У кожнай краіне ёсць свае асаблівыя, непаўторныя традыцыі, якія не ва ўсім супадаюць з паўсюдна прынятымі. На апошнім тыдні перад Адвэнтам прапануем пазнаёміцца з цікавымі святочнымі звычаямі розных краін свету, і, магчыма, адкрыць для сябе якую-небудзь незвычайную ідэю. Пачнем з Германіі.
Германія — гэта краіна, якая і сфарміравала большую частку звычаяў Адвэнту, якія дайшлі да нас. Па старадаўняй традыцыі, 11 чысла 11 месяца ў 11 гадзін 11 хвілін у Германіі надыходзіць сезон калядных святаў, які мае яшчэ назву “пятага часу года”. У гэты перыяд у многіх сем'ях з'яўляюцца вянкі Адвэнту.
У Германіі — гэта вянок з яловых галінак, у які ўплецены чатыры ці пяць свечак, як правіла, чатыры фіялетавыя і адна белая. У кожную нядзелю Адвэнту запальваецца адна фіялетавая свечка, белая свечка па традыцыі запальваецца ў поўнач куцці, сімвалізуючы з'яўленне Дзіцятка Хрыста. Амаль кожны чалавек перад Адвэнтам наведвае кветкавыя крамы, каб купіць гатовы вянок або розныя дэталі да яго, каб зрабіць гэты вянок самому, а затым упрыгожыць ім свой дом. Вельмі часта немцы набываюць пуансецію, кветку пад назвай “Зорка Хрыста” (Christstern).
Таксама ў нямецкіх сем'ях прынята заводзіць калядны каляндар для кожнага дзіцяці, каб яны маглі адлічваць дні да свята.
Традыцыя прыбіраць дрэвы на Каляды таксама зарадзілася ў Германіі. У немцаў каляднае дрэва - гэта традыцыйна жывая ёлка ці сасна, упрыгожаная свечкамі, прыгожа загорнутымі прысмакамі, цукеркамі, рознымі ўпрыгожваннямі і мішурой. Было прынята, каб дзеці не бачылі калядную ёлку да таго, як загучаць царкоўныя званы ўвечары ў куццю. Да гэтага моманту пакой, у якім прыгатаваная ёлка, трымаюць зачыненым або ўпрыгожваюць елку на куццю.
Падрыхтавала Вольга Сяліцкая