У Вялікі чацвер заканчваецца перыяд Вялікага посту і распачынаецца Святы Пасхальны Трыдыум. Ён урачыста адзначаецца на працягу трох дзён – Вялікага чацвярга, Вялікай пятніцы і Вялікай суботы. Гэта тры этапы адзінай збаўчай падзеі Вялікадня Хрыста. Завяршаецца Пасхальны Трыдыум Нешпарамі Уваскрасення Пана.
“Перад святам Пасхі Езус, ведаючы, што прыйшла Ягоная гадзіна перайсці з гэтага свету да Айца, палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх” (Ян 13, 1).
У Вялікі чацвер былі ўстаноўлены сакраманты Эўхарыстыі і святарства.
Адкрываемся на сакрамант Эўхарыстыі як на хлеб жыцця, які неабходны чалавеку для выратавання душы.
Нанова перажываем прыняцце св. Камуніі, якая дае магчымасць з’яднацца з Усявышнім. Па ўзору Хрыста, які прынізіў сябе, імкнемся старанна служыць у братняй любові бліжняму.
У катэдральных касцёлах у першай палове дня ў гэты дзень цэлебруецца так званая Імша Хрызма, якую біскуп канцэлебруе разам са святарамі з усёй дыяцэзіі. Падчас гэтай Імшы біскуп асвячае алей хворых i алей катэхуменаў, кансэкруе алей хрызма. Святары абнаўляюць абяцанні, якія давалі пры пасвячэнні.
Увечары цэлебруецца св. Імша ва ўспамін Апошняй вячэры. Гэтая Імша ў Вялікі чацвер мае асаблівае значэнне – яна з’яўляецца ўспамінам Апошняй Вячэры. Падчас яе можа адбывацца абрад абмыцця ног 12 асобам на знак таго, што ўчыніў Хрыстос, пакідаючы хрысціянам свой запавет пакоры і любові. На ёй заключны раз перад Пасхальнай Вігіліяй гучаць званы. Яны змаўкаюць пасля гімна “Хвала на вышынях Богу”.
На заканчэнне Імшы Вячэры Пана Найсвяцейшы Сакрамэнт у працэсіі ўрачыста пераносіцца ў так званую "цямніцу" ў памяць пра арышт Хрыста і ноч, праведзеную Ім у вязніцы. Гэта сімвалічна адлюстроўвае арышт і заключэнне Езуса пад варту.
Пасля вернікі некаторы час моляцца ў цішыні. Гасяцца лампады і свяцільні, не гучаць музычныя інструменты. З алтара здымаюцца ўсе пакровы, а крыжы завешваюцца тканінай, што сімвалізуе зняцце вопраткі з Езуса, Яго абсалютную неабароненасць.
JM