Чацвёртая велікодная нядзеля называецца Нядзеляй Добрага Пастыра. Яна распачынае тыдзень малітваў аб святарскім і законным пакліканні да служэння ў Касцёле. Найбольш маляўнічым вобразам паклікання з’яўляецца гісторыя прарока Самуэля.
“Самуэль спаў у святыні Пана, дзе знаходзіўся каўчэг запавету. І паклікаў Пан Самуэля, а той адказаў: Вось я. І пабег да Элія, і сказаў: Вось я, ты мяне клікаў. Элі адказаў: Я не клікаў цябе, вярніся і спі. Ён пайшоў і лёг. Але Пан паклікаў зноў: Самуэль! Устаў Самуэль і пайшоў да Элія, і сказаў: Вось я, бо ты мяне клікаў. Той адказаў: Я не клікаў цябе, сыне. Вярніся і спі. Самуэль яшчэ не пазнаў Пана, і слова Пана яшчэ не адкрылася яму. Тады Пан паўтарыў трэці раз свой заклік: Самуэль! Ён устаў і пайшоў да Элія, і сказаў: Вось я, бо ты мяне клікаў. Элі зразумеў, што гэта Пан кліча хлопца. І сказаў Элі Самуэлю: Ідзі спаць. А калі зноў цябе пакліча, адкажы: Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой. Пайшоў Самуэль і лёг спаць на сваім месцы. Прыйшоў Пан і стаў, і паклікаў, як перад гэтым: Самуэль, Самуэль! Самуэль адказаў: Кажы, бо слухае слуга Твой.” (1 Сам 3, 3b–10.)
Голас Богa - "Самуэль, Самуэль!” - гучыць на працягу гісторыі як Старога, так і Новага Запавету. Ён кліча юнакоў, каб тыя, поводле прыкладу Самуэля, сталі Яго пасланцамі. Бог кліча маладых “Самуэляў” і сёння. Ён чакае, што яны адкажуць: “Кажы, бо слухае слуга Твой!”.
“Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё”. (Mц 9, 37-38)
Кожны добры святар з’яўляецца пладом малітвы пабожных душ. Яскравым і павучальным прыкладам з'яўляецца гісторыя маці Самуэля - Ганны. Жанчына доўга не магла мець дзяцей, але дзякуючы нястомным малітвам і абяцанню аддаць сына на служэнне Пану, выпрасіла яго ў Бога. Звароты да Усявышняга і вернасць Яму дазволілі Ганне нарадзіць сына, які стаў адным з самых знакамітых прарокаў. І нездарма імя яго - Самуэль, што азначае "Бог выслухаў".
У чым заключаецца місія добрага душпастыра?
Сведчыць пра Бога і пра жыццё вечнае.
Вызваляць чалавека з усіх формаў ідалапаклонства.
Распаўсюджваць праўду аб бязмежнай Божай любові.
Клапаціцца, каб агонь Хрыстовай любові не згас у людскіх сэрцах.
Будзіць і выхоўваць у людзях сумленне.
Кс. Тадэвуш Крыштопік