Марыя сказала: Вось, я раба Гасподняя, хай станецца Мне паводле твайго слова. Анёл адышоў ад Яе (Лк 1, 38). Калі зірнуць на Марыю скрозь прызму некаторых канцэпцый чалавечай свабоды, дык Маці Хрыста варта было б прызнаць найбольш падняволеннай істотай на зямлі. Ніхто яе не пытаўся, ці хоча Яна нарадзіцца без граху. Акрамя таго, Марыя не магла выбіраць паміж дабром і злом, таму што была першапачаткова цалкам прадвызначана.
А калі анёл з'яўляецца ў яе доме, яна пакорна згаджаецца на прапанову Бога, ну бо ці магла паступіць інакш?
Пэўна, не трэба падрабязна тлумачыць, які менавіта дух крыецца за такімі перакананнямі. Агульна кажучы, судзячы па гэтых параметрах, свабода Бога і свабода чалавека ўзаемавыключальныя. Чалавек не можа цалкам радавацца свабодай, калі павінен падпарадкоўвацца волі вышэйшай, чым яго ўласная.
Аднак з пункту гледжання Евангелля Марыя была (пасля Езуса) найбольш вольным чалавекам у гісторыі свету. Калі анёл Гаўрыіл выкладае ёй Божае запрашэнне, на першы погляд не падобна, каб Марыя мела нейкае поле для манеўру. Не гучаць словы: "Калі ты згодзішся з нашай прапановай, то народзіш Сына". Не, Гаўрыіл ёй проста заяўляе: "Ты зачнеш і народзіш". Усё. Ці магла Маці Хрыста адмовіць? Зробім адзін эксперымент і звернем увагу на тое, чаго Марыя не сказала.
Дзева не ўсклікнула з энтузіазмам: "Маці Сына Божага? Чаму б не! Гэта выдатная ідэя. Няма пытанняў!" Таксама Яна не прызнае з сумам: "Я не ўпэўненая, што спраўлюся. Я не надаюся на гэтую ролю. Верагодна, гаворка ідзе пра нейкую іншую жанчыну". Ці яшчэ інакш: "Калі ты прыходзіш ад самога Бога, то які ж у Мяне выбар? Хто б адважыўся запярэчыць Створцы ... Хай ужо будзе так, як хочаш, таму што нічога іншага тут не зробіш". Не гаворыць Яна і такога: "Гэта выключана. Выкінь гэта з галавы. Валі адсюль і скажы там, на небе, што памыліўся адрасам". Мы не знаходзім у Марыі ні самаўпэўненасці, ні палахлівага комплексу непаўнавартасці, ні адмовы, ні "набожнага" адмаўлення або сляпой паслухмянасці.
Пры сустрэчы з Гаўрыілам, затое праяўляецца цэлая гама дэталяў, якія паказваюць на поўную павагу Бога да свабоды Марыі. Анёл не знікае адразу пасля абвяшчэння Божай волі, а чакае, слухае, дае час на роздум. Мы бачым, што Марыя спачатку выказвае пачуццё страху, замяшання і занепакоенасці. Гэты момант добра паказваюць некаторыя мастакі Рэнесансу. Напрыклад, Сандра Батычэлі ў абразе "Звеставанне", з аднаго боку, прадстаўляе Марыю, якая з паклонам звернута ў бок анёла, што азначае павагу і згоду; а з другога боку, яе ўзнятыя рукі выклікаюць уражанне, быццам яна абараняецца перад прыняццем такой нечаканай весткі ад Гаўрыіла і сваёй далейшай ролі. Затым Маці Хрыста задумваецца, ставіць пытанне, узважвае аргументы. Але для яе праблему складае не пытанне, ці варта ў гэта ўвязвацца, а тое, як Бог збіраецца ажыццявіць свой план.
Марыю перарастае гэтая таямніца. Яе канчатковы адказ сканцэнтраваны на служэнні і даверы. "Хай мне станецца" - гэта выразны добраахвотны дазвол. Калі б Бог хацеў навязаць ёй сваю волю, не было б ніякай дыскусіі. Але няма: як у многіх іншых сустрэчах Бога з чалавекам у Святым Пісанні, адбываецца рэальны дыялог. Станоўчы адказ Марыі вынікае з яе перамененай самасвядомасці: "Я слуга Гасподняя, паколькі я так сябе вызначыла, ажыццявіўшы выбар".
