзе “хлеб, які сышоў з неба”.

Затым яна ўводзіць у цёмны Гетсіманскі сад, дазваляе адчуць драму Езуса, асуджанага ў турме і пакінутага, адчуць Яго пакуты ў прэторыі Пілата і адкінутасць чалавекам. Нарэшце, заклікае ісці далей, да самай вяршыні Галготы, і трываць да канца.

palmowaja jm 2У гэты дзень у літургіі ўзгадваецца ўрачысты ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем за пяць дзён да Яго ўкрыжавання. Габрэі з энтузіязмам віталі Езуса, слалі на дарозе сваю вопратку, а таксама аліўныя і пальмoвыя галіны. Таму менавіта ў гэты дзень у касцёлах асвячаюцца галінкі вербаў і пальмаў, прынесеныя вернікамі, а потым адбываецца ўрачыстая працэсія.

Пальма сімвалізуе жывую веру хрысціяніна, што ідзе за Хрыстом-пераможцам, які “прыходзіць у Імя Пана”. Гэтая дарога заўсёды вядзе да вечнай славы на нябёсах.

Несучы пальмы, вернікі прызнаюць у Езусе абяцанага Месію. Гэты жэст – відавочны знак адкрыцця сапраўднай ідэнтычнасці Езуса, хвала і пашана дапаможа ім адхіліць смутак і няўпэўненасць.

Уваходзячы ў Вялікі тыдзень, будзем старацца адкрыць і прыняць безумоўную і дарма дадзеную нам любоў. Няхай гэты час дапаможа нанова распаліць у нас любоў, якая будзе ў стане адказаць Богу на Яго збаўчую справу ў Езусе Хрысце.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Рэдагавана: 02 Красавік 2023