27 лістапада ў Каталіцкім Касцёле распачынаецца Адвэнт, які традыцыйна прынята называць часам радаснага чакання.
Слова “адвэнт” паходзіць ад лацінскага “adventus” і азначае прыйсце. Для старажытных рымлян гэтае слова азначала афіцыйны прыезд імператара. Для хрысціян азначае радасны час падрыхтоўкі да прыйсця Пана, падрыхтоўку да Божага Нараджэння, калі ўспамінаецца першае прыйсце Сына Божага на зямлю, і радаснае чаканне Яго новага прыйсця.
Як доўга працягваецца Адвэнт?
Адвэнт распачынае чарговы літургічны год і ахоплівае 4 тыдні, пачынаючы з першай нядзелі пасля ўрачыстасці Хрыста Валадара да першых нешпараў Божага Нараджэння. Касцёл праз літургію гэтага перыяду абуджае ў нас пачуцці надзеі, суму і радаснага чакання.
Адвэнт дзеліцца на дзве часткі, з якіх кожная мае асобныя рысы.
Першая частка ахоплівае час з першай нядзелі Адвэнту да 16 снежня, калі чытаюцца біблійныя тэксты, што прадказваюць новае прыйсце Збаўцы напрыканцы свету і кажуць пра падрыхтоўку да сустрэчы з Хрыстом Суддзёй.
Другі перыяд Адвэнту, з 17 да 24 снежня – гэта непасрэдная падрыхтоўка да святаў Божага Нараджэння, калі ўспамінаем першае прыйсце Хрыста на зямлю.
Чаканне прыйсця Хрыста з’яўляецца крыніцай радасці. Усялякая падрыхтоўка да прыйсця Пана засноўваецца на чаканні і пакаянні, адсюль фіялетавы колер літургічнага адзення, аднак пакаянне напоўнена радасцю. Адвэнт нагадвае нам, што ўсё наша жыццё з’яўляецца чаканнем.
Каму патрэбны Адвэнт?
Адвэнт – перыяд, які вельмі патрэбны людзям, асабліва ў сферы іх духу. Нам патрэбна падрыхтоўка і зарадка да барацьбы. Спартсмен, які не трэніруецца, не атрымае золата. Наша душа, якая засынае ў пачуцці бяспечнага супакою, можа прыйсці да занядбання. Адвэнт у пэўным сэнсе “падганяе душу” – ставіць заданні. Тое, як я іх выканаю, як да гэтага падыйду – залежыць толькі ад мяне. Нават калі гэта ўжо чарговы Адвэнт у маім жыцці. Дзясяты, пяцідзясяты ці пяты – заўсёды можа быць апошнім.
Час Адвэнту з’яўляецца як быццам пакаваннем чамаданаў і выездам у шлях. Шлях да Бога – гэта заўсёды шлях пад гару. “Калі хочаш спаўняць волю Пана – рыхтуй душу сваю да выпрабаванняў” (Сір 2,1). Слова “Адвэнт” некаторыя злучаюць з “advenio” (лац. прыйсці). Чарговы раз гэта надае нам пэўнага дынамізму. Я іду аднекуль і кудысьці. Іду з сённяшняга дня да заўтрашняга. Сёння спячка. Заўтра – Нараджэнне Пана.
Гэтая вандроўка мае сваіх праваднікоў. У нас ёсць прарок Ісая, Марыя, св. Юзаф. Яны з’яўляюцца таксама вобразамі, якія мы ў гэты час павінны сузіраць.
Як ісці, каб дайсці, каб не згубіцца?
Iсая бачыў надзею ў поўнай цемры гісторы Народа. Сярод граху Ізраэля, сярод вайны і страты надзеі.
Марыя сваёй згодай адчыніла дзверы, праз якія Бог прыйшоў у свет. Яна мела, быць можа, розныя сумненні, але ў адным была ўпэўнена – словы былі сказаны Ёй ад Пана.
Урэшце, святы Юзаф. Мужчына, які мусіў прыняць другапланавую ролю. Ён, ваяр, муж, бацька, прыняў пакорную службу ў справе, якая не была яму растлумачана.
Для чаго ж нам Адвэнт?
Каб мы ўрэшце абудзіліся. Перасталі лічыць выдаткі на падарункі і падрыхтоўку вігілійнай вячэры. Перасталі абяцаць сабе, што ў гэтым годзе не пасварымся з мужам, бацькам, дзіцём, бабуляй… Адвэнт нам патрэбны, каб мы ўмелі сказаць Богу “так”, у такой сітуацыі, якая ёсць. І не баяліся спаткацца з Ім… заўтра.
кс. Юрый Марціновіч