Надыходзячыя святы – гэта дасканалы час, каб даць волю сваёй фантазіі і творчым захапленням. Кожны з нас марыць пра тое, каб напярэдадні Божага Нараджэння дом стаў сапраўды прыгожы, выключны, адрозны ад іншых, каб захапляў арыгінальнасцю. Штогод з’яўляюцца новыя трэнды ў дэкарыраванні, а святы ўсё больш набіраюць колеру. На паліцах крам – мноства святочных аздоб. Мільготкія гірлянды, сняжынкі, рознакаляровыя шарыкі прыцягваюць позірк і не дазваляюць з абыякавасцю прайсці міма.
Экалагічныя ўпрыгожанні
У Гродне ўжо адчуваецца перадсвяточная атмасфера. Крамы ды вуліцы ўсё больш і больш пачынаюць зіхацець калядным убраннем, людзі прыглядаюцца да падарункаў. “У нас таксама пануе калядны дух, – распавядае Дар’я Фядотава-Вановіч, саўладальніца крамы “Лёля”. – Выстаўлены на продаж рэчы, выкананыя ў традыцыйнай і сучаснай тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Кожная з іх адметная сваёй ідэяй і стылем. Ёсць анёлкі, званочкі, гірлянды з каляднымі зоркамі, зробленыя з саломы. Іх можна павесіць на елку. Таксама можам прапанаваць святочныя свечкі. Яны прыемна пахнуць, могуць стаць прадметам дэкору. Яшчэ ў нас ёсць вельмі цікавыя саламяныя елкі. Іх верхавіны ўпрыгожаны каляднай зоркай”. У размове спадарыня Дар’я выказвае меркаванне, што менавіта такая зорка, а не пяціканцовая, бліжэйшая хрысціянам па душы. Гэты цёплы сімвал нагадвае пра продкаў, пра вёскі, з якімі ў многіх звязаны дзіцячыя ўспаміны святкавання Раства і каледавання.
“У наш век цяжка быць «жывым», таму што вакол нас усё больш і больш штучных вырабаў. А што сузіраем, тое і трансліруецца, пранікае ў душу, – адзначае спадарыня Дар’я. – Адзін з лёгкіх спосабаў, каб пачуцца спакойна і свабодна, – акружыць сябе рэчамі, якія вяртаюць да каранёў, да чагосьці простага і сапраўднага. Экалагічныя калядныя ўпрыгожанні, зробленыя з густам, ствараюць у доме святочны і па-сапраўднаму сардэчны клімат”.
У адзінкавым экземпляры
Зараз на паліцах крам можна знайсці прадукцыю на любы густ. Вялікі працэнт святочных аздоб, якія прапаноўваюцца пакупнікам, складаюць масавыя вырабы, якія прыйшлі да нас з Кітая. Безумоўна, яны прыцягваюць увагу сваімі яркімі колерамі, бліскучасцю, але такія ўпрыгожанні пазбаўлены аўтэнтычнасці, унікальнасці і традыцыйнасці. У сваю чаргу рэчы, зробленыя сваімі рукамі, прыносяць утульнасць і прастату, якой нам так часта не хапае. Менавіта таму людзі часцей пачынаюць цікавіцца і набываць вырабы, якія нельга купіць у звычайнай краме.
“Мы спецыялізуемся на таварах, што выкананы мясцовымі майстрамі, – гаворыць Надзея Несцяровіч-Вішнеўская, саўладальніца этнакрамы “Цудоўня”. – Гэта самабытныя рэчы, вельмі часта – у адзінкавым экземпляры. Прапануем нашым кліентам керамічныя званочкі – сімвал Добрай Весткі, саламяныя і звязаныя кручком зоркі, елачкі, анёлкаў, льняныя шары, якімі можна ўпрыгожыць святочнае дрэўца. Таксама маем драўляныя пячаткі, з дапамогай якіх можна аздобіць абрус для вігілійнай вячэры ці стварыць унікальныя паштоўкі. Ёсць свечкі – неад’емны элемент святога вечара. Упэўнена, што ўвагу пакупнікоў, якія хочуць прыўнесці хрысціянскі элемент у дэкараванне свайго жытла, прыцягнуць шкляныя калядныя вітражы. Вельмі ўрачыста будуць таксама глядзецца драўляныя анёлы аўтарства вядомага гродзенскага разьбяра Мікалая Скляра. У бліжэйшы час у продажы павінны з’явіцца калядныя вырабы аўтарства майстрыхі Мар’яны Кузьміцкай. У мінулым годзе яна здзівіла нашых пакупнікоў шопкай, зробленай з жытняй саломы. Сёлета ад яе чакаем новыя каларытныя вырабы з хрысціянскай сімволікай”.
Сваімі рукамі
Вядома, усе мы рыхтуемся да свята Раства найперш духоўна, але і пра творчы падыход не варта забывацца. Калі вырабляем святочныя атрыбуты ўласнаручна, паляпшаецца настрой.
“Наша арт-пляцоўка прапануе гасцям не толькі набыць калядныя ўпрыгожанні, але заахвочвае дзяцей, моладзь і дарослых зрабіць аздобы сваімі рукамі, – распавядае Анжэліка Купрыянік, дырэктар галерэі “У майстра”. – З гэтай мэтай ужо 2-гі год запар мы ладзім адмысловыя майстар-класы. Падчас іх ствараюцца ўнікальныя рэчы, якімі можна аздобіць хатні інтэр’ер. Сёлета мы ўжо зрабілі калядныя званочкі, елачныя цацкі, на якіх змясцілі біблейскія сюжэты на тэму Раства, таксама навучыліся майстраваць з драўляных загатовак цудоўных анёлаў. У бліжэйшы час плануем правесці майстар-клас па пляценні і дэкарацыі каляднага вянка. Створаныя аздобы таксама могуць быць добрымі падарункамі для блізкіх і сяброў. Яны зроблены з душой, таму, паверце, не пакінуць нікога раўнадушнымі”.
Адметна, што падчас творчых сустрэч у галерэі не толькі займаюцца прыгожай аўтарскай працай, але таксама дыскутуюць на рэлігійныя тэмы. На гэтыя спатканні запрашаюцца ўсе ахвотныя.
Напярэдадні зімовых свят на Гродзеншчыне правядуць каля тысячы выстаў-продажаў і кірмашоў. Традыцыйна тут будзе прадстаўлены шырокі асартымент калядных вырабаў. Прыходзьце па натхненне, настрой і, вядома ж, арыгінальныя і густоўныя аздобы!
Кінга Красіцкая, паводле "Слова Жыцця"