Сёння каталіцкі Касцёл ушаноўвае Найсвяцейшае Сэрца Езуса Хрыста. Свята адзначаецца ў пятніцу, на восьмы дзень пасля ўрачыстасці Божага Цела і на дванаццаты пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы. Сэрца Езуса – гэта сімвал любові Бога да людзей, за якую мы прагнем дзякаваць.
Ад самага пачатку Касцёл ушаноўваў ахвярную любоў Хрыста да людзей, для якой існавалі розныя сімвалы. У Старажытнасці гэта быў вобраз Добрага Пастыра. У Сярэднявеччы распаўсюдзіўся культ пяці ранаў Хрыста і каранаванай цёрнам галавы. У той самы час узнік культ Сэрца Езуса, які паступова набіраў моц. Яго праяўленні можна заўважыць, напрыклад, у жыццяапісаннях сярэднявечных святых, а таксама ў практыках дамініканскага, францішканскага і картэзіянскага законаў.
Вялікую ролю ў распаўсюджванні культа Сэрца Езуса адыгралі містычныя бачанні с. Маргарыты Марыі Алакок. Езус аб’явіўся ёй у актаву Божага Цела 1675 г. і наказаў ёй дамагацца ўсталявання свята ў гонар Яго Сэрца.
У 1856 г. папа Пій ІХ устанавіў свята Сэрца Езуса абавязковым для ўсёй Царквы. Папа Леў ХІІІ у 1889 г. падняў яго важнасць да найвышэйшага (solemnitas – “урачыстасць”) і рэкамендаваў прысвячэнне ўсяго свету Сэрцу Езуса.
Сэрца Езуса – гэта міласэрная любоў Хрыста. Літургічныя тэксты свята падкрэсліваюць неабходнасць прыпадабнення сэрцу Езуса і здольнасці пазнаваць Яго ў братах, а прэфацыя паказвае на прабітае Сэрца, як крыніцу асвячальнай ласкі таямніцы Хросту і Эўхарыстыі, без якіх немагчыма збаўленне. У сённяшнім касцёльным календары Сэрцу Езуса прысвячаюцца кожная першая пятніца месяца і ўвесь чэрвень.
Я. Ткачук