Зноў у Каталіцкім Касцёле пачынаецца чарговы літургічны год. Ён адкрываецца перыядам Адвэнту, які сёлета пачынаецца 1 снежня.
Адвэнт – іншымі словамі час чакання паўторнага прыйсця Хрыста. Для нас гэта таксама час чакання святаў Божага Нараджэння. Час, які, акрамя холаду, нестабільнага надвор’я і кароткага дня, асацыюецца ў нас пераважна з тым, што гэтаму канстрастуе: з утульным домам, гарачай гарбатай і цёплымі думкамі пра блізкіх.
Падрыхтоўка да святаў Божага Нараджэння вельмі працаёмкая. Мы будуем планы, як правесці час у сямейным коле. Задумваемся над тым, як сёлета прыгатаваць вігілійную вячэру, чым “здзівіць” сваіх хатніх альбо як сярод мноства спраў і абавязкаў знайсці час прыбраць у доме… А яшчэ ж трэба купіць падарункі для блізкіх і пры гэтым нікога не абмінуць, укласці ў падарунак хаця б маленькую памяць.
Час бяжыць, а спіс важных спраў, якія і ўчора былі тэрміновымі, з кожным днём расце замест таго, каб памяншацца… Мы ўсё спяшаемся і не пазбягаем стомленасці. Перадсвяточная змучанасць пагражае нам яшчэ да вігіліі Божага Нараджэння, і ў рэшце рэшт мы марым толькі аб тым, каб гэтыя святы скончыліся. Нам патрэбны адпачынак з-за святаў. Нейкі парадокс!
Аднак жа Адвэнт, час напаміну пра прыйсце Хрыста і падрыхтоўкі да яго, мае зусім адваротны сэнс. Замест таго, каб прыспешваць нас, Адвэнт павінен нас на хвіліну спыніць. Чаму менавіта спыніць, запаволіць наш бег? Таму, што для разважання, малітвы, роздуму і сузірання патрабуецца сэрца, гатовае пачуць голас Бога.
Адвэнт – час не пасіўнага чакання таго, што павінна здарыцца, а перамянення нашых сэрцаў і жыцця. Хрыстус хоча, каб мы былі гатовыя да супрацоўніцтва з Богам, праводзілі жыццё з мудрасцю, чуласцю і ўважлівасцю. Хоча перамянення нашых сэрцаў, значыць нашага розуму, волі і характару. Ён пасылае нас у пілігрымку жыцця, якая будзе не толькі незвычайнай прыгодай, але і нашым цудоўным перамяненнем – перамяненнем, якое наблізіць нас да Бога, прыпадобніць да Хрыста, падрыхтуе да сустрэчы з Найвышэйшым.
Таму задумаемся над сваім жыццём і ў малітве спытаем Бога: што Ты хочаш ува мне перамяніць, змяніць, куды мяне пасылаеш? Куды вядуць Твае сляды, па якіх я павінен ісці? Задумаемся над часам сёлетняга Адвэнту, часам блізкіх святаў: якія змены ў гэты асаблівы час хоча здзейсніць у нас Хрыстус?
Магчыма, гэтыя змены прывядуць да таго, што грошы, прызначаныя на падарункі, мы сёлета дадзім камусьці, хто ў іх сапраўды мае патрэбу. Ці замест таго, каб прысвячаць гадзіны генеральнай уборкі ў доме, правядзём час з якімсьці самотным чалавекам. Ці замест гатавання трынаццатай стравы на вігілійны стол памірымся з тым, з кім пасварыліся. Або замест таго, каб клапаціцца пра святочныя паштоўкі, сядзем і напішам некалькі шчырых слоў на простым аркушы паперы для якогасьці важнага для нас чалавека, які яшчэ не пачуў, як шмат значыць у нашым жыцці.
Гэты спіс можна пашыраць да бясконцасці. Але найважнейшае тое, што мы пачуем ва ўласным сэрцы, калі спытаем Бога: Пане, што Ты хочаш змяніць ува мне ці ў маім жыцці ў гэты час Адвэнту?
Кс. Юрый Марціновіч