“На другі дзень, што быў пасля Прыгатавання, сабраліся першасвятары і фарысеі ў Пілата і сказалі: «Пане, мы ўспомнілі, што ашуканец гэты, калі быў яшчэ жывы, сказаў: Праз тры дні ўваскрэсну»” (Мц 27, 62–63).
У Вялікую суботу вернікі прабываюць каля гробу Пана, разважаючы пра муку і смерць Збаўцы, а асабліва пра Яго сыход у адхлань. У шчырым посце і гарачай малітве вернікі чакаюць Уваскрасення Збаўцы.
У Вялікую суботу Эўхарыстычная ахвяра не здзяйсняецца.
Святая Камунія ўдзяляецца толькі ў форме віятыку, а з іншых сакрамэнтаў дазволена ўдзяляць толькі намашчэнне хворых і сакрамэнт пакаяння і паяднання — споведзь.
Вялікая субота характарызуецца насычаным ўрачыстым чаканнем, якое працягваецца да нядзельнага світання, да Рэзурэкцыі.
У гэты дзень “маўчання” і “адзіноты” вернікі моляцца ў індывідуальным парадку перад Найсвяцейшым Сакрамантам. Распрасцёртая плашчаніца сведчыць пра раны Хрыста, пра той кароткі, але шматзначны прамежак часу, падчас якога Езус знаходзіўся пад уладай смерці.
Часам у касцёлах публічна чытаецца Літургія гадзін. Увечары цэлебруецца Пасхальная вігілія. Яна з’яўляецца найважнейшай і найбагацейшай формай літургічнай цэлебрацыі на працягу касцёльнага года, падчас якой Касцёл прымае новых кандыдатаў у сакрамэнце хросту.
Пасхальная вігілія складаецца з чатырох частак.
Літургія святла. Перад касцёлам святар асвячае агонь, ад якога запальваецца пасхал – сімвал Хрыста. Потым ксёндз уносіць запалены пасхал у святыню. Вернікі запальваюць ад яго полымя свае свечкі.
Літургія слова. У гэты дзень прадугледжана дзевяць біблейскіх чытанняў: сем старазапаветных, эпістола і Евангелле, якія пераплятаюцца рэспансарыйнымі псалмамі і малітвамі. Пасля апошняга чытання са Старога Запавету і малітвы святар пачынае спяваць гімн “Хвала на вышынях”, падчас якога б’юць ва ўсе званы. Пасля ўрачыстага гімна цэлебрант гаворыць калекту. Потым лектар зачытвае эпістолу, а пазней спяваюць урачыстае “Алелюя” і рэспансарыйны псалом. Потым святар чытае Евангелле і абвяшчае гамілію.
Літургія хросту. Пасля гаміліі адбываецца літургія хросту, падчас якой спяваецца Літанія да ўсіх святых. Затым цэлебрант блаславіць ваду для хросту, тройчы акунаючы ў ёй пасхал. Калі існуе такі звычай, удзяляе хрост катэхуменам і канфірмацыю моладзі.
Эўхарыстычная літургія. Яе ход падобны да эўхарыстычных літургій іншых нядзель. Цырымонію заканчвае ўрачыстая рэзурэкцыйная працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам, якая з’яўляецца радасным абвяшчэннем Уваскрасення Хрыста і заклікам да ўсяго стварэння ўдзельнічаць у трыумфе ўваскрослага Езуса. У касцёлах нашай дыяцэзіі працэсія найчасцей адбываецца не пасля Пасхальнай вігіліі, а ў нядзелю перад першай св. ранішняй Імшой, т.зв. Рэзурэкцыяй.
JM