Ужо некалькі гадоў у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне (Тэаліне) існуе прыгожая традыцыя асвячэння адвэнтавых вянкоў. У І Нядзелю Адвэнту парафіяне прынеслі ў касцёл уласнаручна зробленыя вянкі, якія святар асвяціў на заканчэнне Імшы.
Затым такі вянок нясуць дадому і змяшчаюць на ганаровым месцы. Яго можна паставіць на стол або павесіць пад столлю.
Адвэнтавы вянок, выкананы ў форме кола з галінак высакародных хвойных дрэваў, такіх, як піхта, ёлка або хвоя, нагадвае пра Адвэнт і патрэбу падрыхтоўкі сваіх сэрцаў да сустрэчы з прыходзячым Панам.
Сярод галінак вянка змяшчаюцца чатыры свечкі, якія сімвалізуюць чатыры нядзелі Адвэнту. Тры свечкі павінны быць фіялетавага колеру, а адна, што сімвалізуе Трэцюю нядзелю Адвэнту, - ружовага, што адпавядае літургічным колерам гэтага перыяду.
Свечкі можна запальваць у час сямейнай малітвы, супольных сустрэч і пасілкаў. Таксама пры іх полымі могуць засынаць дзеці.
Вянок могуць аздабляць стужкі розных колераў, напрыклад, у першую нядзелю – чырвоныя, у другую – жоўтыя, у трэцюю – сярэбраныя, у чацвёртую – залатыя. Кожная са свечак запальваецца ў чарговую нядзелю Адвэнту. Яны нагадваюць пра ўцякаючы час да нараджэння Маленькага Бога і аб хрысціянскім абавязку падрыхтавацца да сустрэчы з Ім.
Запальванне гэтых свечак – таксама пастаноўка сабе пытання: “ці гатовы я?” Першая свечка, што запальваецца ў І Нядзелю Адвэнту, сімвалізуе прабачэнне граху непаслухмянасці Адаму і Еве Богам; другая – веру патрыярхаў Выбранага народу ў дар Зямлі абяцанай; трэцяя – радасць караля Давіда, святкуючага прымірэнне з Богам; чацвёртая, у апошнюю нядзелю Адвэнту, - навучанне прарокаў, прадказваючых прыйсце Месіі і Яго Валадарства міру і справядлівасці.
Адвэнтавы вянок мае дастаткова шырокую сімволіку. Яго форма кола азначае, што Бог вечны, не мае пачатку і канца. Тое, што ён зроблены з галінак хвойных дрэваў, значыць вечназялёных, азначае вечнае жыццё, якое дае Хрыстус усім, хто верыць у Яго.
Запальванне свечак – сімвал святла, як назваў сябе сам Езус: “Я – святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця” (Ян 8, 12).
Вянок з’яўляецца таксама сімвалам сям’і, якая чакае і рыхтуецца да годнай сустрэчы з Езусам у Бэтлееме, як і ў дзень Яго новага прыйсця на зямлю.
Кс. Юрый Марціновіч