Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста – адно з галоўных каталіцкіх свят. І хоць кансэкрацыя суправаджае вернікаў з самага пачатку хрысціянства, спатрэбілася шмат часу, каб Касцёл стаў асаблівым чынам ушаноўваць вялікую таямніцу веры.
Гучнае сведчанне веры
Непасрэднай прычынай устанаўлення ўрачыстасці Божага Цела сталі аб’яўленні ў ХІІІ стагоддзі бл. Юліяне, настаяцельніцы кляштара сясцёр аўгустынак пад Льежам (Бельгія). Бласлаўлёная неаднаразова мела бачанне месячнага дыску з чорнай плямай. Гэта было інтэрпрэтавана як знак адсутнасці ў літургічным календары дня, прысвечанага ўшанаванню Найсвяцейшага Сакраманту.
Пасля аб’яўленняў у 1246 годзе мясцовы біскуп устанавіў свята Божага Цела для дыяцэзіі ў Льежы. З цягам часу яно пачало набіраць папулярнасць, і ў 1264 годзе папа Урбан IV устанавіў свята Corpus Christi (Божага Цела) ва ўсім Касцёле.
Сёння гэтая ўрачыстасць у першую чаргу асацыіруецца з трыумфальным шэсцем вуліцамі горада ці вёскі. Працэсія збірае шматлікіх вернікаў, якія ў гэтыя хвіліны з гонарам абвяшчаюць Хрыста кожнаму мінаку. Падчас шэсця вернікі традыцыйна спыняюцца каля 4-ох адмысловых алтароў, дзе чытаюцца ўрыўкі з Пісання. Гэтая лічба звязана з 4-ма евангелістамі. Кожны з іх па-свойму гаворыць пра таямніцу Эўхарыстыі. Такім чынам мы глядзім на Пана, схаванага ў кавалку хлеба, вачыма апосталаў.
Галоўнае – пасыл, а не дэкор
Раней прыпынкі каля вулічных алтароў мелі розныя формы. У далёкія часы каля ахвярнікаў спявалі адарацыйны песні, чыталі вершы, ставілі прадстаўленні, у якіх былі задзейнічаны розныя біблейскія персанажы. Усё гэта набліжала сабраным праўды веры.
У сваю чаргу ў перыяд камуны алтары выглядалі амаль непрыкметна: у адкрытым акне той ці іншай хаты ставілі абраз, каля якога запальвалі свечку.
“Не так даўно ўвесь дэкор для алтароў даводзілася рабіць уручную. Выкарыстоўвалі ватманы, фарбы, каляровую паперу. Камбінавалі з тых матэрыялаў, што мелі пад рукой”, – распавядае Алена Харольская. Дзяўчына з часу заснавання моладзевага душпастырства “OPEN” з’яўляецца адным з дэкаратараў алтара, побач з якім спыняецца працэсія Божага Цела ў Гродне. “Сёння працэс падрыхтоўкі выглядае прасцей. Неабходную графіку можна знайсці ў інтэрнэце і раздрукаваць. Раней жа ілюстрацыю трэба было шукаць сярод абразкоў ці ў кніжках, перамалёўваць”, – дадае дэкаратар.
Алена адзначае, што самая складаная частка – тэхнічная. Прыдумаць можна што заўгодна, а рэалізаваць – далёка не ўсё. “Да таго ж, у мітусні рознае здаралася. Аднойчы я дагары нагамі прыклеіла літару “э” ў слове “Эўхарыстыя”. Казус заўважылі, калі алтар быў ужо цалкам гатовы”, – узгадвае з усмешкай дэкаратар.
Па словах Алены, галоўная мэта пры стварэнні дэкарацыі – гэта евангелізацыя. “Мы мелі шмат цікавых праектаў. Аднойчы зрабілі дэкарацыі са зваротам «Дзяліся верай, як хлебам». Хацелі данесці, што Божае слова патрэбна дзецям Госпада так, як ежа. Разам з тым запомнілася леташняя ідэя – «Эўхарыстыя – сэрца Касцёла». Часта хрысціянін забывае, што Эўхарыстыя з’яўляецца цэнтрам нашай веры. Прыкра глядзець, калі палова сабраных падчас св. Імшы не прымае Камунію. Як Бог можа дзейнічаць у іх жыцці, калі яны самі Яго не ўпускаюць?” – адзначае дзяўчына. Дэкаратар упэўнена, што кожны алтар павінен перадаваць пэўнае пасланне, адрасавацца кожнаму чалавеку.
