Хутка ў Касцёле распачнецца перыяд чакання, які папярэднічае святам Божага Нараджэння – Адвэнт. У бягучым годзе першую свечку ў вянку з яловых галінак вернікі запаляць 3 снежня. Як дадзены час павінен паўплываць на духоўнае жыццё чалавека? Чаму ігнараваць яго небяспечна? І наколькі ў Адвэнце могуць спалучацца радасць і пакаянне? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае кс. Руслан Мазан.
– Калі ў хрысціянскай традыцыі з’явіўся Адвэнт?
– Першыя сведчанні аб адмысловым часе напярэдадні ўспаміну нараджэння Збаўцы адносяцца да 380 года, калі Сарагоскі сабор рэкамендаваў вернікам штодзённа, не прапускаючы ніводнага дня, прысутнічаць у касцёле ў перыяд паміж 17 снежня і 6 студзеня. У V стагоддзі падобны наказ выдаў біскуп Галісіі. Ён раіў пасціць 3 дні штотыднёва на працягу 3-ох тыдняў з дня ўспаміну св. Марціна (11 лістапада) да свята Божага Нараджэння. У Рыме гэты перыяд пачалі адзначаць толькі пад канец VI стагоддзя. Адвэнт там меў форму радаснага чакання прыходу Пана, без посту і іншых пакаянных практык. Пасля таго, як папа Рыгор Вялікі ўніфікаваў літургічныя рэкамендацыі, што датычаць Адвэнту, гэты перыяд у каталіцкім Касцёле распачынаецца з першых Нешпараў у нядзелю, якая прыпадае за 4 тыдні да свята Божага Нараджэння. Трывае да Вігіліі Божага Наражэння, гэта значыць да 24 снежня. Дзеліцца на 2 перыяды: ад пачатку да 16 снежня – час асаблівага чакання паўторнага прыходу Езуса Хрыста, і ад 17 да 24 снежня – непасрэдная падрыхтоўка да ўрачыстасці Нараджэння Пана.
– Якую ролю адыгрывае Адвэнт у духоўным жыцці вернікаў? Да якой мэты яны павінны імкнуцца падчас перажывання дадзенага перыяду ў літургічным календары?
– Слова “адвэнт” паходзіць ад лацінскага слова “adventus”, што значыць “прыход, прыбыццё караля”. Варта падкрэсліць, што ў гісторыі Адвэнт меў розныя значэнні. У Рымскай Імперыі гэта быў першы афіцыйны візіт імператара пасля атрымання ўлады. У язычніцкіх рэлігіях Адвэнт азначаў вяртанне бажаства ў святыню. З ранняга хрысціянства гэты тэрмін ужываецца ў значэнні падвойнага прыходу Хрыста як Чалавека і Суддзі ў славе ў канцы свету. Вернікі рыхтуюцца не толькі да нараджэння Божага Сына, але і да Яго паўторнага прыходу ў дзень Апошняга Суда. Такім чынам, Адвэнт з’яўляецца часам чакання і надзеі.
– Якія звычаі склаліся ў вернікаў падчас перажывання Адвэнту?
– Да нашых, каталіцкіх, адвэнтавых традыцый належыць ватыўная св. Імша, званая Раратамі, якую звычайна цэлебруюць на досвітку. Яе пачаткі сягаюць у XII стагоддзе. З Раратамі звязаны звычай запальвання спецыяльнай свечкі, рараткі, аздобленай зялёнай галінкай. Яна сімвалізуе Марыю, якая, як зара, прадвяшчае прыход абсалютнага Святла, якім з’яўляецца Хрыстос. Свечкі і лампіёны, што ўжываюцца ў адвэнтавай літургіі, выражаюць чуванне і гатоўнасць да прыходу Пана. Да сімвалаў Адвэнту належаць таксама постаць св. Мікалая і вянок з яловых галінак, які нагадвае аб набліжэнні свят Божага Нараджэння. А 4 размешчаныя на ім свечкі азначаюць 4 тыдні перажываемага перыяду.
