Неўзабаве пачнецца час Адвэнту. Сёння, вяртаючыся з касцёла, я мела невялікую спрэчку з сябрам. Я сцвярджала, што пастановай павінна быць адмова ад тых рэчаў і грахоў, якія нас разбураюць: не курыць, не піць алкаголю, не сварыцца. Мой сябар запярэчыў, што пастанова павінна быць адмовай ад тых рэчаў, якія мы больш за ўсё любім, напрыклад, кіно ці шакалад. Гэта значыць, у іх павінна быць ахвяра. Вельмі хацелася б прачытаць аб магчымых пастановах на Адвэнт (вядома, акрамя малітвы і міласціны).
Несумненна пахвальнай рэччу з'яўляецца перажыць час Адвэнту з нейкай канкрэтнай пастановай. Заўсёды, як пачынаем нешта новае, нам (падсвядома, а таксама - добра, каб і свядома) хочацца перажыць гэты час так добра, наколькі мы здольныя.
У гісторыі Адвэнту можна заўважыць перыяд, калі больш звярталася ўвагі на элемент фізічнага посту ў гэты час, і гэта засталося ва ўсходнім абрадзе. У лацінскім ж абрадзе мы больш звяртаем увагу на факт, што гэта час радаснага трывання ў чаканні нараджэння Божага Сына. Але гэта зусім не выключае нашых намераў (інтэнцый), каб канкрэтным чынам працаваць над сабой. Гэта элемент аскезы, намаганне, якое я ўкладаю ў сваё жыццё. Важна сумясціць гэтыя два элемента: канкрэтная праца, ці нават барацьба з уласнымі слабасцямі, схільнасцямі да граху ці таго, што да яго вядзе, - і ўменне адмовіцца ад таго, што прыносіць задавальненне.
Варта падкрэсліць, якую я маю інтэнцыю, ці маю глыбокае ўсведамленне, што такімі паводзінамі я хачу ахвяраваць сваю працу, барацьбу са схільнасцю да граху, дзеля, напрыклад, навяртання блізкага чалавека, або для дапамогі таму, хто сам сабе з падобнай залежнасцю не дае рады. Тая згаданая шакаладка можа быць толькі прыкладам, бо сэнс адмовы ад яе не ў тым, што я, дарослы чалавек, буду паводзіць сябе як дзіця ў садку, таму што для дзіцяці шакаладка гэта вялікі прысмак, ад якога цяжка адмовіцца; сэнс у тым, каб перажыць час Адвэнту як канкрэтны выклік для сябе і дзеля карысці іншага.
Адвэнт павінен дазволіць мне пераступіць праз мае ўласныя абмежаванні і слабасці, не дзеля таго, каб, пераступаючы іх, пачаць сабой ганарыцца ("які я добры хрысціянін, я ахвярую"), а з аглядкай на тых, хто мае патрэбу ў дапамозе. І не дай Бог, каб я святкаваў Яго Нараджэнне сам, затое з пліткай доўгачаканага шакаладу, і быў поўны радасці, што ў гэтым годзе мне ўдалося цэлы Адвэнт не есьці салодкага! Пры гэтым я б, напэўна, і не думаў пра тое, што ёсць шмат дзяцей, якім бы я прынёс радасць, аддаючы гэтую шакаладку ...
Бо тады цэлы Адвэнт можна пражыць зусім інакш, дапамагаючы дзецям або молячыся за ненароджаных ці маці, якія чакаюць патомства. У рэшце рэшт, Адвэнт - гэта час чакання на новае жыццё, якое павінна нарадзіцца ў ва мне.
Падсумоўваючы: адрачэнні любога плана павінны прыводзіць мяне да чулага сэрца на патрэбы бліжніх, так, каб здзейсніць заклік святога Паўла з Паслання да Галатаў (6, 2): "Насіце цяжары адзін аднаго і гэтым выконвайце закон Хрыстовы". Калі я буду клапаціцца толькі пра ўласную дасканаласць, то магу не заўважыць Езуса, які набліжаецца да мяне ў іншым чалавеку. Парадаксальным чынам, гэта нашмат складаней, чым трымаць у руцэ плітку шакаладу, а ў сэрцы злосць на ўвесь свет і на Бога, які хоча ў мяне гэтую няшчасную шакаладку адабраць.
Як пастановы "негатыўныя", барацьба з нечым непажаданым ў сабе, так і "станоўчыя", адмовы ад прыемнасцей, павінны мець зыхаднай кропкай не мяне самога, а Бога і бліжняга, яшчэ дакладней - Бога ў бліжнім.
а. Марыюш Возняк ОР
Паводле старонкі Credo