Праўда пра Бога Адзінага ў Тройцы — адна з найбольшых таямніцаў хрысціянства, якую нельга спасцігнуць да канца. Да яе можна толькі наблізіцца, і гэтаму спрыяюць шматлікія спробы яе апісання — найчасцей з дапамогаю метафараў і інтуіцыі.
Сярод тэолагаў існуе меркаванне, што Найсвяцейшая Тройца — гэта першаўзор Касцёла. Паколькі Касцёл з’яўляецца супольнасцю, і Бог захацеў збавіць чалавека ў супольнасці, у дачыненні да Найсвяцейшай Тройцы размова будзе таксама ісці пра супольнасць. Аднак у гэтым выпадку — гэта дасканалая супольнасць Асобаў, паміж якімі віруе любоў.
Бог Айцец — пра матчын клопат
У разважанні над Найсвяцейшаю Тройцаю нам, безумоўна, перашкаджае ўласнае яе разуменне. Калі размова ідзе пра тры асобы, «вочы» нашага ўяўлення адразу ж «бачаць» тры постаці, а розум, схільны да аналогіі, кажа нам думаць пра тры асобныя істоты. Хрысціяне адначасова бачаць у адным Богу Тры Асобы. Першаю з іх ёсць Бог Айцец. Як запэўнівае нас Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, «„называючы Бога Айцом“, язык веры перадусім звяртае ўвагу на два галоўныя аспекты: Бог —першапрычына ўсяго і трансцэдэнтны аўтарытэт, і адначасова Ён — дабро, якое з любоўю клапоціцца пра ўсіх сваіх дзяцей. Гэта бацькоўская пяшчота Бога можа таксама праяўляцца ў вобразе мацярынства, які ў большай ступені паказвае Божую іманентнасць, цесную сувязь паміж Богам і стварэннем» (ККК, 239).
Вельмі добра гэта інтуіцыя паказана на карціне Рэмбранта «Вяртанне марнатраўнага сына». На карціне бачна, як стары бацька кладзе свае далоні на плечы сыну, які вярнуўся, але адна яго далонь мае выразныя мужчынскія рысы, а другая — жаночыя. Таму, з аднаго боку, Бог Айцец увасабляе ўладу Творцы і сілу Суддзі, а з другога — бясконцую міласэрнасць, якая асацыюецца з матчынаю любоўю.
Як падкрэслівае адзін з біблістаў, у Бібліі не акрэсліваецца паняцце асобы, але Бога называюць Айцом, Яго клічуць, Ён можа размаўляць, слухаць, апавядаць. Бог падтрымлівае сувязь з чалавекам, мае свядомасць, свабоду і любіць.
Біблейскія паказальнікі
Догмат пра Аднаго і Адзінага Бога ў Тройцы Асобаў аб’явіў Езус Хрыстус. Ён гаварыў пра Бога Айца, якому належыць справа стварэння. Хрыстус паказваў сябе адначасова як Сына Божага, дасканала з’яднанага з Айцом Нябесным, і аб’явіў Духа Святога, які жыве і дзейнічае цяпер у Касцёле. Праўда пра Найсвяцейшую Тройцу праяўляецца ў місійным наказе Хрыста: «Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога» (Мц 28, 19).
У Святым Пісанні можна знайсці шмат падобных месцаў, у якіх Езус гаворыць пра свайго Айца як пра іншую Асобу. Можна налічыць нават некалькі урыўкаў з Евангелля, дзе размова ідзе пра Духа Святога як роўнага Айцу і Сыну і як пра іншую Асобу. Калі, напрыклад, арханёл звястуе Марыі, што Яна стане Маці, Евангеліст выразна зазначае, што гэта Бог яго паслаў, каб Ёй звеставаць, што Яна народзіць Сына Божага і што станецца гэта справаю Духа Святога (пар. Лк 1, 30–35).
Гэтак жа падчас хросту Пана Езуса аб’явілася ўся Святая Тройца: Сын Божы прымае хрост ад св. Яна Хрысціцеля, Бог Айцец дае Яму сведчанне голасам, а Дух Святы з’яўляецца над Езусам у постаці галубкі (гл. Лк 3, 22).
У сваю чаргу, калі Хрыстус прадказвае спасланне Духа Святога на Апосталаў, то гаворыць: «І Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшыцеля» (Ян 14, 16). «А Суцяшыцель, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму» (Ян 14, 26). «Калі прыйдзе Суцяшыцель, якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, які ад Айца паходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне» (Ян 15, 26). Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы прыпадае на першую нядзелю пасля спаслання Духа Святога. Яна з’яўляецца падзякаю Богу, які жыве ў супольнасці любячых асобаў, за тое, што да гэтай супольнасці запрашаецца чалавек.
Урок любові
Напэўна, мы не адзін раз задавалі сабе пытанне пра тое, чаму нас вучаць паасобныя праўды веры. Невыпадкова, што Касцёл урачыста абвяшчае гэтыя праўды і ў форме догматаў падае іх для веры. У гэтым змешчаная нейкая педагагічная думка. Апрача падачы тэалагічнай часткі, для Касцёла важнае штосьці большае. Такому індывідуалізаванаму грамадству, безумоўна, патрэбны добры ўрок дасканалай супольнасці — недасяжны прыклад для кожнай сям’і і ўсяго Касцёла. У 1998 г. падчас разважання на малітве «Анёл Панскі» ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы пра гэта казаў Ян Павел ІІ: «У Тройцы ўвасоблены першаўзор чалавечай сям’і, у якую ўваходзіць мужчына і жанчына, якія былі пакліканыя быць дарам адно для аднаго ў супольнасці любові, адкрытай на жыццё. У Найсвяцейшай Тройцы мы знаходзім таксама ўзор сям’і Касцёла, у якой усе хрысціяне павінны будаваць сапраўдныя сувязі супольнасці і салідарнасці. Гэта любоў з’яўляецца канкрэтным знакам веры ў Бога Айца, Сына і Духа Святога». Да словаў Папы можна толькі дадаць, што ў Найсвяцейшай Тройцы трэба таксама бачыць узор для падзеленага <…> грамадства.
Ксёндз М. Лучак.
Пераклад з польскай мовы Іны Бігель.
Паводле: «Niedziela», № 24, 2014 г.