У Каталіцкім Касцёле распачаўся чарговы літургічны год, а разам з ім – перыяд Адвэнту. Што ж такое Адвэнт? Гэта час радаснага чакання прыходу Пана. Неабходна задумацца, што гэта за чаканне і чаму дадзенае чаканне павінна быць радасным.
Дадзенае чаканне сімвалізуе вянок Адвэнту. На зялёным вянку ставяцца чатыры свечкі, якія з'яўляюцца сімвалам чатырох тыдняў Адвэнту. Падчас супольнай адвэнтовай малітвы ў нядзелю ў сям'і запальваюць чарговую свечку на знак чакання прыходу Збаўцы.
Літургія Адвэнту заахвочвае нас задумацца над некаторымі праблемамі, якія звязаны як з гісторыяй выратавання, так і з нашай вечнасцю.
У гэты час Касцёл заахвочвае нас, і ставіць мэтай Адвэнту, каб мы паглядзелі ў трох накірунках. Мы павінны вярнуцца да таго, што гэта было, памятаючы ўспамін аб прыходзе Езуса Хрыста на зямлю. Затым мы павінны скіравацца да будучыні, у часы другога прышэсця Сына Божага ў канцы часоў. І нарэшце - сучаснасць. Менавіта сёння неабходна так падрыхтавацца як да вечнасці, так і да перажывання таямніцы Божага Нараджэння. Таксама з гэтага "сёння" я буду прадстаўляць справаздачу аб сваім жыцці перад Творцам. Пра "сёння" я павінен памятаць кожны дзень, таму што мы не ведаем, калі гэты дзень прыйдзе.
Касцёл ставіць перад намі святых, якія вядуць нас па дарозе Адвэнту. Асабліва ушаноўваем падчас Адвэнту Божую Маці. Прымаючы ўдзел у раратніх святых Імшах, мы хочам усвядоміць сабе гэтыя доўгія тысячагоддзі чакання чалавецтвам на прыход Месіі. Раратная святая Імша паказвае нам Марыю як ранішнюю зорку на світанні, якая прадвяшчае чалавецтву лепшыя часы, што заканчваецца час чакання, што хутка ўзыдзе Сонца справядлівасці, Месія. Назва “рараты” паходзіць ад звычайнай песні для ўваходу, першыя словы якой "Rorate caeli desuper". Гэта малітва прарока Ісаі, які просіць Бога аб хуткім прыходзе Збавіцеля. Вельмі красамоўны сімвал раратнай свечкі і запаленых ліхтароў у руках дзяцей у час Рарат. Няхай святло рассейвае цемру нашых сэрцаў і будзе бяспечным шляхам!
Мы павінны выпраставаць свае дарогі і сцежкі. Часам яны небяспечныя. Столькі на гэтых дарогах ям, калдобін, якія паўстаюць у выніку нашых грахоў, дрэнных звычак. А можа, нашыя сцежкі зараслі кустамі? Мы прывыклі да такога, а не іншага ладу жыцця і паводзін? Нам не даюць спакою раны, якія нанеслі нам у дзяцінстве ці юнацтве? А можа, увогуле мы страцілі сэнс жыцця, таму мы ідзем навобмацак, сутыкаючыся з рознымі перашкодамі? У гэтым выпадку заклік св. Яна Хрысціцеля з'яўляецца найбольш актуальным: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабіце сцежкі для Яго, кожны дол хай напоўніцца, і кожная гара і пагорак хай выраўноўваецца, дарогі крывыя стануць прамымі, і няроўныя дарогі гладкімі. Гэтае пасланне св. Яна Хрысціцеля з'яўляецца праграмай жыцця не толькі для Адвэнту, але і для ўсяго жыцця. Дык як жа нам падрыхтавацца? У гэтым дапамагаюць пабожныя адвэнтавыя практыкі. Ужо на пачатку Адвэнту мы робім сабе пастанаўленні, якія тычацца нашых памылак і слабасцяў. Утаймаванне плоці загартоўвае нашу волю. Супакойванне спрыяе лепшаму агляду нашага жыцця. Супольная малітва ў сям'і ўмацоўвае сямейныя сувязі. Добрыя ўчынкі адносна старэйшых людзей, самотных, хворых, тых, хто пакутуе, ці на блізкіх у сям'і адкрывае нашыя вочы на іх патрэбы.
Адвэнт - гэта час чакання. Дык няхай у нас будзе свядомасць, што гэта час нашага асабістага адвэнту, асабістага чакання на спатканне з Панам. Давайце вучыцца супакойвацца, зазіраць у сябе і прымаць мудрыя, згодныя з Божай воляй, рашэнні.
Адвэнт гэта чаканне, а не святкаванне. Наступае штогод большая камерцыяналізацыя свята Божага Нараджэння. Ужо ад пачатку Адвэнту яркія рэкламы супермаркетаў і гандлёвых дамоў заклікаюць нас купляць, і хвалююцца толькі аб адным аспекце падрыхтоўкі да святаў. З прылаўкаў з касетамі і дыскамі чуваць калядкі, якія ствараюць святочную атмасферу. Мы прывыкаем да гэтага ўсё больш. У той жа час паўстае сур'ёзная праблема. Таму што часта з камерцыяналізацыяй звязана дэсакралізацыя. Дух Адвэнту - дух надзеі і радаснага чакання, але не свята загадзя. Гэта нялёгка падтрымаць дадзены дух перад ціскам гандлю, які ператварыў тыдні да Каляд у віхуры крам і забаў.
Мы чакаем прыходу Пана. Хутка будзем святкаваць Яго Нараджэнне. Не належыць нам прыйсці да яго на свята з пустымі рукамі, у неадпаведным уборы. Няхай час Адвэнту, добра перажыты, дапаможа добра падрыхтавацца да Яго Нараджэння, каб мы, поўныя энтузіязму ў сэрцах і з вялікай радасцю ў сям'і маглі падзяліцца белым аплаткам, спяваючы калядкі і віншуючы адзін аднаго.
кс. Павел Беланос