Адной з прыгожых традыцый Адвэнту з’яўляецца раратняя святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Звычайна гэтая літургія цэлебруецца на світанні. Першая раратняя Імша ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне адбылася сёлета 28 лістапада.
Ужо пасля 6 гадзін раніцы на вуліцы робіцца людна. З розных бакоў са шматпавярховых дамоў да касцёла кіруюцца вернікі… Сонныя дзеці, з ранцамі на плячах, трымаючы ў руках часта ўласнаручна зробленыя лампы, пераступаюць парог святыні. Сабраныя трываюць у малітоўным чаканні пачатку Імшы.
Гэтую засяроджанасць перарывае спеў песні на распачацце літургіі. У працэсіі з лампамі ідуць да алтара… “Прыйдзі, Пане Езу”, - шматразова паўтараюць разам яшчэ перад знакам крыжа. Такім чынам прысутныя ўсведамляюць, што Адвэнт сапраўды вельмі важны час, бо ў ім чакаюць вельмі важнага Госця, які прыходзіць.
Распачынаецца першая раратняя Імша ў гэтым Адвэнце. У вачах дзяцей радасць, бо яны чакаюць прыйсця Пана.
Асаблівы характар і значэнне для дзяцей і моладзі маюць гэтыя раратнія Імшы ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка). Раратняя Імша ў гэтай парафіі адбываецца кожны дзень акрамя нядзелі і збірае сотні чалавек – не толькі дзяцей і моладзь, але і дарослых, якія жадаюць такім чынам падрыхтавацца да прыйсця Збаўцы.
Сёлетнія Рараты ў гродзенскай парафіі маюць па традыцыі і свой дэвіз: “Праз Марыю да Езуса”. Душпастыры і катэхеты жадаюць у гэты Адвэнт наблізіць дзецям і моладзі аб’яўленні Маці Божай Фацімскай і пасланне, якое Яна скіравала чалавецтву амаль сто гадоў таму.
Таксама таму ў гаміліях святары разважаюць аб тым, што Марыя перадала свету праз партугальскіх пастушкоў.
Айцец Дзмітрый Лабкоў, пробашч парафіі, даў кожнаму дзіцяці хатняе заданне: на чарговыя Рараты, якія адбудуцца наступнай раніцай, прывесці хаця б аднаго сябра, а ў школе – падзяліцца адвэнтавай радасцю, якую спазналі, будучы на Эўхарыстыі.
Імша падыходзіць да завяршэння, пасля атрымання благаслаўлення ўсе разыходзяцца: дзеці ў школы, дарослыя на працу. На вуліцы робіцца шумна, бо ўсе ўжо абудзіліся, умацаваныя Божым словам і кожны з атрыманым заданнем. Яны ідуць, каб засведчыць іншым, што трэба з чыстым сэрцам і вялікай радасцю чакаць прыйсця Пана.
Гісторыя раратніх Імшаў:
Раратнія святыя Імшы з’яўляюцца неадлучным элементам радаснага часу чакання. Яны цэлебруюцца ў кожнай парафіі. Раратнія Імшы, традыцыйна называныя “Раратамі”, звычайна ажыццяўляюцца перад усходам сонца, падкрэсліваючы такім чынам выключнасць гэтага перыяду.
Назва “рараты” паходзіць ад песні на ўваход, якая пачынаецца са словаў: “Rorate caeli desuper” (“Спусціце, нябёсы, расу”). А таму гэта святая Імша з набажэнствам аб Найсвяцейшай Панне Марыі, якая цэлебруецца ў перыяд Адвэнту. Яна з’яўляецца адным са знакаў прысутнасці Маці Бога ў гэты час, таму што Яна чакала Месію асаблівым чынам. Марыя перажывала Адвэнт чакання як дачка Ізраэля, Маці Езуса і Касцёла.
Падчас раратняй Імшы запальваецца дадатковая свечка, якая сімвалізуе Заступніцу адвэнтавага чакання – Марыю. Менавіта гэтыя Імшы, цэлебраваныя ў перыяд Адвэнту, павінны нам асабліва нагадваць Марыю, таму што Яна, як золак апярэджвае ўсход сонца, апярэдзіла прыход Святла свету – Езуса Хрыста.
Марыя як Дачка Выбранага народу разам з усімі пакаленнямі чакала прыходу Божага Месіі. А ўжо ад хвіліны, калі анёл прынёс Ёй вестку аб тым, што Яна зачне і народзіць Сына, які павінен быць абяцаным Эммануэлем, Яна асаблівым чынам чакала Жыццё, якое расло пад Яе сэрцам.
Апякунка радаснага часу чакання, цяпер разам з Касцёлам Яна чакае паўторнага слаўнага прыходу любімага Хрыста, а валадарачы ў небе разам з Ім, падтрымлівае Касцёл у яго чаканні апошняга Божага дня.
Наш удзел у Раратах з’яўляецца прыгожай паставай чакання разам з Марыяй надыходу Збавіцеля. Касцёл праз удзел у гэтым ранішнім набажэнстве дае нам чарговую магчымасць трэніраваць сваю волю і ўменне адмаўляцца.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Аляксандра Сергеюка