Перш чым увойдзем у прыгожы літургічны перыяд, давайце засяродзімся над тым, як яго перажыць найлепш. Якім чынам падрыхтавацца да Божага прыходу: не толькі святочнага, але і таго, які хрысціянін павінен чакаць з вялікім жаданнем у кожны момант – апошняга?
Адкрыць сваё сэрца
Бог чакае кожнага чалавека, як Адама ў раі. Кліча, як Закхея са смакоўніцы. “Хутчэй спускайся, бо сёння Мне трэба быць у тваім доме” (Лк 19, 5). Езус хоча ўвайсці не толькі ў наш дом – ва ўсё жыццё. Адвэнт неабходны для таго, каб адкрыць сэрца на прагу быць побач з Богам, як Закхей. Не зусім зразумела, як гэта зрабіць? Спосаб вельмі просты – заплануем час на добрую споведзь і адпаведна да яе падрыхтуемся.
Прыслухацца да слоў Пана
У час Адвэнту мы павінны навучыцца слухаць Божае слова. “Няведанне Святога Пісання – гэта няведанне Хрыста”, – казаў св. Геранім. Але звяртацца трэба не толькі да Бібліі, але і да таго, што Пан перадае нам у цішы сэрца ці праз людзей, якіх сустракаем. Няхай Божае слова стане адвэнтавым “хлебам”, з якога будзем карыстацца штодня.
Стварыць атмасферу чакання
Адвэнт – час пабожнага і радаснага чакання прыходу Хрыста. У перажыванні гэтага перыяду дапамагае стварэнне адпаведнай атмасферы. Давайце прымем удзел у Раратах, каб у змроку, прасякнутым бляскам свечак, разам з Марыяй чакаць збаўлення, якое свету прынесла нараджэнне Збаўцы.
Запаліць свечку
Каб падчас Адвэнту настрой у нашых дамах быў выдатны, разам з усімі членамі сям’і можна сплесці вянок з 4-ма свечкамі. Іх неабходна штодзённа запальваць падчас пасілку, кожную нядзелю павялічваючы колькасць агеньчыкаў. Свечка абазначае Езуса: “Я – святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця” (Ян 8, 12). Адвэнтавы вянок – сімвал сям’і, якая чакае і рыхтуецца годна сустрэць Хрыста ў Бэтлееме, а таксама ў дзень Яго паўторнага прыходу на зямлю. Круглая форма вянка азначае, што Бог вечны, які не мае пачатку і канца. Выкананне з галінак вечназялёных хвойных дрэў указвае на вечнае жыццё, якое Збаўца дае ўсім, хто ў Яго верыць.
Зрабіць пастанову
Адвэнт – гэта таксама час падрыхтоўкі сэрцаў на прыход Пана. Найлепшым спосабам перамянення з’яўляецца здзяйсненне дабра ў сваім асяроддзі, выкананне ўчынкаў, што вынікаюць з любові, згодна са словамі Хрыста: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25, 40). Маленькім вернікам прапануем цудоўны адвэнтавы звычай – збіранне сена добрых учынкаў. У першую нядзелю Адвэнту няхай кожны атрымае ад сваіх бацькоў пустыя яселькі. З гэтага часу штодня падчас вячэрняй малітвы робіць рахунак сумлення і за ўсякі добры ўчынак кладзе адну саломінку сена ў яслі. Гэта будзе дарам для Божага Дзіцятка на ўспамін Яго нараджэння.
Так, як бацькі, чакаючы нараджэння дзіцяці, павінны падрыхтаваць сябе і дом да з’яўлення новага члена сям’і, так і мы ў Адвэнце павінны аднавіць нашыя сэрцы: ачысціць іх ад грахоў, “упрыгожыць” добрымі ўчынкамі, каб маленькаму Езусу спадабалася. Варта ўсведамляць, што прыходзіць Хтосьці выключны, хто пераверне нашае жыццё да гары нагамі, прынясе неверагодную колькасць любові і дабрыні.
Кс. Юрый Марціновіч