Паколькі апошні дзень Адвэнту прыпадае на нядзелю, можа ўзнікнуць пытанне, ці варта захоўваць у гэты дзень пост і ці абавязкова ісці на святую Імшу ўдзень, бо ўвечары можна пайсці ўжо на Пастэрку.
Вядома, што Адвэнт ахоплівае чатыры нядзелі і ў залежнасці ад таго, на які дзень прыпадае ўрачыстасць Нараджэння Пана, можа працягвацца ад трох да чатырох тыдняў. Сёлета гэты перыяд радаснага чакання і духоўнай падрыхтоўкі да сустрэчы са Збаўцам — самы кароткі з магчымых. Таму ўжо ўвечары чацвёртай нядзелі Адвэнту, 24 снежня, мы сядзем за святочны вігілійны стол, пасля чаго на Імшы Пастэрцы разам з анёламі і бэтлеемскімі пастушкамі спевам "Хвала на вышынях Богу" радасна прывітаем нованароджанага Хрыста.
Нібы ўсё, як звычайна, але не зусім. Паколькі апошні дзень Адвэнту прыпадае на нядзелю, можа ўзнікнуць пытанне, ці варта захоўваць у гэты дзень пост і ці абавязкова ісці на святую Імшу ўдзень, бо ўвечары можна пайсці ўжо на Пастэрку. Растлумачым усё па парадку на падставе касцёльных законаў.
Кодэкс кананічнага права наказвае ўсім католікам устрымлівацца ад мясных страваў па пятніцах на працягу ўсяго года (акрамя тых дзён, на якія прыпадае пэўная рэлігійная ўрачыстасць), а таксама ў Папяльцовую сераду і ў Вялікую пятніцу Мукі і смерці Пана Нашага Езуса Хрыста (пар. ККП, 1251). Устрыманне ад мясных страваў у дзень вігіліі Нараджэння Пана — гэта старадаўняя традыцыя, захаванне якой вітаецца, але не з’яўляецца абавязковым ва ўсе дні, акрамя пятніцы. Такім чынам, кожны вырашае для сябе сам: устрымлівацца 24 снежня ад «тлустых» страваў ці не. Спажыванне мяса ў гэты дзень не з’яўляецца грахом, але ж не стане празмернаю руплівасцю, калі на вігілійным стале, за якім мы дзелімся аплаткамі, будуць толькі традыцыйныя посныя стравы.
Удзел у святой Імшы ў нядзелю паводле Кодэксу кананічнага права заўсёды з’яўляецца абавязковым (пар. ККП, 1247). Не выключэнне і чацвёртая нядзеля Адвэнту, якая прыпадае на 24 снежня. Але таксама і Божае Нараджэнне застаецца ў спісе тых урачыстасцяў, калі ўдзел у святой Імшы абавязковы. Акрамя таго, у гэтыя дні неабходна ўстрымацца ад любой працы і заняткаў, якія перашкаджаюць належным чынам праслаўляць Бога (пар. ККП, 1246, 1247). Паколькі чацвёртая нядзеля Адвэнту і ўрачыстасць Нараджэння Пана — гэта дзве розныя літургічныя цэлебрацыі, а ўдзел у абедзвюх з’яўляецца абавязковым, вернікам неабходна быць і на Імшы ўдзень 24 снежня, і на Імшы ва ўрачыстасць Нараджэння Пана. У адпаведнасці з кананічным правам (пар. ККП, 1248), выканаць гэты абавязак можна як беручы ўдзел у Імшы ў вігілію або ў ноч Нараджэння Пана (Пастэрка), так і ў Імшы ў сам дзень урачыстасці 25 снежня.
Паводле "Ave Maria"