На парозе Адвэнту варта засяродзіцца на тым, што можна зрабіць, каб не размінуцца з Богам, не затрымацца на падарунках пад елкай, паведамленнях, якія рассылаюцца са штампаваным тэкстам віншаванняў. Гэты час менавіта для таго, каб нашай сустрэчы з Богам надаць сэнс, учыніць яе такой, якой заслугоўвае быць, – выключнай.
Зразумець двайное вымярэнне адвэнтавай сустрэчы
Адвэнт нагадвае першае прыйсце Хрыста Месіі і рыхтуе нас да перажывання Божага Нараджэння. Сэрцы людзей павінны стацца Бэтлеемам, каб Езус знайшоў у ім месца для сябе, каб не быў адштурхнуты, адкінуты, выгнаны, як з не аднаго бэтлеемскага заезнага дома.
Адвэнт – гэта ўжо не перыяд пакаяння, як калісьці. Гэта радаснае чаканне, бо “Пан блізка!” (Флп 4, 4). Касцёл напаўняе яго традыцыяй штодзённых раратніх Імшаў у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама адвэнтавага вянка з чатырма свечкамі, якія запальваюцца па чарзе кожную нядзелю.
Бог – Пан часу. Яго атрыбутам з’яўляецца вечнасць.
Адвэнт рыхтуе нас таксама да паўторнага, канчатковага, эсхаталагічнага прыйсця Хрыста “ў канцы часоў” (г. зв. Парусіі), значыць, да сустрэчы з Богам тварам да твару. Гэты дзень вядомы толькі Спрадвечнаму. Але такім днём будзе таксама момант смерці і Божы суд пасля яе, таму Адвэнт нагадвае нам пра чуванне і гатоўнасць да сустрэчы з Панам (Мц 24, 42).
Напоўніць чаканне любоўю
Адвэнт напаўняе сум, а сум з’яўляецца выразам любові. Закаханыя людзі глядзяць адно аднаму ў вочы і не заўважаюць часу. Нічога не важна: ні гадзіны, ні бяссонныя ночы, – калі кагосьці кахаеш.
Час Адвэнту не будзе страчаным, павярхоўным тады, калі мы напоўнім яго любоўю. А ў любоў упісана таксама адрачэнне, адмаўленне ад чагосьці дзеля кагосьці. Найцяжэй даваць любоў, якая з’яўляецца абавязкам. Самая балючая любоў – якую атрымліваюць з літасці. Самая бедная любоў – якую трэба купіць. Езус не падлічвае, дае нам усё. Усю сваю любоў!
Бог не спяшаецца. Бог чакае... Чакае сустрэчы з чалавекам.
Падумаем, ад чаго б мы маглі адмовіцца ў сёлетні Адвэнт дзеля любові да Езуса? Можа, менш тэлебачання? Менш інтэрнэта? Менш камп’ютарных гульняў? Чаго занадта шмат у нашым жыцці?
Mой адвэнтавы шлях да Бога
Прыгожы чалавек блізкі Богу. Пастараемся, каб кожны адвэнтавы дзень крок за крокам набліжаў нас да Бога. Гэта не так проста, але магчыма.
Бог даў чалавеку Слова. Слова, якое сталася Целам. Можна Яго пачуць у Бібліі, можна да Яго дакрануцца на малітве, можна Яго сустрэць у іншым чалавеку… Але для гэтага патрэбна цішыня.
Сучасны чалавек – нявольнік гадзінніка, тэлефона. Ён нецярплівы, прагны да новых уражанняў. Таму паспрабуем у гэты час часцей адкрываць Святое Пісанне. Няхай нашы малітвы не будуць павярхоўнымі і шматслоўнымі. Паспрабуем памаўчаць, услухацца ў голас Бога, у Яго слова на жыццё, наша жыццё. І будзем чакаць у маўчанні, калі прыйдзе.
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч