З нагоды стагоддзя апублікавання папам Бенедыктам XV Апостальскага ліста “Maximum illud” – дакумента, які меў на мэце абудзіць у цэлым Касцёле свядомасць місійнага абавязку – Святы Айцец Францішак абвясціў кастрычнік бягучага года Надзвычайным місійным месяцам. Дэвізам былі абраны словы: “Ахрышчаныя і пасланыя: Касцёл Хрыста з місіяй у свеце”.
Місіі – гэта тэма, якая датычыць усіх вернікаў. Кожны з нас павінен абудзіць у сэрцы жаданне абвяшчаць Евангелле і перамяняць сваю супольнасць у місійную і евангелізацыйную рэчаіснасць, памятаючы, што місіі з’яўляюцца “ўмілаваннем Езуса і любоўю да Яго люду”.
Гэтая перамена павінна адбыцца праз…
• асабістую сустрэчу з Езусам Хрыстом, дзякуючы Эўхарыстыі, чытанню Божага слова, асабістай і супольнаснай малітве,
• вывучэнне сведчанняў святых місіянераў, якія загінулі мучаніцкай смерцю,
• паглыбленне біблійнай, катэхетычнай, духоўнай і тэалагічнай фармацыі, што датычыць місій “ad gentes”,
• рэалізацыю любові ў форме падтрымкі вялікай справы місій “ad gentes” і хрысціянскай фармацыі ў Касцёлах, якія знаходзяцца ў найбольшай патрэбе.
Мы павінны сведчыць пра тое, што Бог добры, найперш уласнымі паводзінамі. З гэтага пачынаецца кожная малая і вялікая місія. Варта памятаць, што быць місіянерам – значыць клапаціцца пра бліжняга і адорваць іншых людзей надзеяй.
Малітва на Надзвычайны місійны месяц
Божа Ойча, Твой Адзінародны Сын, Езус Хрыстус, пасля ўваскрасення даручыў сваім вучням місію: “Ідзіце па ўсім свеце і навучайце ўсе народы”. Ты прыгадваеш нам, што праз хрост сталі далучаны да місіі Касцёла. Праз дары Святога Духа Ты ўдзяліў нам ласкі, каб былі адважнымі і руплівымі сведкамі Евангелля, каб місія, даручаная Касцёлу, усё яшчэ далёкая ад поўнай рэалізацыі, магла знайсці новыя дзейсныя спосабы несці свету жыццё і святло. Учыні, каб мы так дзейнічалі, каб усе народы маглі сустрэцца са збаўчай любоўю і міласэрнасцю Езуса Хрыста, які жыве і валадарыць у адзінстве Святога Духа праз усе вякі вечныя. Амэн.
Кс. Юрый Марціновіч, паводле "Слова Жыцця"