Шлях да Пана, высцелены кветкамі
Неад’емная частка дэкору алтароў – кветкі. Часцей выбар падае на белыя ці жоўтыя, колер якіх з’яўляецца сімвалічным – асацыіруецца з Гостыяй і хлебам.
У Іўі на працягу апошніх 5-ці гадоў прынята рабіць дываны з кветак, якія вядуць да ахвярнікаў. “Раней каля алтароў мы выкладвалі паласы, якія прыносілі людзі са сваіх дамоў. Аднак хутка прыйшлі да высновы, што няма ў гэтым эстэтыкі, – распавядае с. Ірына Бучынская, якая штогод удзельнічае ў падрыхтоўцы кветкавых дываноў. – Пачалі думаць, чым можна іх замяніць. Так і нарадзілася ідэя высцілаць участак ля алтара пялёсткамі”. За дзень да ўрачыстасці мясцовыя парафіяне пачынаюць збіраць папараць, лубін, язмін, бэз, півоні, ліліі – у залежнасці ад сезону, калі прыпадае свята Божага Цела. Звычайна для аднаго алтара прывозяць 2 бусы, запоўненыя раслінамі.
“Калі патрэбны кветкі, якія можна знайсці толькі ў агародчыку, звяртаемся да людзей з просьбай падзяліцца. Завітваем у кожную хату, дзе бачым вялікія клумбы. Прыемна, што кветкі ахвяроўваюць не толькі католікі, але і праваслаўныя, і мусульмане. У такія моманты асабліва ганарымся нашай экуменічнай іўеўскай супольнасцю”, – кажа с. Ірына.
Кветкі сцеляць на асфальт, часам пад іх падкладваюць цырату. Аднак пялёсткі ніяк не прымацоўваюць. За некалькі гадоў існавання традыцыі непагадзь цудам ані разу не парушыла ўзор.
“Калі толькі пачыналі ўкараняць гэты звычай, дываны выходзілі не надта прыгожыя, – адзначае з усмешкай манахіня. – Патрэбна маляўнічае бачанне, каб выкласці з пялёсткаў прыгожую эўхарыстычную сімволіку. Аднак дзякуючы супольным намаганням налаўчыліся: робім узор мелам на асфальце, выкарыстоўваем трафарэты”.
У дзень урачыстасці адказныя за дэкор устаюць а 5-ай гадзіне раніцы і пачынаюць выкладваць дыван. Пасля заканчэння працы каля кампазіцыі застаецца некалькі мужчын, якія на працягу дня арашаюць кветкі, дбаюць пра свежасць іх выгляду. Калі набажэнствы завершаны, пялёсткі, прыдатныя да выкарыстання, высушваюць для далейшага прымянення.
Аб’яднаныя вакол ахвярніка Пана
У Іўі ў аздабленні алтароў задзейнічана ўся парафія. Пробашч дзеліць вернікаў на групы па 30-40 чалавек і прыстаўляе да кожнай духоўную асобу. Адным алтаром займаюцца бацькі першакамунійных дзяцей, другім – “Легіён Марыі” і г. д.
Людзі разам абмяркоўваюць ідэі, разам майструюць дэкарацыі. Знаходзіцца месца нават канкурэнцыі – кожная група імкнецца зрабіць лепш, “падарыць Богу годны трон”.
У душпастырстве “OPEN” падрыхтоўкай алтара таксама займаецца цэлая каманда. “Традыцыйна робім кліч у сацсетках. Цешыць, што заўсёды адгукаецца шмат ахвотных. Некаторыя робяць усё нясмела, баяцца, што атрымаецца неахайна. Аднак жа нашмат больш важная не дасканаласць у вырабе алтара, а прыгажосць чалавечага сэрца, які выклікаўся дапамагчы”, – падсумоўвае Алена.
Ангеліна Марцішэўская