Skip to main content

На заканчэнне актавы Божага Цела: благаслаўленне вянкоў

wreath 2438282 128027 чэрвеня завяршаецца актава Божага Цела. Восем дзён гэтай актавы лічацца часам асаблівай ласкі, а ў апошні яе дзень – чацвер – святар благаслаўляе вянкі, сплеценыя з першых кветак і лекавых зёлак. Яны з’яўляюцца сімвалам чалавечай працы, а адначасова ўвасабляюць Божы дар, які служыць людзям і ўсім стварэнням. Падчас благаслаўлення ўзносяцца малітвы аб апецы палямі і аб добрым ураджаі.

Гэтыя вянкі робяцца звычайна з рамонкаў, ружаў, мяты, язміну і іншых раслін. Іх утыкаюць за абразы святых, над вокнамі і ў сенцах.

Да гэтай пары такім вянкам прыпісваецца лекавая моц і абарончае дзеянне, а раней верылі, што яны ратуюць ад сурокаў і чараўніцтва.

wreath 3384413 640Таксама благаслаўлёныя расліны з вянкоў, як і бярозавыя галінкі, узятыя з алтара ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, павінны былі абараняць ад буры, маланкі і пажару, ад граду і шкоднікаў на палях. Пакрышанае зелле з гэтых вянкоў ужывалася для прыгатавання лекавай гарбаты, хатніх мікстур і для акаджэння раслін і жывёл.

Сёння вянкі, благаслаўлёныя ў актаву Божага Цела, з’яўляюцца сімвалам чалавечай працы, а таксама Божых дароў, якія служаць людзям і ўсім істотам на зямлі.

Такі вянок захоўваецца цэлы год, яго нельга выкідваць, бо ён благаслаўлёны. Праз год яго можна спаліць.

Гэтая традыцыя сёння практыкуецца ў невялікай ступені. Маладыя пакаленні хутчэй не ведаюць яе і не благаслаўляюць вянкі ў актаву Божага Цела, або нават не ведаюць, што такі звычай захаваўся да нашага часу.

A гэта важна, бо, благаслаўляючы гэтыя вянкі, мы нагадваем сабе пра блізкасць прыроды, пра адвечную сувязь чалавека з ёю і пра тое, што ў тым, што мы робім, патрэбна Божая дапамога.

Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч

 

Рэдагавана: 25 Чэрвеня 2019