Высокія вербы, паднесеныя ўгору, хістаюцца на фоне старадаўніх алтароў, карцін, ікон і сцен фарнага касцёла. Уся святыня запоўнена людзьмі. Цэнтральную частку касцёла – ад дзвярэй да алтара – разам з гараджанамі займае моладзь, трымаючы гэтыя самыя вялікія вербы, у калонках жа гучыць голас ксяндза біскупа Аляксандра.
“Гэта былі гады дзевяностыя: 93-ці, можа, 94-ты год – першыя пальмовыя працэсіі з пабернардынскага касцёла да фары”, – распавядае аб пачатках святкавання Пальмовай нядзелі ў Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Антоній Грэмза, шматгадовы душпастыр моладзі, які таксама некалькі разоў прымаў удзел у арганізацыі ўрачыстасці.
У 1986 годзе Святы Айцец Ян Павел ІІ прызначыў Пальмовую нядзелю Сусветным днём моладзі ў Каталіцкім Касцёле на дыяцэзіяльным узроўні. Адказам Гродзеншчыны было ўрачыстае святкаванне гэтага дня. “Усе гродзенскія парафіі ўдзельнічалі, моладзь з’язджалася з розных гарадоў: з Ваўкавыска, Ліды, Сапоцкіна. Прыязджалі з ксяндзамі, душпастырамі моладзі, прывозілі свае вербы. Іх асвячалі на ўзгорку: усе паднімалі вербы, радаваліся, спявалі песні, а пасля з біскупам ішлі ў фарны касцёл на Імшу. Гэта быў такі Дзень моладзі на ўзроўні дыяцэзіі”, – узгадвае ксёндз Антоній.
Пальмовая нядзеля, 2016 год
Як далей распавядае душпастыр, традыцыя стварэння вялікіх пальм з’явілася не адразу. Спачатку моладзь мела маленькія вербы, а пасля кожная парафія пачала рабіць сваю асобную, вялікую, якая адрознівалася чымсьці арыгінальным ад іншых. На ўзгорку пабернардынскай святыні, дзе перад працэсіяй збіраліся ўсе ўдзельнікі ўрачыстасці і дзе яны сустракаліся з ксяндзом біскупам, адбываўся невялікі канцэрт і асвячэнне пальм. Затым ужо ў фарным касцёле пасля св. Імшы выступалі розныя калектывы, з увагі на Вялікі пост, спявалі песні малітоўныя, песні праслаўлення. Была радасць як сімвал таго, што сабраліся маладыя, шчаслівыя людзі, якія хочуць ісці за крыжом.
Як дадаткова адзначае ксёндз канонік, прысутнічаў таксама іншы сімвалізм сустрэчы “Касцёла маладых” з біскупам як з “айцом дыяцэзіі”, які “збірае моладзь і вядзе яе за сабою да Хрыста”.
Такая форма святкавання Пальмовай нядзелі захавалася да 2000-ых гадоў і перапынілася пандэміяй каранавіруса. Таксама і Сусветны дзень моладзі на дыяцэзіяльным узроўні папа Францішак, улічваючы розныя меркаванні, перанёс на іншую важную і прыгожую ўрачыстасць – Хрыста Валадара Сусвету.
На пытанне, ці адновіцца святкаванне, калі пандэмія суцішыцца, ксёндз Антоній адказвае сцвярджальна і падкрэслівае важнасць аб’яднання моладзі: “Маладым людзям падабаецца «кіпіш», і гэта іх яднае. Таксама мы ўспамінаем тое, што Езус быў прывітаны ў Іерусаліме, хочам прайсці Яго шляхам, каб лепш зразумець Яго Муку і злучыцца з Ім”.
Як дзеліцца Вольга Сяліцкая, супрацоўніца партала Grodnensis.by, такое святкаванне Пальмовай нядзелі было для яе добрай традыцыяй і падрыхтоўкай да Вялікадня. Воля не толькі рабіла фотаздымкі ўрачыстасці, але, знаходзячыся ў душпастырстве гродзенскай катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя, таксама прымала ўдзел у выбары дызайна, арганізацыі і непасрэдным стварэнні высокай вярбы. “Я памятаю, як шукалі кветкі для ўпрыгожвання па ўсім горадзе, як па вечарах цэлы тыдзень пасля працы прыбягала рабіць гэтую дзвюхметровую вярбу. Калі пасля вучылася ў іншым горадзе, то спецыяльна на тыдзень раней прыязджала з вучобы”, – узгадвае Вольга.
Паводле "Слова Жыцця", Кацярына Паўлоўская