У Вялікую суботу вернікі прыбіраюцца ў святочную вопратку, бяруць з сабой падрыхтаваную для асвячэння “пасху” і ідуць у касцёл, каб блаславіць стравы на велікодны стол.
У кошыку павінны быць яйкі, хлеб, вяндліна, хрэн, перац, соль, сыр, велікодная здоба, пасхальнае ягня. Кожны з Божых дароў мае ўласны характэрны сімвал, які нагадвае пра мукі і ўваскрасенне Хрыста.
Яйкі
Сімвал плоднасці, адраджэння жыцця, знак перамогі Езуса над смерцю. Яйкі распісваюць ці фарбуюць у розныя колеры. Найбольш распаўсюджаны варыянт шкарлупіны – карычнева-залацісты, калі папярэдне яйка “купаюць” у лісцях цыбулі.
Хлеб
Сімвал паўсядзённых патрэб чалавека: сытасці, годнага жыцця. Вернікі нястомна просяць ў малітве Нябеснага Айца аб хлебе штодзённым. А паколькі маюць яго з Божай шчодрасці, то прыносяць для бласлаўлення ў святыню. Таксама гэта робіцца на ўспамін аб тым Хлебе, які сышоў з неба, – Хрысце. У кошык можна пакласці любы від хлеба: чорны, белы. Некаторыя вернікі спецыяльна да Вялікадня выпякаюць хлеб па асабліваму рэцэпту – пасхальны.
Мяса і вяндліна
Сімвал дабрабыту, дастатку: не толькі матэрыяльнага, але і духоўнага. У кошык можна пакласці разнастайныя віды вяндліны ці каўбасу, кавалак сала ці ялавічыны.
Чорны перац
Сімвалізуе горкія зёлкі, якія іудзеі дадавалі да пікантнага соусу харасэт рыжага колеру. У яго абмоквалі кавалкі здобнага пасхальнага ягняці на ўспамін аб цяжкай нявольніцкай працы пры вырабе цэглы ў Егіпце.
Хрэн
Прыгадвае аб пераадоленні Хрыстовай мукі горычы. Таксама сімвалізуе фізічную сілу і жыццяздольнасць. Хрэн можна пакласці цёрты і змешаны з яйкам і смятанай.
Соль
Дадае стравам смаку, захоўвае прадукты ад псавання, а таксама сімвалізуе захаванне чалавека ад духоўнай сапсаванасці, навяртанне і ачышчэнне. Для хрысціян соль з’яўляецца знакам сутнасці жыцця і праўды. Адсюль гаворка пра “соль зямлі” – так Езус называў сваіх вучняў, выбраных.
Сыр
Прадукт увасабляе страву, якая не можа быць выраблена выключна рукамі чалавека. Малако – сыравіна, якая з’яўляецца дарам прыроды. І як маці корміць сваё дзіця, гэтак жа малако з’яўляецца сімвалам ахвярнасці Бога. Найлепш, калі сыр выраблены з малака авечкі, казы або каровы.
Велікодная здоба
Сімвал умеласці і дасканаласці, да якіх павінен імкнуцца кожны чалавек як у паўсядзённым жыцці, так і ў духоўным. Здоба – найлепш хатняй выпечкі. Традыцыйны кулінарны выраб – дражджавая бабка.
Пасхальнае ягня
Нявіннасць ягняці, яго сляпая паслухмянасць прыгадваюць Хрыста, які, будучы нявінным, аддаў сваё жыццё, бо быў паслухмяны Айцу. Езус адкупіў людзей, і цяпер яны пакліканыя да вечнага святкавання вячэры Баранка. Для чалавека гэта выразны прыклад пакоры і лагоднасці.
Сёння часцей за ўсё можна сустрэць баранкаў, спечаных з цеста або вырабленых з цукровай масы. У кошык таксама можна пакласці гіпсавую, фарфоравую, шкляную, гліняную ці пластыкавую фігуру.
Паводле "Слова жыцця"