1 снежня ў Каталіцкім Касцёле распачынаецца Адвэнт, які традыцыйна прынята называць часам радаснага чакання. Слова “Адвэнт” (з лац. adventus – прыйсце, прыбыццё) азначае прыйсце нашага Збаўцы, якога мы павінны чакаць, і да гэтай сустрэчы з Ім нам трэба падрыхтавацца.
Адвэнт пачынаецца з І Нешпараў нядзелі пасля суботы XXXIV тыдня Звычайнага перыяду, а заканчваецца перад І Нешпарамі ўрачыстасці Нараджэння Пана вечарам 24 снежня. Ён ахоплівае чатыры нядзелі перад 25 снежня, якія носяць назвы першай, другой, трэцяй і чацвёртай нядзеляў Адвэнту.
Адвэнт з’яўляецца першым перыядам у кожным новым літургічным годзе.
Адвэнт павінен не толькі падрыхтаваць нас да ўрачыстасці Божага Нараджэння, але і мець таксама эсхаталагічнае адценне і схіляць вернікаў сягнуць думкай у будучыню, калі Сын Божы прыйдзе да нас у другі раз. Адвэнт з’яўляецца не столькі часам пакаяння, колькі часам пабожнага і радаснага чакання. Чытанні з кнігі прарока Ісаі надаюць гэтаму перыяду характар аднастайнасці.
Перыяды Адвэнту
Адвэнт складаецца з двух асобных перыядаў:
Першы перыяд Адвэнту (да 16 снежня ўключна) акцэнтуе праўду аб парусіі, ці новым прыйсці Хрыста ў свет, на суд. У выпадку кожнага з нас гэта будзе сустрэча ў гадзіну смерці. Адвэнтавая літургія заклікае нас да чуйнасці, да чування, каб мы не змарнавалі жыцця.
Другі перыяд Адвэнту (з 17 снежня) з’яўляецца часам непасрэднай падрыхтоўкі да ўрачыстасці Божага Нараджэння. Галоўныя адвэнтавыя постаці – гэта Найсвяцейшая Панна Марыя, Апякунка адвэнтавага чування, прарок Ісая, як прадказвае прыйсце Збаўцы, і найвялікшы з прарокаў св. Ян Хрысціцель, які непасрэдна падрыхтаваў народ да сустрэчы з Месіяй, заклікаючы выпростваць Яму сцежкі ў нашым жыцці.
Адвэнт з’яўляецца чаканнем працавітым і радасным, як усё наша жыццё. Мы ўпэўнены, што Ён прыйдзе. Калі не сёння, то заўтра, калі не праз год, то, можа, праз дзесяць гадоў. Трэба, каб мы падрыхтаваліся да гэтай сустрэчы, калі перад намі адчыняцца дзверы вечнасці і мы будзем запрошаны ў дом Айца.
Каб туды ўвайсці, нам патрэбна святочная вопратка.
Яе нельга купіць у адзін момант у краме. Яе трэба зрабіць самому. Гэтая вопратка павінна быць арыгінальнай: нашай уласнай. Яе ткуць малітва, якая з’яўляецца выразам любові да Бога; цярпенне, якое становіцца збаўчым, калі мы злучаем яго з Крыжам Хрыста; добрыя ўчынкі, якія вынікаюць з любові да бліжняга, і Божая ласка.
Над гэтым трэба працаваць. Бог дае нам на падрыхтоўку гэтай вопраткі ўсё жыццё. Цікава тое, што, хоць падрыхтоўка гэтай святочнай вопраткі здаецца нам цяжкай, толькі яна дае нам сапраўдную радасць.
Кс. Юрый Марціновіч