Skip to main content

Падрыхтоўка да свят Божага Нараджэння

 

assembly 1049154 1280У некаторых сем’ях існуе звычай пісаць адзін аднаму запіскі, у якіх як бацькі, так і дзеці выражаюць свае пачуцці: нечым дзеляцца, распавядаюць, жартуюць. У кароценькіх лістах таксама занатоўваюцца віншаванні з нагоды надыходзячых свят. Іх хаваюць пад талеркі падчас трапезы або ўвечары пад падушкі. Дарэчы, гэтым звычаем карыстаўся ў свой час і св. Ян Боско.

Трывае Адвэнт – час чакання Нараджэння Хрыстова. Ён дазваляе хрысціянскім сем’ям перажыць некаторыя глыбокія значэнні: чаканне, дабрачыннасць, радасць, блізкасць. Калі сэнс гэтых паняццяў “увасабляецца” ў сям’і падчас адвэнтавай падрыхтоўкі, то і само свята перажываецца асаблівым чынам.

Вельмі важна, каб у сем’ях бацькі рыхтаваліся да светлага свята Нараджэння Хрыста разам з дзецьмі. Дарослыя часта незаўважна для сябе “закопваюцца” ў перадсвяточных клопатах (трэба ўпрыгожыць дом, выбраць падарункі, прыгатаваць стравы), але забываюцца пра найважнейшае – духоўнае вымярэнне надыходзячай урачыстасці. Каб такога не адбылося, варта “раздзяліць” падрыхтоўку да вялікага свята разам з дзецьмі, якім неабходна ў чарговы раз прыгадаць гісторыю нараджэння Езуса Хрыста. Гэта, несумненна, будзе карысным таксама і для дарослага чалавека.

Трэба адзначыць, што дзеці інстынктыўна адчуваюць глыбокі сэнс свят, асабліва Раства. І калі маці і бацька ў асаблівым духу рыхтуюцца да святкавання таямніцы Божага Нараджэння, то і дзеці без цяжкасцей прымаюць, што Езус сапраўды “прыходзіць” у іх сем’і.

Галоўнае, каб сямейная падрыхтоўка была адаптаваная згодна з узростам, навыкамі і магчымасцямі дзіцяці. Як можна падкрэсліць значнасць надыходзячага Раства?

 

Парады для бацькоў на Адвэнт:

49451943

– арганізуйце ў доме супольную малітву;

– змайструйце разам адвэнтавы вянок;

– зрабіце батлейку або іншы выраб на калядную тэму;

– малюйце і размалёўвайце альбомы з сюжэтамі Божага Нараджэння.

– упрыгожце разам святочную елку;

– каб Божае Нараджэнне не саступала, як свята, па важнасці Новаму году, раскажыце дзецям, што падарункі на Раство прыносяць анёлы, а на Новы год – Дзед Мароз;

– прыміце сумесны ўдзел у дабрачынных акцыях і справах, якія арганізуюцца пры касцёлах, розных таварыствах, у школах і дзіцячых садках;

– вывучце разам на памяць верш са Святога Пісання;

– навучыцеся спяваць калядны гімн і калядкі;

– пачытайце дзецям Біблію пра цуд нараджэння Сына Божага, а таксама іншыя гісторыі з Яго жыцця;

– падумайце аб духоўных дарах, якія можаце ахвяраваць для Езуса Хрыста.

 

Памятайце, такія моманты збліжаюць: святочныя рытуалы аб’ядноўваюць сям’ю. Паміж Вамі і дзецьмі ўзмацняецца эмацыянальная сувязь. Гэта спрыяе падтрыманню добрага клімату ва ўзаемаадносінах, што востра неабходна для ўстанаўлення даверу і адкрытасці паміж усімі членамі сям’і.

Сямейны псіхолаг Вольга Парада, паводле "Слова Жыцця"

 

 

Рэдагавана: 13 Снежня 2017