Skip to main content

Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы!

e507e52f15f6dcaa8a5b29f3ec880bf5 LДзеці з усіх кантынетаў злучацца ў Ружанцовай малітве 18 кастрычніка, у Дзень св. евангеліста Лукі, які распавёў гісторыю дзяцінства Езуса і, паводле традыцыі, лічыцца асобай, блізкай Маці Божай. Упершыню ў акцыі “Мільён дзяцей моліцца на ружанцы” прымуць удзел і ўсе дыяцэзіі нашай краіны.

Хлопцы і дзяўчаты злучацца ў малітве ў адной супольнай інтэнцыі – будуць прасіць аб міры і еднасці ў свеце. Адказныя за акцыю асобы з кожнай дыяцэзіі арганізуюць групу дзяцей і іх бацькоў у галоўнай святыні дыяцэзіі. Гэтыя групы будуць бачыць і чуць адзін аднаго праз тэлемост, праводзячы загадзя падрыхтаваную сваю частку Ружанца. Таксама будзе ісці агульная анлайнтрансляцыя мерапрыемства з Мінска, з пляцоўкі ля Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра. Анлайн-трансляцыя дасць магчымасць далучыцца да акцыі тым, хто плануе збірацца на малітву ў сваім мясцовым касцёле, а не ў цэнтральнай дыяцэзіяльнай святыні.

У нашай дыяцэзіі цэнтрам правядзення акцыі адпаведна будзе гродзенскі касцёл св. Францішка Ксаверыя, а адказны – вікарый парафіі кс. Яўген Амасёнак.

Са слоў святара, на момант напісання матэрыялу, дзяцей з Гродзенскай дыяцэзіі, ахвотных памаліцца Ружанцам разам з усім светам, налічылася амаль 2 000, што не з’яўляецца канчатковай лічбай. Усім хлопцам і дзяўчатам напярэдадні акцыі прапануецца паўдзельнічаць у майстар-класе па вырабе ружанцаў, а пасля – падорыць самастойна змайстраваны ружанец дзіцяці побач. Ад арганізатараў акцыі кожны ўдзельнік атрымае марыйныя ружанцовыя налепкі.


244418673 272514551545696 58181066931776090 n


“Я бачу, што дзеці сапраўды разумеюць, што адбываецца ў свеце: што людзі пакутуюць ад пандэміі, што ёсць тыя, хто галадае, што ёсць войны і крызісы. І яшчэ яны разумеюць, што калі хтосьці пакрыўджаны, трэба прасіць у Бога аб дапамозе для гэтага чалавека. Таму, канешне, ім цікава атрымаць падарункі, але яны сапраўды аб’яднаны мэтай – разам прасіць аб супакоі і адзінстве”, – упэўнены кс. Яўген.

Каб акцыя “Мільён дзяцей моліцца на ружанцы” сабрала неабходную, а то і большую колькасць дзяцей па ўсім свеце, далучайцеся да яе духоўна 18 кастрычніка а 18-ай гадзіне вечара беларускага часу або з дапамогай сродкаў анлайнсувязі (падрабязнасці на інтэрнэт-старонцы samaranin.by). Усе неабходныя матэрыялы можна таксама знайсці на партале, прысвечаным міжнароднай акцыі “One Million Children Praying the Rosary”.

– Кс. Яўген, чым дзіцячая Ружанцовая малітва адрозніваецца ад малітвы дарослых?

– Дзеці маюць чыстыя сэрцы, таму і малітва ў іх атрымліваецца вельмі шчырая і даверлівая. Яе галоўная асаблівасць у тым, што яна не спыняецца. Дарослым уласціва апускаць рукі, калі малітва не прыносіць пажаданы плён, дзеці ж будуць яе працягваць. Гэта мы бачым і на прыкладзе фацімскай гісторыі.

– Ружанец – працяглая малітва, якая патрабуе вялікай канцэнтрацыі. Трэба ўмець засяроджвацца на словах самой малітвы, адначасова разважаць Таямніцы і пры гэтым памятаць пра інтэнцыю. Ці гатова малое ўспрыняць такую малітву?

Ці ўвогуле правільна “грузіць” Ружанцам дзіця, а не пачаць, напрыклад, з падлеткавага, свядомейшага ўзросту?

– Па-першае, праблема не ў тым, што Ружанец – гэта працяглая малітва, а ў тым, што ў нашым жыцці надта шмат мітусні і нам увогуле складана знайсці вольны час. У дзяцей няма столькі клопатаў, якія перашкаджалі б выдзеліць час на малітву. І няма столькі крыўд ды правін, што “ўсплываюць” акурат падчас Ружанца і часта замінаюць маліцца дарослым.

