Святых апосталаў Пятра і Паўла, а таксама іх уклад у развіццё Касцёла можна параўнаць з роляй лёгкіх у арганізме чалавека. Бог стварыў нас так, што маем два лёгкіх, якія супрацоўнічаюць і з’яўляюцца неабходнымі для нашага здаровага жыцця. Падобна з Пятром і Паўлам. Два вучні Езуса – дзве розныя гісторыі паклікання і жыцця для місіі аднаго Касцёла.
Першы сярод апосталаў
Першым, хто сустрэў Езуса і паверыў, быў св. Пётр. Езус паклікаў яго ад працы рыбака. Затым ён стаў рыбаком людзей. Заслуга Пятра ў тым, што ён першым з апосталаў прызнаў Езуса Месіем.
З Евангелля можам даведацца, што Пётр быў імпульсіўным чалавекам. Меў таксама свае слабасці. У парыве эмоцый ён прысягнуў на вернасць Езусу. І разам з тым, перш чым праспяваў певень, у тую ж ноч тройчы выракся Настаўніка. На шчасце, Пётр не ўсумніўся ў Божай міласэрнасці. Горка плакаў, але таксама прыняў у сэрца праба- чэнне Хрыста, пасля ўваскрасення якога тройчы вызнаў любоў і адданасць Яму. Пётр быў верны да канца жыцця, якое аддаў як мучанік за веру. Езус зрабіў яго першым сярод апосталаў, і ад яго выводзіцца тое, што хры- сціянская традыцыя называе апостальскай пераемнасцю.
Абодва апосталы былі сузаснавальнікамі хрысціянскай гміны ў Рыме, абодва ў гэтым горадзе аддалі сваё жыццё для Хрыста (каля 67 года), а таксама ў Рыме знаходзяцца іх рэліквіі і базілікі-санктуарыі ў іх гонар.
Езус звярнуўся да яго асабіста
Шлях Паўла быў іншым. Ён быў адукаваным фарысеем, лічыў сябе рэлігійным чалавекам. Трымаўся Закона Старога Запавету, вельмі добра ведаў Святое Пісанне. Ён быў настолькі перакананы ў каштоўнасці старога Закона, што ненавідзеў вучняў Езуса. Менавіта Саўл узначаліў забіццё камянямі першага хрысціянскага мучаніка – Стэфана.
Аднак у яго жыцці здарылася тое, чаго ніколі не змог бы запланаваць для сябе. Па дарозе ў Дамаск ён атрымаў прасвятленне ад Бога. Езус звярнуўся да яго асабіста. Саўл страціў зрок. Гэта сімвалічная падзея, таму што раней ён фізічна мог бачыць, але не мог распазнаць Езуса як адзінага Збаўцу. Толькі тады паверыў, ахрысціўся і атрымаў дар Святога Духа. Спачатку Паўлу было нялёгка, бо хрысціянская супольнасць не хацела паверыць, што ён навярнуўся. Толькі праз некалькі гадоў, калі паказаў, што навяртанне не было часовым і павярхоўным, яго прынялі старэйшыны Касцёла. Тады Павел сустрэўся з Пятром у Іерусаліме і быў пасланы ім. Ён прачытаў сваё пакліканне як місіянера язычнікаў, таму шмат падарожнічаў і пісаў лісты супольнасцям, якія засноўваў. Быў зняволены ў Іерусаліме габрэямі, якія не прызнавалі Езуса сваім Збаўцам. Перададзены ўладам Рымскай імперыі, ён загінуў мучаніцкай смерцю шляхам адсячэння галавы.
Урачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла адзначаем 29 чэрвеня.
Узрастаць у веры
Можна заўважыць, што жыцці Пятра і Паўла дапаўняюць адно аднаго, падобна як у чалавека два лёгкія, якія дазваляюць паўнавартасна дыхаць. І менавіта ў іх мы можам сёння шмат чаму навучыцца.
Пётр паказвае нам, што вера – гэта шлях паступовага росту. Езус прыходзіць у наша штодзённае жыццё, у штодзённую працу і кліча стаць Яго вучнямі. Калі я паверу, калі прызнаю, што Езус сапраўды з’яўляецца Сынам Божым і маім Збаўцам, тады мае адносіны ў сям’і, на працы і, найперш, мае адносіны з Богам пераменяцца. Я раблю тое ж самае, але па-іншаму. Я больш не проста рыбак, службовец, менеджэр, працаўнік ці працадаўца, але чалавек Божы. Пётр вучыць нас яшчэ аднаму: калі я ўпаду, заўсёды ёсць магчымасць вярнуцца. Бог мяне не выкрэслівае, калі толькі я сам сябе не выкраслю.
Усвядоміць уваскрослага Езуса
У сваю чаргу Павел вучыць нас, што можна быць правільна рэлігійным чалавекам, які клапоціцца аб чысціні веры, але пры гэтым згубіць любоў Бога і Езуса. Да свайго навяртання Павел жыў як тыповы фарысей – уласнымі намаганнямі хацеў заслужыць збаўленне, безумоўнае і бясплатнае. Яму было цяжка прызнаць, што Бог збаўляе бясплатна. Аднак пасля навяртання ён зразумеў, што плёнам збаўлення з’яўляюцца справы любові і міласэрнасці. Ён таксама паказвае важнасць ролі Святога Духа, які адкрывае нам вочы, каб усвядоміць прысутнасць уваскрослага Езуса ў нашым жыцці.
Гледзячы на прыклад і сведчанне жыцця гэтых двух вучняў Езуса, будзем маліцца аб жывой веры для нас і руплівасці ў дзяленні ёю з іншымі.
Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч