Ад Нядзелі Уваскрасення Пана да Нядзелі Міласэрнасці мы перажываем восем урачыстых дзён запар. Гэта значыць, што на працягу дадзенага часу нас не абавязвае ўстрыманне ад спажывання мясных страваў.
У справе пятнічнага посту дзейнічае агульны прынцып, што ўрачыстасць адмяняе пост. Пра гэта гаворыць Кодэкс Кананічнага Права (1251): "Устрыманне ад спажывання мяса ці іншых страваў, згодна з рашэннем Канферэнцыі Біскупаў, належыць захоўваць ва ўсе пятніцы ўсяго года, за выключэннем, калі ў гэты дзень прыпадае якаясьці ўрачыстасць. У сваю чаргу ўстрыманне і пост абавязковыя ў Папяльцовую сераду і ў пятніцу Мукі і Смерці Пана нашага Езуса Хрыста".
Падчас актавы Вялікадня перыяд васьмі дзён успрымаецца як адзін дзень, адна ўрачыстасць. У гэты час мы не адзначаем ніякіх іншых святаў ці успамінаў, як гэта адбываецца падчас актавы Божага Нараджэння.
Літургічныя і біблійныя тэксты велікоднай актавы непасрэдна звязаны з уваскрасеннем Хрыста і наступствамі Яго змартвыхпаўстання для ўсяго чалавецтва.
У тэкстах гэтага перыяду мы знаходзім таксама відавочныя спасылкі на сакрамэнт хросту і тое, што прыходзіцца на долю кожнага ахрышчанага.
Такім чынам, 6 красавіка, у бліжэйшую пятніцу, якая прыпадае на актаву Вялікадня, пост не абавязвае.
JM