Кожную нядзелю Адвэнту запальваецца чарговая свечка ў адвэнтавым вянку. Кожная з гэтых свечак мае сваю назву і значэнне.
“Свечка прарока” (“Свечка надзеі”) – запальваецца ў І нядзелю Адвэнту і сімвалізуе прарокаў, якія прадказалі прыйсце Месіі.
“Свечка Бэтлеема” (“Свечка міру”) – запальваецца ў ІІ нядзелю Адвэнту ў памяць пра месца, дзе нарадзіўся Збаўца.
“Свечка пастухоў”, або “Свечка радасці”, запальваецца ў ІІІ нядзелю Адвэнту і нагадвае пра пастухоў, якія першымі ўбачылі Езуса і абвясцілі свету “радасную навіну”. Гэтая нядзеля мае назву Gaudete (“Радуйцеся”), таму свечка радаснага, ружовага колеру.
“Свечка анёлаў”, або “Свечка любові”, запальваецца ў IV нядзелю Адвэнту і сімвалізуе анёлаў, якія аб’явіліся пастухам у бэтлеемскай пячоры, паведаміўшы ім пра нараджэнне Дзіцяткі Езуса.
Як бачна, гэта не проста звычайны вянок, які павінен толькі прыгожа выглядаць. Яго сімволіка мае багаты змест і ўказвае на тое, як праходзіць час чакання Божага Нараджэння.
Такі вянок, толькі, канешне, значна меншы, можа быць таксама ў доме кожнага з нас, да чаго сардэчна заахвочваем.
Кс. Юрый Марціновіч