У кнізе Жака Дзюпуі SJ "Уводзіны ў хрысталогію" знаходзіцца раздзел, прысвечаны свабодзе Езуса. Аўтар, спасылаючыся на канцэпцыю св. Тамаша Аквінскага, сцвярджае, што традыцыйнае разуменне свабоды выбару складае, па сутнасці, праяву нашай цяперашняй недасканаласці. Іншымі словамі, многія лічаць, што вяршыню чалавечай свабоды ўяўляе магчымасць выбару з асяроддзя розных магчымасцей, у той час як гэта ледзь ўступны этап у яе развіцці.
На думку Дзюпуі, дасканалая свабода выяўляецца ў свядомай прадвызначанасці самога сябе, каб заўсёды выбіраць дабро. Святыя ў небе так накіраваныя на Бога, што ім нават у галаву не прыйдзе адвярнуцца ад Яго. І таму іх свабода значна больш усвядомленая, таму што яны цалкам сталі па баку дабра. Яны ўвесь час маюць свабоду волі, але іх воля пастаянна выбірае дабро. Відавочна, такое становішча магчыма толькі пасля смерці. Пакуль мы толькі паломнікі. Ужо маем свабоду, але ў той жа час яшчэ толькі паволі рухаемся ў бок яе дасканальшага віду. Чым больш чалавек набліжаецца да Бога, тым "менш", парадаксальна, робіць выбар, таму што ўсё больш злучаецца з дабром. У пэўным сэнсе не "абавязаны" рабіць выбар.
Пэўную аналогію гэтай формы свабоды складае рашэнне заключыць трывалую сямейную сувязь. Калі закаханыя свядома выбіраюць адзін аднаго на ўсё жыццё, то тым самым яны адмаўляюцца назаўжды ад іншых магчымасцяў выбару і абмяжоўваюць сваю свабоду, гэта значыць вызначаюць для яе пэўныя рамкі. Калі архітэктар бясконца бы ўносіў папраўкі ў праект будынка, загадаў ламаць адны сцены і ставіць іншыя, то фірма ніколі не змагла б давесці будаўніцтва да канца, не кажучы ўжо пра рост канчатковай сумы. Трэба нарэшце вырашыцца, інакш нічога не атрымаецца. Але каб вырашыцца, трэба ведаць, чаго на самай справе хочацца.
Спытаемся яшчэ, чаму муж і жонка выбіраюць адзін аднаго і такім чынам абмяжоўваць сваю свабоду? Могуць гэта рабіць па розных прычынах. Таму што ўдваіх лягчэй; для "больш бяспечнага" сэксу; для матэрыяльных выгодаў; каб пазбегнуць адзіноты; каб мець дзяцей. Што цікава, усе гэтыя "выгады" нейкім чынам ужо ўпісаны ў сужанства, а пры гэтым ні адна з іх не можа быць адзінай і выкючнай мэтай. Бо што калі сэкс станецца немагчымым, або калі з'явяцца фінансавыя цяжкасці, то што тады? Многія скажуць, што ў такім выпадку трэба мяняць партнёра. Але можна злучыцца на ўсё жыццё і быць разам нягледзячы на ўсе цяжкасці, паколькі дзякуючы Хрысту мы ведаем, што існуе каханне, здольнае да самаадрачэння і адданасці; каханне, якое праз цяжкасці і выпрабаванні вядзе да Уваскрасення, інакш кажучы да росту супакою, даверу і радасці.
Хіба такія сужанцы становяцца падняволенымі? Хіба гэтыя двое не маюць іншага выхаду? Вядома, што маюць! За прыкладамі не трэба далёка хадзіць. Але яны могуць вырашыць, што не "хочуць" мець такога выбару і робяць усё магчымае, каб іх сужэнства плённа выстаяла. І ў гэтым заключаецца дарастанне да большай свабоды і любові, канешне з Божай дапамогай, абяцанай нам у сакрамэнтах, у іншым чалавеку, у супольнасці, у напрацоўках сучасных навук.
Да такой любові мы дарастаем паступова і павольна. Марыя была асвечана Хрыстом ужо ў момант свайго зачацця, што зусім не азначае, быццам у яе жыцці ўсё ішло як па масле. Мы ведаем, што Марыя таксама вучылася любові. Не трэба лічыць, быццам свабода святых у небе абмежавана да той ступені, што яны цалкам пазбаўленыя магчымасці грашыць. Наадварот, іх свабода стала настолькі пашырана, што яны сталі настолькі свабоднымі, каб ужо ніколі не грашыць! Гэта вялікая таямніца, якую і можна ўбачыць у сцэне Звеставання.
Паводле старонкі deon.pl