Прыгожа аздоблены кошычак. Гарадскі і вясковы краявід у Вялікую суботу напаўняецца вернікамі, якія спяшаюцца ў святыні з прыгожа аздобленымі кошычкамі. У іх знаходзіцца ўсё тое, што ў наступны дзень зойме сваё пачэснае месца на святочным стале. Асвячаць ежу на Вялікдзень - вельмі распаўсюджаны звычай, якога вытокі сягаюць канца VII пачатку VIII ст.
Практыка шчырага посту. Суровыя старахрысціянскія прадпісанні забаранялі вернікам падчас Вялікага посту ўжываць малочную, мясную ежу і яйкі. Няма нічога дзіўнага, што вернікі з радасцю чакалі Вялікдзеня, з якім заканчваўся перыяд доўгага посту і ўстрымання, таму што са святам Змёртвыхпаўстання зноў на стале былі мяса і малочныя стравы. Верны люд не ўжываў іх, аднак, да той пары, пакуль дзякуючы асвячэнню, яны не вызваляліся ад злых сілаў, якія маглі б нашкодзіць целу і душы. Гэты стары звычай прыгожа тлумачыць "навіна жыцця", якую мы атрымалі дзякуючы Хросту, становячыся "новым стварэннем".
Як ужо было зазначана, несумненна аскетычна-пакутная практыка шчырага посту перад Вялікдзенем садзейнічала таму, што паўстаў абрад "асвячонага". Існавала таксама пастаральная неабходнасць праілюстраваць простым людзям канкрэтнымі візуальнымі знакамі аб вялікай таямніцы Збавення, якую ажыццявіў Хрыстус - Баранак Новага Запавету. Аднак з пачатку ва ўсёй традыцыі благаславення істотную ролю адыгрывала пастава пабожнасці, якая адносіць усё да Бога ў духу "benedictio Dei": усё, з чаго чалавек карыстаецца, што спажывае, што ўжывае - як з Божых дароў, а за дар трэба адказаць прызнаннем, падзякай і благаславеннем.
Вялікоднае ягнё. Гісторыя ведае каля 50 розных малітоўных формулаў, якія служаць для асвячэння ежы на велікодны стол. На першым месцы ў іх шэрагу выступала благаславенне ягняці. Ён сімвалізуе біблейскі велікодны баранак, які быў прадвесцем Ягня - забітага і паўсталага з памерлых Хрыста, які выбавіў сваёй крывёй усіх людзей ад вечнай смерці. Гэтае Ягнё Новага Запавету - Хрыстус, поўны пакоры і лагоднасці, стаў сімвалам велікоднага свята. Таму самае важнае месца ў кошычку і на велікодным стале займае ягнё, зробленае з масла, можа быць таксама спечанае з цеста. Ён павінен нагадваць людзям аб прычыне супольнага застолля - гэта Панскае Змёртвыхпаўстанне павінна быць сапраўднай, жывой крыніцай радасці, а не тое, што знаходзіцца на талерках. У наш час велікодны баранак - гэта звычайна купленая керамічная ці шкляная фігурка, якая ўяўляе сабой баранак, што стаіць ці радзей ляжыць з чырвонай харугвай з залатым крыжам - цяпер толькі элемент дэкарацыі святочнага стала.
Вялікоднае яйко. Сярод асвячонай ежы на другім месцы пасля баранка знаходзіцца яйко, якое спажываюць у Велікодны Ранак. Яно сімвалізуе хаос, зародак, Сусвет, сонца, зямлю, жыццёвую сілу, плоднасць, адраджэнне, асаблівую моц супрацьдзеяння злым духам.
Сама традыцыя асвячэння яек паходзіць з Сярэднявечча з кляшторнага асяроддзя. У хрысціянскай сімволіцы з самага пачатку яйко было звязана з Вялікаднем, з фактам Змёртвыхпаўстання. Як з-пад шкарлупіння яйка выклёўваецца новае птушаня, так Змёртвыхпаўсталы Хрыстус выходзіць праз тры дні з магілы. Яйко - сімвал жыцця, якое зараджаецца, з'яўляецца прыгожым вобразам нашага змёртвыхпаўстання да новага Божага жыцця, дзякуючы Хросту.
