Aдвэнт з пункту гледжання літургіі Каталіцкага Касцёла можна падзяліць на два этапы: з пачатку Адвэнту да 16 снежня (час асаблівага чакання паўторнага прыйсця Езуса Хрыста ў канцы часоў) і з 17 да 24 снежня (час непасрэднай падрыхтоўкі да ўрачыстасці Нараджэння Пана).
Нямецкі тэолаг Ханс Урс фон Бальтазар параўноўвае Адвэнт да брамы, праз якую можна ўвайсці ў святыню Божага Нараджэння. Гэтую браму ахоўваюць два “вартаўнікі”. Першы з іх – бескампрамісны, патрабавальны, суровы аскет – Ян Хрысціцель. Другі – пакорны, унутрана засяроджаны, ціхі і сузіральны – Панна Марыя. Паміж Янам Хрысціцелем, апошнім прарокам, які прадказвае прыйсце Хрыста, і Марыяй існуе вялікае адрозненне. Аднак абое незаменныя, каб Бог “мог паставіць паміж намі свой шацёр”.
Касцёл кажа, што Адвэнт – час радаснага чакання прыйсця Хрыста, а адначасова заахвочванне да вырачэння і нават да пакаяння. Як гэта паміж сабой узгадніць?
У Евангеллі на пачатак Адвэнту мы чуем: “Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя абжорствам, п’янствам і жыццёвымі клопатамі. (…) Таму чувайце і маліцеся ўвесь час”. Каб наша чуванне было паспяховым, павінна чуваць не толькі душа, але і цела. Адсюль заахвочванне да посту, не абавязкова толькі ад ежы, а хутчэй ад усяго таго, што нас знявольвае, што робіць нас абцяжаранымі – фізічна, разумова і духоўна.
Чуванне і малітва – гэта суцішэнне і абвастрэнне пачуццяў, гэта ўслухоўванне ў сябе, у іншага чалавека, у Бога. Гэта таксама гатоўнасць да неспадзяванага, да здзіўлення, да таго, што павінна прыйсці.
Кожны пачастунак больш смачны і кожнае свята больш радаснае, калі яны чаканыя, калі, рыхтуючыся да іх, мы ў чымсьці сабе адмаўляем. Таму давайце будзем пасціцца, чуваць і святкаваць, як належыць, інакш усё будзе дарэмна.
Кс. Юрый Марціновіч