– Адна з іх зазвычай ружовага колеру, у адрозненне ад астатніх...
– Так, яна абазначае III Нядзелю Адвэнту, якая называецца “Gaudete”, што па-лацінску азначае “радуйцеся”. У гэты дзень святары на знак радасці апранаюць на літургію ружовы (замест фіялетавага) арнат. У той жа час Папа ў Рыме асвячае фігуркі Дзіцятка Езус, якія дзеці па традыцыі прыносяць на Плошчу св. Пятра.
– У свядомасці вернікаў закладзена, што Адвэнт – час якраз радаснага чакання. Але разам з тым ён павінен мець пакаянны характар. Як гэтыя грані судакранаюцца?
– Адвэнт з’яўляецца часам чакання, але не часам пасіўнасці і застою. Касцёл заахвочвае, аднак ніколі не прымушае веруючага чалавека актыўней працаваць над сабой, а дакладней – над сваімі недахопамі і слабасцямі. Чаканне паўторнага прыходу Пана з’яўляецца часам пакаяння і аскетызму, але адначасова павінна быць часам хрысціянскай радасці. Адвэнт – гэта таксама перыяд падрыхтоўкі святочных сюрпрызаў для самых блізкіх, імкнення рэалізаваць як мага больш учынкаў міласэрнасці. У такой атмасферы мы павінны чакаць прыгожай, цудоўнай падзеі Божага Нараджэння, якая здольна напоўніць душу сапраўднай радасцю.
– Што значыць быць падрыхтаваным да свят Божага Нараджэння?
– Адвэнт – час рэфлексіі над найважнейшымі праблемамі нашага жыцця. Гэта спрыяе таму, што падчас дадзенага перыяду мы шмат разважаем пра ўласнае жыццё і памылкі, якія здзейснілі, неабавязкова свядома. Адвэнт з’яўляецца таксама нагодай, каб засяродзіцца над сэнсам існавання, штодзённых заданняў, якія выконваем, і часам, каб дзяліцца досведам сваёй веры. Гэты перыяд дае нам шанс нібы нанова нарадзіцца. Праз удзел у рэкалекцыях і споведзь з нецярплівасцю чакаем радаснай навіны аб нараджэнні Дзіцятка Езус у сваім сэрцы...
– Чаго пазбаўляецца вернік, ігнаруючы прапанаваную Касцёлам падрыхтоўку да сустрэчы з нованароджаным Збаўцам?
– Многія наракаюць, што сучасны чалавек забываецца пра Бога, не знаходзіць часу для духоўнага жыцця і праз гэта губляе яго, а пазней шукае спосабы, як з гэтым парадзіць... Але на самой справе не трэба выдумваць нічога новага. Дастаткова прыгадаць, што ў Касцёле існуюць перыяды, якія служаць “стартэрам” нашых душ. І адным з іх з’яўляецца Адвэнт. Ён вучыць не паддавацца настроям, нецярплівасці. Елку сапраўды можна аздобіць толькі раніцай у Вігілію. Падарункі можна захоўваць у таямніцы да самага вечару. Калядкі можна спяваць толькі пасля Пастэркі. Адвэнт выхоўвае ў нас цярплівасць, паколькі гэта менавіта яна прыносіць Божы плён. Лесвічка, па якой нібы “спускаецца” Пан Езус і якую ставяць у многіх касцёлах у час Адвэнту, вучыць той жа мудрай, святой цярплівасці, што можа выратаваць жыццё. Сталым плёнам гэтага святога часу з’яўляецца ўменне чакання, таму што маленькія крокі больш упэўнена вядуць да мэты. Вялікія крокі часта з’яўляюцца цяжкімі для выканання і хутка стамляюць, малыя ж – магчымыя для кожнага і не выклікаюць задышкі. Адвэнт дапамагае нам гэтыя крокі скіроўваць на шлях да Збаўцы.
Ангеліна Пакачайла, паводле Слова Жыцця