Вялікая пятніца, якая сёлета адзначаецца 15 красавіка, – самы сумны дзень на працягу ўсяго літургічнага года. У гэты дзень вернікі збіраюцца ў засяроджанасці і цішыні ў сваіх святынях на набажэнстве ў памяць мукі і смерці Пана нашага Езуса Хрыста. Яны ўдзельнічаюць у пакутах Хрыста праз пост – знак памірання разам з Ім. Вялікая пятніца – таксама дзень смутку, “бо забраны ў нас Пан”.
Праз удзел у набажэнстве хрысціяне выяўляюць сваю веру і стаяць пад крыжам, просячы аб міласэрнасці і прабачэнні для сябе і ўсяго свету. Яны глядзяць на крыж таксама з любоўю і падзякай, бо ў яго раскрытых абдымках ззяе любоў Бога.
У гэты дзень Касцёл не цэлебруе Эўхарыстыю, а набажэнства падкрэслівае больш хвалу адкуплення праз крыж, чым прыніжэнне праз муку. Таму, успамінаючы смерць Хрыста, трэба памятаць, што яна не была для Яго пройгрышам і паражэннем. Смерць Хрыста была перамогай і была апраменена ззяннем уваскрасення.
Наш Пан, Езус Хрыстус, аддаючы жыццё на дрэве крыжа, прыцягнуў нас усіх да Сябе, стаў прычынай нашага збаўлення. Уваходзячы з уласнай крывёю да нябеснай гасціны, Ён заўсёды жыве, каб заступацца за нас.