Skip to main content

Пальмовая нядзеля распачынае Вялікі тыдзень

palmaШостая нядзеля Вялікага посту называецца Пальмовай нядзеляй або нядзеляй Мукі Пана. Яна распачынае самы важны і ўрачысты перыяд у літургічным годзе - Вялікі тыдзень.

 

Пальмовая нядзеля - памяткаю пра ўваход Езуса ў Іерусалім

Нядзеля Мукі Пана ўводзіць нас у настрой пасхальных святаў. Касцёл заклікае не абмяжоўваць сябе толькі радасным размахваннем пальмамі і воклічамі: "Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана", але паказвае шлях яшчэ далей - да Вячэрніка, дзе "хлеб, які сышоў з неба".

Затым яна ўводзіць у цёмны Гефсіманскі сад, дазваляе адчуць драматызм Езуса, асуджанага ў турме і пакінутага, дае адчуць Яго пакуты ў прэторыі Пілата і адрынутасць чалавекам. Нарэшце, заклікае ісці далей, да самай вяршыні Галгофы, і трываць да канца.

У гэты дзень у літургіі ўзгадваецца ўрачысты ўваход Езуса Хрыста ў Іерусалім за пяць дзён да Яго ўкрыжавання. Габрэі з энтузіязмам віталі Езуса, слалі на дарозе сваю вопратку, а таксама аліўныя і пальмoвыя галінкі. Таму менавіта ў гэты дзень у святынях асвячаюцца галінкі вербаў і пальмаў, прынесеныя вернікамі, а потым адбываецца ўрачыстая працэсія.

jezus gabreiПальма сімвалізуе жывую веру хрысціяніна, які ідзе за Хрыстом пераможцам, "які прыходзіць у Імя Пана". Гэтая дарога  заўсёды вядзе да вечнай славы на нябёсах.

Несучы пальмы, вернікі прызнаюць ў Езусе абяцанага Месію. Гэты жэст - відавочны знак адкрыцця сапраўднай ідэнтычнасці Езуса - хвала і павага дапаможа ім адхіліць смутак і няўпэўненасць.

Пальмовая нядзеля - Сусветным днём моладзі

Па волі святога Папы Яна Паўла ІІ Пальмовая нядзеля з 1986 г. з’яўляецца таксама Сусветным днём моладзі. У гэтым годзе будзем перажываць яго ўжо 32-і раз. Тэма сёлетняга Сусветнага дня моладзі - "Вялікае ўчыніў мне Усемагутны" (Лк 1,49).

У Гродне ў гэты дзень моладзь дыяцэзіі збіраецца з прынесенымі вялікімі пальмамі, вышыня якіх дасягае некалькіх метраў і кожная з якіх адметная і прыгожая. Гэтыя пальмы вырабляе сама моладзь, задоўга да Пальмовай нядзелі рыхтуючыся да яе.

Пасля асвячэння біскупам гэтых пальм удзельнікі ідуць у працэсіі па Савецкай плошчы да катэдральнага касцёла св. Францішка Ксаверыя, дзе прымаюць удзел у святой Імшы.

Перажывём з верай гэты асаблівы дзень. Хай гэта будзе добры ўваход у сумленнае і пабожнае перажыванне Вялікага тыдня.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Рэдагавана: 23 Снежня 2019