Па-другое, падчас малітвы дзецям неабвязкова выходзіць на ўзровень медытацыі над святымі таямніцамі. Як бацькам прыемна і важна, што іх малы проста што-небудзь гаворыць ім, нават нейкую лухту, так і Бог мае патрэбу, каб дзеці звярталіся да Яго, няхай і не да канца ўсведамляючы сэнс сказанага. Для Госпада лічыцца прысутнасць, хай нават дзіця азіраецца навокал падчас малітвы.


2021 09 28 Ruzanec1 1


– А што наконт патрэбы гэтай малітвы для саміх дзяцей? Сведчыць аб сваёй прысутнасці побач з Богам яны могуць і іншымі спосабамі: нават малітвай сваімі словамі ці добрым учынкам…

– Ружанец змяшчае ў сабе ўсе галоўныя малітвы, таму вучыць аснове размовы з Богам і дысцыплінуе.

Таксама Ружанец – гэта нібы скарочаная Біблія, у якую змешчаны галоўныя моманты нашага збаўлення. Усё Евангелле дзеці наўрад ці прачытаюць ці зразумеюць, а знаёмства з Ружанцовымі таямніцамі – гэта найбольш спрыяльны спосаб пазнаць Бога дзіцячым розумам, усвядоміць каштоўнасць хрысціянскіх ісцін.

Калі з дзяцінства прывучыць хлопцаў і дзяўчат рабіць паўзы для гэтай малітвы, то і пасля яны не будуць такія “забеганыя”, заўсёды будуць мець час для сустрэчы з Богам, а адсюль – і з бліжнім, і з самім сабой. І, канешне ж, Ружанец – гэта заклік да Марыі, на які Яна абавязкова адгукнецца і будзе весці па жыцці, вучыць любові, паслухмянасці, чысціні.

Упершыню малітоўнае чуванне дзяцей прайшло ў 2005 годзе ў сталіцы Венесуэлы Каракасе. Падчас Ружанцовай малітвы групы дзяцей у прыдарожнай каплічцы некалькі жанчын, якія былі разам з імі, адчулі глыбокую прысутнасць Панны Марыі.

Адразу ж прыгадалася абяцанне а. Піо:“Калі мільён дзяцей разам памоліцца Ружанцам, свет зменіцца”. З таго моманту ініцыятыва стала сусветнай, а за яе арганізацыю ўжо на працягу 15-ці гадоў адказвае Папскі фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. Штогод да акцыі далучаюцца новыя краіны. У мінулым годзе ініцыятыва сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў, а лідэрамі па колькасці хлопцаў і дзяўчат сталі Польшча і Мексіка.

– Як навучыць дзяцей маліцца Ружанцам і прывіць любоў да яго?

– Карысна можа быць змайстраваць з дзіцём ружанец самастойна, дзесятак пацерак, каб насіць на руцэ. Гэта вельмі намацальны напамін пра сувязь з Богам, да таго ж будзе дапамагаць канцэнтаравацца на малітве. Вельмі важную ролю мае візуалізацыя таямніц. Напрыклад, разважаеце Нараджэнне Хрыста – паказаць стайню і ўявіць, як там было холадна. Неабходна і пастаянства, як варыянт – адзін дзесятак Ружанца штодня.

Аднак галоўнае – прыклад у сям’і. Калі дзіця ўбачыць, як бацька, які з’яўляецца для яго самым моцным, разумным і аўтарытэтным, становіцца на калені перад Госпадам і чытае Ружанец, гэты вобраз захаваецца ў яго свядомасці на ўсё жыццё. І ў любых жыццёвых сітуацыях дзіця будзе наследаваць атрыманаму ўзору.

– Якая галоўная мэта акцыі “Мільён дяцей моліцца на ружанцы”?

– Паспрыяць узрастанню згоды і еднасці ў сем’ях, у народзе і свеце, бо мы верым у моц дзіцячай малітвы. Засяродзіць увагу на актуальнасці Ружанцовай малітвы, каб яна не лічылася доляй старэйшага пакалення, якое часам высмейваюць за “перабіранне пацерак”. І нагадаць бацькам, што адказнасць за духоўную спадчыну ўскладзена на іх. Дзіця само не вырашыць, маліцца яму сёння ці не. Яно само не вырашыць, удзельнічаць у малітоўнай акцыі ці не. У гэтым вельмі важны ўдзел бацькоў.

Паводле "Слова Жыцця", Ангеліна Марцішэўская

 

Рэдагавана: 13 Кастрычніка 2023