Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, Божае Цела – адно з галоўных святаў у Каталіцкім Касцёле. Непасрэднай прычынай яго ўстанаўлення былі аб’яўленні благаслаўлёнай Юліяны з Карнільёна.
Пад іх уплывам біскуп Роберт устанавіў у 1246 г. свята Божага Цела, спачатку для Льежскай дыяцэзіі. Папа Урбан IV булай “Transiturus” ад 1264 г. устанавіў Божае Цела як абавязковае свята ва ўсім Касцёле, між іншым як “ушанаванне памяці ўстанаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту”.
Гэтае свята незвычайна важнае для католікаў. Урачыстасць Божага Цела пачынаецца Імшой, пасля якой вернікі ў працэсіі вуліцамі гарадоў і вёсак праходзяць да чатырох алтароў.
Чатыры алтары сімвалізуюць чатыры бакі свету. З аднаго боку мы публічна аддаём пашану Езусу, укрытаму ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, з іншага – запрашаем Яго таксама ў свой дом, у сваё жыццё. Мы просім аб тым, каб благаславіў нас, каб асвячаў наша жыццё.
Божае Цела і працэсія, якая праходзіць у гэты дзень праз гарады і вёскі, нагадваюць нам аб прысутнасці Бога ў свеце. Нагадваюць, што Ён прысутны сярод свайго народа. Што Ён выходзіць на вуліцы, паміж людзьмі, – там, дзе працякае жыццё тых, каго “палюбіў да канца”.
“Хлеб, які Я дам, – гэта цела Маё дзеля жыцця свету”. Працэсія Божага Цела – гэта не толькі каталіцкая маніфестацыя. Яна нагадвае аб прысутнасці Любові ў свеце, у якім мы жывём, у свеце, за жыццё якога Ён даў сваё Цела. Цела, якое прыносіць жыццё. Яго жаданнем з’яўляецца тое, каб мы мелі жыццё ў сабе.
Святы Ірыней з Ліёна сказаў, што “хвала Бога – чалавек жывы”. Хрыстус праходзіць сёння праз свет не для таго, каб нас з яго вырываць, каб адмаўляць наша жыццё ў свеце. Ён хоча ўключыць наша жыццё ў Яго.
Бог не змагаецца са светам, які, дарэчы, з’яўляецца Яго справай, а перамяняе яго. У кожнай Эўхарысты святар уздымае хлеб і віно, прамаўляючы словы: “Благаслаўлёны Ты, Пане Божа сусвету, бо дзякуючы Тваёй шчодрасці мы атрымалі хлеб, плод зямлі і працы рук людскіх; ахвяруем яго Табе, каб ён стаў для нас хлебам жыцця”.
Плод зямлі і працы рук людскіх – ці тое, што паходзіць з гэтага свету, – становіцца пераменена ў Цела і Кроў Хрыста, становіцца Божым пасілкам. Езус уваходзіць у гэты свет, у жыццё чалавека, каб весці яго гісторыю да паўнаты. Ён сам, нарэшце, кажа, што прыйшоў, каб Яго авечкі “мелі жыццё ў дастатку”.
Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста – адно з найважнейшых святаў у Каталіцкім Касцёле таму, што закранае самую істотную таямніцу нашай веры, якую мы цэлебруем: веру ў прысутнасць Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
Касцёл з самага пачатку абвяшчаў веру ў рэальную прысутнасць Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Хрыстус устанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт падчас Апошняй Вячэры. Гэта апісалі тры евангелісты: Мацвей, Марк і Лука, а таксама св. апостал Павел. Праўдзівая і рэчаісная прысутнасць Езуса Хрыста ў постацях хлеба і віна засноўваецца паводле вучэння Касцёла на словах Езуса: “Гэта Цела Маё… Гэта Мая Кроў” (Mк 14, 22.24).
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла кажа, што “спосаб прысутнасці Хрыста ў эўхарыстычных постацях выключны. У Найсвяцейшым Сакрамэнце ўкрыты праўдзівыя, рэчаісныя і субстанцыйныя Цела і Кроў разам з душой і Боствам Пана нашага Езуса Хрыста, а значыць увесь Хрыстус” (KKK 1374).
У гэтым годзе ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста адзначаецца 31 мая.
Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч