Словамі Святога Айца Бэнэдыкта XVI мы распачынаем наш ліст, скіраваны да вернікаў Касцёла на Беларусі з нагоды Нацыянальнага дня “Caritas”. Святы Айцец у сваім пасланні звяртае асаблівую ўвагу на дыялог, які адбываецца паміж Панам Езусам і самаранкай і пра які мы прачыталі ў святым Евангеллі паводле Яна. «Дай мне піць», просіць Езус самаранку. Што ў гэтым дзіўнага, што сасмаглы чалавек просіць кубак вады? Калі мы пілігрымуем да нашых санктуарыяў летам, калі дакучае нам спёка, натуральным здаецца тое, што людзі падаюць нам ваду або іншы халодны напой. Аднак, каб зразумець гэтую сцэну з Евангелля, неабходна, каб мы даведаліся пра адносіны, якія былі ў той час паміж юдэямі і самаранамі. Гэтыя адносіны не былі сяброўскімі, але такімі, у якіх просьба аб кубку вады была ў нейкай ступені дзіўнай. Нельга было ўявіць сабе, каб юдэй прасіў самараніна аб нейкай дапамозе. «Бо юдэі не маюць зносін з самаранамі» (Ян 4, 9). Чаму?
У 722 годзе да н. э. непрыяцелі здабылі Самарыю, забіраючы частку юдэяў у няволю. Тады пачалі з’яўляцца змешаныя сужэнствы. Гэта выклікала абурэнне юдэяў, якія жылі ў Юдэі, бо юдэям было забаронена яднацца з іншымі народамі. Існуюць таксама іншыя прычыны нянавісці паміж гэтымі двума народамі. У 6 i 9 годзе пасля нараджэння Хрыста самаране раскідалі косці на тэрыторыі святыні, якую юдэі лічылі святой, і такім чынам зняважылі іх. Самаране зрабілі змены ў Торы (Пяцікніжжа), паводле якіх месца культу з Ерузалема перамяшчалася на гару Геразім. Усе гэтыя падзеі выклікалі нянавісць юдэяў да самаранаў. Адсюль таксама вялікае здзіўленне самаранкі: «Як Ты, юдэй, просіш піць у мяне, жанчыны самаранкі?» (Ян 4, 9). Аднак, як бачым, гэтыя словы сталі падставай для далейшага дыялогу паміж самаранкай і Езусам. Немагчымае стала цяпер магчымым. Больш за тое, гэты дыялог стаў штуршком не толькі для пераадолення непрыязі ў адносінах паміж гэтымі народамі, але перадусім пачаткам глыбокай веры самаранкі ў Езуса як таго, хто можа даць вады жывой, «якая цячэ ў жыццё вечнае» (Ян 4, 14). Мы ведаем, што самаране таксама чакалі Месію, Хрыста, які павінен быў усё ім аб’явіць. Як толькі жанчына пачула, кім ёсць той, хто стаіць перад ёю, што гэта менавіта Езус, адразу пабегла ў вёску, каб расказаць усім, каго яна сустрэла. Яна стала праўдзівым вызнаўцам, які такім чынам аддае пашану Богу ў Духу і праўдзе. Менавіта словы Хрыста сталі для яе крыніцай вады, спажыванне якой нараджае прагненне Бога. Яна стала сапраўдным апосталам і вестуном Збаўцы свету: «Мы верым ўжо не дзеля твайго апавядання, бо самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету!» (Ян 4, 42).
Сёння, калі мы чуем дыялог Хрыста з самаранкай, дыялог, які стаў пачаткам вялікай веры самаранкі, дыялог, які адкрыў яе на тое, каб падаць кубак вады сасмагламу чалавеку, мы зноў перажываем нядзелю “Caritas” – касцёльнага інстытута, які займаецца дабрачыннасцю. Напамін евангельскага пераадолення падзелаў і перашкодаў гучыць сёння з яшчэ большай сілай у кантэксце дваццаць пятай гадавіны выбуху ў Чарнобылі на Украіне. Тады, 26 красавіка 1986 года, пасля поўначы выбухнуў чацвёрты рэактар атамнай электрастанцыі, выклікаючы жахлівы ядзерны ўзрыў.
Сёстры і браты, гэтая трагедыя, што закранула значную частку Еўропы, а асабліва нашу краіну, выклікала таксама крыху іншы выбух, менавіта выбух чалавечай дабрыні тых, хто не быў абыякавы да людскога болю і пакуты. Урады многіх краін прапанавалі сваю дапамогу для памяншэння наступставаў выбуху. Сотні ўрадавых і няўрадавых арганізацый арганізавала дапамогу тым, хто ні ад каго яе не спадзяваўся. Сярод гэтых арганізацый быў таксама «Caritas», які арганізаваў і надалей арганізоўвае неадкладную і непасрэдную дапамогу для тых, хто тэрмінова быў выселены са сваіх памяшканняў і дамоў. «Caritas» тады дапамагаў ім матэрыяльна, вопраткай, харчам, фінансаваннем лячэння, а таксама адпачынку. Да сённяшняга дня дзякуючы касцёльнай арганізацыі «Caritas» дзеці з сем’яў, закранутых і пацярпелых у выніку выбуху і наступстваў трагедыі, таксама і нашы дзеці, выязджаюць на адпачынак у цэнтры «Caritas» на Беларусі і ў іншых краінах. Дапамога арганізацыі не была б магчымай, калі б не адкрытыя сэрцы некаторых асоб і сем’яў. Гэта дзякуючы Вашай дабрыні «Caritas» можа дапамагаць тым, хто найбольш патрабуе дапамогі, тым, хто, як Пан Езус у Евангеллі, просіць: «Дай мне піць».
Ва ўсім гэтым нам дапамагае прагненне Бога, якое абуджае ў нашым сэрцы веру. «Наша акунанне ў смерць і ўваскрэсенне Хрыста праз сакрамэнт хросту кожны дзень пабуджае нас вызваляць свае сэрцы ад цяжару матэрыяльных рэчаў, ад эгаістычнай сувязі з “зямным”, што спусташае нас і перашкаджае нам быць свабоднымі і адкрытымі на Бога і бліжняга», кажа нам у пасланні на Вялікі пост папа Бэнэдыкт XVI. Адначасова наша акунанне ў смерць і ўваскрэсенне Хрыста вызваляе ў нас вялікую хрысціянскую энергію дабрыні, якая дазваляе не толькі памятаць пра іншага чалавека, але таксама апрануць яго, накарміць, напаіць або наведаць. Жэст дзялення з іншымі, больш патрабуючымі, вызваляе нас ад цяжару матэрыяльных рэчаў. Бачанне патрэб іншых дазваляе чалавеку быць свабодным і адкрытым на Бога і бліжняга.
«Дай мне піць», сказаў Езус самаранцы ў Евангеллі. Тады, у 1986 годзе, было прынамсі 350 тысяч людзей, якія былі вымушаныя пакінуць свае дамы і выехаць з Чарнобыля. Яны словамі ці жэстамі звярталіся да ўсяго свету як Пан Езус: «Дай мне піць». Шмат тысяч, а нават мільёнаў людзей ва ўсім свеце адказала на гэтую просьбу, бо бачылі ў гэтых пакрыўджаных Езуса. Аднак сёння, праз дваццаць пяць гадоў, мы ўжо замала памятаем пра тыя падзеі. Сёння, праз дваццаць пяць гадоў, мы замала думаем пра ўдзячнасць тым, хто дапамагаў пацярпелым ад выбуху. Хто ведае, можа, таксама многія з нас атрымалі дапамогу ад людзей добрай волі. Нам, a перш за ўсё новаму пакаленню, нельга забываць пра тыя падзеі, што адбыліся дваццаць пяць гадоў таму; нельга забываць пра тых людзей, якія тады адкрылі свае сэрцы, несучы маральную і матэрыяльную дапамогу пацярпелым. Сёння многія з іх, будучы ў састарэлым узросце, самі патрабуюць дапамогі. I гэта наш абавязак - не забываць пра іх, памятаць, што калісьці яны дапамагалі нам, а сёння час на нашу ўдзячнасць.
Мы не можам самі дайсці да тых, каму найбольш патрэбна наша дапамога. Таму існуюць арганізацыі, якія дапамагаюць нам адпаведна накіраваць нашы сэрцы і матэрыяльную дабрыню. Сёння, у III нядзелю Вялікага посту, мы адзначаем Нацыянальны дзень «Caritas». Таму будзем памятаць пра ўсіх, хто праз гэтую дабрачынную арганізацыю Каталіцкага Касцёла дапамагаў усім у нястачы. Будзьма не толькі ўдзячнымі за дапамогу, якую мы атрымалі, але таксама шчодрымі ў сваіх ахвярах. Ёсць шмат тых, хто сёння чакае нашай дапамогі. Ёсць шмат тых, хто пасля 1986 года арганізоўваў дапамогу ахвярам Чарнобыля, а сёння патрабуе нашай добрай рукі. Трэба падаць яе. «Дай мне піць», сказаў Езус самаранцы. Няхай гэтая просьба сасмаглага Езуса будзе стымулам таксама для нас, каб мы адкрылі нашы сэрцы на патрэбы бедных. Гэта менавіта яна, гэтая адкрытасць, дапамагае нам быць «свабоднымі і адкрытымі на Бога і бліжняга».
Усіх, каму неабыякавы лёс патрабуючага чалавека, благаслаўляем
Каталіцкія Біскупы Беларусі