Як мы добра ведаем, што раратнія св. Імшы з’яўляюцца неадлучным элементам радаснага часу чакання, чым ёсць Адвэнт. Яны цэлебруюцца ў кожнай парафіі. Святыя раратнія Імшы, традыцыйна называныя “Раратамі”, звычайна ажыццяўляюцца перад усходам сонца, падкрэсліваючы такім спосабам выключнасць гэтага перыяду.
Назва “рараты” паходзіць ад песні на ўваход, якая пачынаецца са словаў: “Rorate caeli desuper” (“Спусціце нябёсы расу”). А таму гэта ёсць св. Імша з набажэнствам аб Найсвяцейшай Панне Марыі, якая цэлебруецца ў перыяд Адвэнта. Яна з’яўляецца адным са знакаў прысутнасці Маці Бога ў гэты час, таму што Яна чакала Месіі асаблівым чынам. Марыя перажывала Адвэнт чакання як дачка Ізраіля, Маці Езуса і Касцёла.
Раратняя св. Імша ў парафіі Св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні, 2018
Падчас ажыццяўлення св. раратняй Імшы запальваецца дадатковая свечка, якая сімвалізуе Заступніцу адвэнтавага чакання – Марыю. Менавіта гэтыя св. Імшы, цэлебраваныя ў перыяд Адвэнта, павінны нам асабліва нагадваць Марыю, таму што Яна, аналагічна як золак апярэджвае ўсход сонца, так апярэдзіла прыход Святла свету – Езуса Хрыста.
Марыя як Дачка выбранага народу разам з усімі пакаленнямі чакала прыходу Божага Месіі. А ўжо ад хвіліны, калі анёл прынёс Ёй вестку аб тым, што Яна зачне і народзіць Сына, які павінен быць абяцаным Эммануэлем, асаблівым чынам чакала Жыццё, якое расло пад Яе сэрцам.
Апякунка радаснага часу чакання, цяпер разам з Касцёлам Яна чакае паўторнага слаўнага прыходу, любімага Хрыста, а валадарачы ў небе разам з Ім, падтрымлівае Касцёл у яго чаканні апошняга Божага дня.
Наш удзел у Раратах з’яўляецца прыгожай паставай чакання разам з Марыяй надыходу Збавіцеля. Касцёл, цераз удзел у гэтым ранішнім набажэнстве, дае нам чарговую магчымасць трэніраваць сваю волю і ўменне адмаўляць.
Раратняя св. Імша ў парафіі Св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні, 2018
На св. раратнія Імшы запрошаны ўсе вернікі, не толькі дзеці і моладзь, як увайшло ў практыку. Цяпер, з-за ўдзелу дзяцей і моладзі, часта Рараты ажыццяўляюцца ў пасляпаўдзённыя гадзіны ці нават пасля захаду сонца.
Падсумоўваючы вышэйпрыведзеныя разважанні, можна сказаць, што літургія св. раратняй Імшы выражае нашае чаканне і тугу па Хрысту, які павінен прыйсці.
Kс. Юрый Марціновіч