Атмасферу сёлетніх святаў Божага Нараджэння мы яшчэ, напэўна, не забылі. Кожны год гэтыя дні перажываюцца нейк па-іншаму, але, як і розныя падзеі, хутка прамінаюць і іх месца займаюць звычайныя, працоўныя будні. Той, хто лічыць, што гэтыя святы трэба забыць да наступнага года, памыляецца. Неабходна, каб Божае Нараджэнне было працягам жыцця ў веры. Не ў такім сэнсе, каб увесь час святкаваць, але памятаць, што я хрысціянін, і што Езус нарадзіўся таму, што мяне палюбіў.
У нашых парафіях пасля святаў Божага Нараджэння існуе звычай, які называецца Калядой, а інакш – душпастырскім візітам святара. Цяжка адказаць на пытанне, калі ў Касцёле з’явіўся звычай наведвання святарамі вернікаў сваёй парафіі. Існуе многа розных тэорый. Так напрыклад польскі паэт і празаік эпохі Рэнесансу Мікалай Рэй, які жыў у XVI ст., ужо ў сваіх творах успамінае пра святароў, якія хадзілі па калядзе. З другога боку, як падае традыцыя старажытнага Рыма, людзі адведвалі адзін аднаго падчас студзеньскіх календаў (callandae), якімі разпачыналі новы год. Але ёсць таксама і версія, што звычай гэты звязаны з благаслаўленнем дамоў ва Урачыстасць Аб’яўлення Пана (Трох Каралей). За адзін дзень немагчыма было благаславіць усе дамы, таму гэтыя адведзіны разцягваліся на пэўны час.
На дадзены момант, галоўнай мэтай душпастырскага візіту, не з’яўляецца толькі благаслаўленне дому, але таксама магчымасць душпастыра, сустрэцца са сваімі парафіянамі, паразмаўляць, пазнаць іх жыццёвую сітуацыю, можа дапамагчы сваёй парадай і заахвоціць да нейкіх змен у асабістым рэлігійным жыцці. Увогуле гэты час дапамагае святару рэалізаваць сваё заданне пастыра, які клапоціцца пра свае авечкі і дапамагае ім. Часам бываюць таксама розныя выпадковыя сітуацыі, калі святар спаткае дзе-небудзь на вуліцы, або ў пад’ездзе чалавека, які можа далёкі ад Бога, веры і Касцёла, але такая сустрэча можа стацца карыснай і дапамагчы зноў прыйсці да Бога.
Сустрэча з вернікамі дапамагае душпастыру, яшчэ больш зразумець і пазнаць жыццёвыя праблемы католікаў розных пакаленняў: старэйшых людзей, многія з якіх яшчэ памятаюць часы, калі нельга было сведчыць аб сваёй веры, але таксама маладога пакалення, сучаснай моладзі, якая вельмі часта перажывае духоўныя крызісы, задумваючыся, ці ўсё гэта патрэбна ў жыцці, а можа хопіць таго, што я веру ў душы. Трэба сказаць, што душпастырскі візіт, у большасці сітуацый праходзіць у атмасферы радасці, калі збіраючыся ўся сям’я яднаецца ў малітве. Вернікі рыхтуюць свае дамы, кватэры да душпастырскага візіту. Адразу бачна, ці такая сям’я практыкуючая, ці наведвае касцёл.
Бываюць таксама і сітуацыі, што гэты візіт святара для некаторых з’яўляецца быццам мукай, цяжка з людзьмі навязаць дыялог, нешта спытаць. Здараецца, што можна пачуць таксама і здзіўленне: “Oй! А мы не ведалі, што вы прыйдзеце”, або часам: “ ну заходзьце, калі прыйшлі”. У такой сітуацыі адразу бачна, што сустракаеш людзей, якія занядбоўваюць святы абавязак святкавання дня святога (ІІІ Божая запаведь). Большасць не падрыхтаваных сем'яў, няглядзячы на гэта, ўсёж запрашаюць увайсці. Аднак, даволі часта людзі не хочуць бачыць святара ў сваім памяшканні. Вядома, што гэта асабістае права кожнага чалавека, прыняць або не прыняць прапаведніка Добрай Весткі аб Хрысце. Аднойчы, папа Францішак, звяртаючыся да святароў сказаў: “сёння святар павінен быць не толькі пастырам, але таксама і рыбаком”, які ходзіць і шукае людзей. І трэба сказаць, што можа гэта не заўсёды лёгка, але ўсё ж такі, гэта адно з найважнейшых заданняў святара.
Каляда з’яўляецца адной з магчымасцей, каб рэалізаваць святару сваё пакліканне. Для верніка гэта магчымасць, атрымаць Божае благаслаўленне, задаць пытанні, папрасіць параду, бліжэй пазнаёміцца са святаром, а таксама чарговы раз ўсвядоміць сабе праўду аб тым, што я з’яўляюся часцінкай Паўсюднага Касцёла і Божым дзіцём.
А на завяршэнне адна вясёлая, жыццёвая гісторыя, якая здарылася падчас Каляды. Адзін святар, замучаны пасля цэлага дня калядавання, ўрэшце ўвайшоў у астатні дом, дзе жыла добра знаёмая сям’я і пачаў малітву такімі словамі: “Памолімся словамі, якімі Пан Езус звяртаўся да свайго Айца Нябеснага: Вітай Марыя, поўная ласкі”…
кс. Ян Раманоўскі