Фарбаванне вялікодных яек. Ёсць шмат старых паданняў і легендаў (як і евангелічных), што датычаць вытокаў фарбавання яек. Напрыклад: прыгожа аздобленыя яйкі павінна была падараваць Пілату Божая Маці, просячы яго выратаваць свайго Сына ад пакутніцкай смерці. Іншая легенда гаворыць, што яйкі самі пакрыліся ўзорам пасля таго, як убогі, што нёс іх на продаж, сустрэў Хрыста, які нёс крыж, і паспяшаўся Яму дапамагчы. Чарговая гісторыя расказвае, што кроплі крыві Езуса, замучанага на Галгоце, замяніліся ў фарбаваныя яйкі, а са слёзаў Марыі, якая цярпела пад крыжам, паўсталі пісанкі. Вядома легенда пра Марыю Магдалену, якая спяшалася да магілы Езуса, дзе ёй паказаўся анёл, які расказаў ёй аб Змёртвыхпаўстанні Пана. Калі жанчына вярнулася дамоў, то заўважыла, што схованыя ёю яйкі - чырвоныя. Яна іх раздала апосталам, абвяшчаючы ім вестку аб Змёртвыхпаўстанні, а яйкі замяняліся ў птушкі і паляцелі ў неба.
Назвы фарбаваных велікодных яек паходзяць ад спосабу іх аздаблення: пафарбаваныя адным колерам (ці гатаваннем, ці апускаючы і мочачы ў натуральным фарбавальніку), носяць назвы фарбаваных яек. Калі на аднастайным фоне будзе нанесены ўзор, то тады яйка называецца рысаванкай. Калі яго аздабляе рознакаляровы арнамент, атрыманы пасля таго, як воскам пакрываюць фрагменты рысунка, напрыклад: кветкі, лісточкі - то гэта пісанка.
Спечанае мяса. Як на стале, так і ў кошычку з асвячонай ежай, апрача баранка і яек, ёсць і іншыя прадукты. Заўжды памяталі пра кілбасы, сярод якіх перш за ўсё павінна быць яна не вэнджаная, а звараная ці спечаная; пра вяндліны, шынкі, спечанае мяса.
Вялікодны хлеб. Хлеб благаславілі ў Касцёле вельмі рана, ідучы за прыкладам Хрыста, аб якім Евангелле гаворыць, што Ён благаславіў і раздаваў хлеб. Асвячэнне хлеба ў велікодны час паходзіць ад яўрэйскага звычаю. Габрэі ахвяроўвалі падчас святаў Пасхі першы плён з палёў і агародаў, а хрысціяне не ахвяроўвалі ўжо іх, але асвячоныя першыя плады спажывалі як святыя дары дзеля падзякі Тварцу. Хлеб для хрысціянаў - гэта сімвал Эўхарыстыі. Калі выпякалі некалькі відаў хлеба, то ў кошычак укладалі па вялікім акрайцы кожнага з іх. Абавязкова асвячалі пасху - спецыяльна спечаны велікодны хлеб.
Соль - гэта жыццядайны мінерал, які раней меў моц адпуджваць усякае зло. Без солі няма жыцця. Гэта таксама ачышчэнне, самая сутнасць існавання і праўды. Адсюль паходзіць сцвярджэнне пра "соль зямлі", як пра гэта ў казанні на гары заўважыў Хрыстус пра сваіх вучняў.
Хрэн. Часта ў кошычку для асвячонага знаходзіўся таксама хрэн. Яго насілі асвячаць у памяць аб тым, што Хрыста паілі воцатам. Гэта складала горкае дапаўненне да радаснага характару святаў. Людзі лічылі, што хрэн мае лекавае значэнне: павышае апетыт, паляпшае страваванне, засцерагае перад хваробамі горла, брушной поласці, болямі галавы. Сыр - сімвал прыязні, заключанай паміж чалавекам і прыроднымі сіламі, а перш за ўсё ён - гарантыя развіцця статку дамашніх жывёлаў.
Аздабленне кошычка. Нельга забыць таксама пра здобу. Самыя папулярныя былі "велікодныя бабы" з шафранам, якія выпякалі ў медзяных ці гліняных формах.
Трэба заўважыць, што аздабленне кошычка для асвячонага таксама было адказнай справай. Кошычак павінен быў сплецены з вербалозу, саломы ці сасновага лубу, а высланы - сурвэткай, упрыгожаны беллю карунак, зелянінай і быў адлюстраваннем вялікай радасці.
Звычай асвячаць ежу - гэта прыгожая традыцыя, хоць і калісьці была паганская. Усё, што папярэднічала хрысціянству, было прадчуваннем ці чаканнем. Касцёл, асвячаючы ежу, благаславіць тленны побыт, падкрэслівае годнасць цела, якое ў тыя дні (галоўным чынам у велікодны ранак) дасягнула несмяротнасці.
Цяпер як у гарадах, так і ў вёсках вернікі нясуць у касцёл толькі маленькія кошычкі, дзе пакладзена ўсяго пакрыху. Згадзіцеся, але ўспамінаючы сённяшнія кошычкі для асвячонай ежы, тут ідзе размова толькі аб паказной рознакаляровасці. Асвячоная ежа - гэта не рэкламны пакунак...
Паводле матэрыялаў газеты "Слова жыцця" N 6 (251), 23 сакавіка 2008 г.