4 чэрвеня адзначаецца свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара. Гэтае свята ўстаноўлена папам Бэнэдыктам XVI i з’яўляецца плёнам Года святарства, які праходзіў у Каталіцкім Касцёле з 19 чэрвеня 2009 па 11 чэрвеня 2010 г.
Устанаўліваючы гэтае свята, Папа жадаў, каб яно адзначалася ў чацвер пасля нядзелі Спаслання Духа Святога.
Гэтае свята – заклік для духоўных асобаў углядацца ў Хрыста Валадара.
Для свецкіх жа вернікаў гэта нагода для разважання над значэннем службовага святарства і падтрымкі духавенства ў клопаце аб тым, каб весці людзей да Хрыста.
Літургічная цэлебрацыя гэтага свята запрашае да разважання над таямніцай святасці і прыгажосці Хрыстовага святарства і схіляе да інтэнсіўнай малітвы аб асвячэнні духавенства. Сённяшнія часы паказваюць на актуальнасць духоўнай барацьбы, якая ідзе ў свеце, і падкрэсліваюць ролю святароў як абраных Хрыстом быць вестунамі Слова, распарадчыкамі сакрамэнтаў і праваднікамі Божага народу.
Як устанаўленне сакрамэнту Эўхарыстыі, якое адбылося ў Вячэрніку, адзначаецца ў спецыяльную ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая называецца ў народзе Божым Целам, так жаданнем вернікаў было зацвярджэнне спецыяльнага свята, якое дае магчымасць цэлебраваць устанаўленне сакрамэнту святарства.
Хрыстус у Вячэрніку аб’яўляе праўду, што з’яўляецца Найвышэйшым Святаром, які на крыжы складзе ахвяру свайго жыцця за грахі ўсяго свету.
Абіраючы для выканання сакрамэнтальнага служэння людзей, якім дае святую ўладу, Адкупіцель хоча працягваць справу збаўлення праз служэнне слова і здзяйсненне святых сакрамэнтаў.
Няхай гэтае адносна новае свята, якое адзначаецца ў Паўсюдным Касцёле, стане натхненнем да ўзмоцненай малітвы за яго пастыраў, а адначасова пакажа ўзор Хрыста-Святара тым, якія ўдзельнічаюць у Яго службовым святарстве, і нагадае ўсім вернікам пра іх удзел у святарстве паўсюдным.
Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч