Skip to main content

Адвэнтавы звычай у парафіі ў Геранёнах: сняданкі для дзяцей і моладзі

gieraniony2Традыцыйна кожную раніцу геранёнскія парафіяне збіраюцца каля эўхарыстычнага алтара, каб разам з Паннай Марыяй чакаць нараджэння Езуса Хрыста, што, як наш Збаўца, хоча нарадзіцца ў сэрцах кожнага чалавека, зазірнуць у дом кожнага хрысціяніна.

Перад вучобай у школе і працай з панядзелка да пятніцы ў 7.15 вялікая колькасць дзяцей, моладзі і старэйшых людзей збіраецца ў мясцовым касцёле св. Мікалая на раратнюю Імшу, каб распачаць новы дзень з жывым Езусам у Эўхарыстыі. Кожную літургію вернікі з запаленымі свечкамі трываюць у малітве, услухоўваючыся ў Божае слова і прыступаючы да святой Камуніі.

У парафіі Св. Мікалая, біскупа, у Геранёнах ужо некалькі гадоў існуе прыгожы звычай, які заахвочвае дзяцей раней уставаць у Адвэнт.

gieraniony4

gieraniony3

Пасля Імшы дзеці і моладзь збіраюцца ў катэхетычным класе, каб разам са святаром паснедаць, сагрэцца цёплай гарбатай і падсілкавацца перад заняткамі ў школе, памаліцца, будуючы супольнасць, адну сям’ю Божых дзяцей, дзе кожны думае пра іншага. Не магу надзівіцца таму, што звычайны кавалак белага хлеба, намазаны джэмам ці паштэтам, так прыцягвае дзяцей у святыню.

gieraniony1

Як кажуць самі дзеці, нават дома ежа для іх не бывае такой смачнай, як на плябаніі ў святара. Яны дадаюць, што заводзяць тут новыя знаёмствы, разам пазнаюць Бога. У гэтым пазнанні ім спадарожнічае Марыя, бо Яна, як ранішняя зорка папярэджвае ўзыход сонца, папярэдзіла прыйсце Святла свету – Езуса Хрыста.

Такія цёплыя і добразычлівыя адносіны паміж малодшымі ўдзельнікамі Раратаў падкрэсліваюць, што Езус Хрыстус народзіцца ў іх сэрцах і прынясе вялікую радасць на зямлю.

Анастасія Мішкура

Рэдагавана: 06 Снежня 2016