Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды распачацця перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры! Дарагія дыяцэзіяне!
У бягучым 2017 годзе Каталіцкі Касцёл ва ўсім свеце адзначае вялікі юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. У Партугаліі, у ваколіцах мястэчка Фаціма, у перыяд з 13 мая да 13 кастрычніка 1917 года Маці Божая аб’яўлялася штомесяц траім пастушкам: дзесяцігадовай Люцыі, дзевяцігадоваму Францішку і сямігадовай Жасінце. Праз размовы з дзецьмі, а таксама праз знакі і звышнатуральныя з’явы Марыя перадала ім пасланне, якое датычала лёсаў Касцёла, свету і ўсяго чалавецтва.
Да найважнейшага зместу фацімскіх аб’яўленняў належыць залічыць заклік чалавецтва да навяртання і пакаяння, просьбу аб штодзённым прамаўленні Ружанца, аб малітве заступніцтва за грэшнікаў і аб спецыяльным набажэнстве да Беззаганнага Сэрца Панн Марыі, што засноўваецца на прыманні святой Камуніі за ўласныя грахі і грахі свету ў пяць першых субот месяца.
Маці Божая прадказала таксама хуткае заканчэнне Першай сусветнай вайны, выбух і няшчасці Другой сусветнай вайны, наступленне голаду на вялікіх абшарах свету, цярпенні многіх народаў, пашырэнне атэізму і памылковых навук у свеце, распачацце ў вялікай меры пераследу Касцёла і зневажанне асобы Папы. Акрамя таго, Марыя прасіла ў Фаціме аб прысвячэнні Расіі свайму Беззаганнаму Сэрцу і прадказала, што, калі Папа здзейсніць гэты акт, Расія навернецца, а свет будзе цешыцца мірам.
Варта прыгадаць у гэтым месцы, што 8 снежня 1942 года, у 25-ю гадавіну фацімскіх аб’яўленняў, Папа Пій ХІІ прысвяціў прыватным чынам увесь Паўсюдны Касцёл і ўвесь чалавечы род Беззаганнаму Сэрцу Марыі, а таксама звярнуўся да мясцовых Касцёлаў ва ўсім свеце з просьбай аб здзяйсненні таго ж акту.
Распаўюджанню фацімскага паслання паспрыяў таксама Ян Павел ІІ пасля замаху на яго жыццё, што адбылося ў гадавіну фацімскіх аб’яўленняў, 13 мая 1981 года. Святы Айцец успрыняў сваё цудоўнае аздараўленне як пацвярджэнне сапраўднасці і актуальнасці фацімскага паслання, таму ў першую гадавіну замаху накіраваўся ў Фаціму, каб падзякаваць Марыі за ацаленне жыцця. Там, у Фаціме, Святы Айцец сказаў: “Гэтыя даты сустрэліся такім чынам, што я мусіў адчуць, што дзіўным чынам сюды пакліканы. І вось сёння я сюды прыбываю. Прыбываю для таго, каб у гэтым месцы падзякаваць Божаму Провіду [...] Адна рука адмерала зброю, а другая змяніла кірунак кулі”.
Ян Павел ІІ падкрэсліў тады таксама “евангельскі сэнс” фацімскага паслання: „Калі Касцёл прыняў пасланне з Фацімы, так сталася найперш таму, што гэтае пасланне ўтрымлівае праўду і заклік усяго Евангелля. «Кайцеся і верце ў Евангелле» (Mк 1, 15); гэта першыя словы, якія Месія скіраваў да чалавецтва. Пасланне з Фацімы з’яўляецца па сваёй сутнасці заклікам да навяртання і пакаяння, як Евангелле. Гэты заклік раздаўся на пачатку ХХ стагоддзя і таму быў скіраваны асабліва да гэтага стагоддзя. [...] Заклік, які ўтрымліваецца ў пасланні Марыі з Фацімы, так глыбока ўкаранёны ў Евангеллі і ва ўсёй Традыцыі, што Касцёл чуе, што гэтае пасланне накладвае на яго абавязак выслухаць яго”.
Найважнейшай падзеяй сёлетніх святкаванняў юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў будзе апостальская пілігрымка Святога Айца Францішка ў санктуарый у Фаціме 12 і 13 мая бягучага года. Таксама мясцовыя Касцёлы ва ўсім свеце будуць праводзіць розныя ініцыятывы, мэта якіх – нагадванне і паглыбленне знаёмства з фацімскім пасланнем.
У нашым Касцёле на Гродзеншчыне мы ўшануем юбілей перэгрынацыяй фігуры Маці Божай Фацімскай. Перэгрынацыя пачнецца 13 мая ў 12.00 урачыстай святой Імшой, якая адбудзецца ў санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шчучыне і на якую кожнага з вас сардэчна запрашаю. Падчас Імшы будзе асвечана фігура Маці Божай Фацімскай, якая затым наведае кожную парафію нашай дыяцэзіі. Заканчэнне перэгрынацыі адбудзецца 22 кастрычніка бягучага года, у літургічны ўспамін св. Яна Паўла ІІ, у катэдральнай базыліцы ў Гродне.
Дарагія браты і сёстры! Мэтай перэгрынацыі фігуры Маці Божай з’яўляецца набліжэнне ўсім нам зместу фацімскага паслання, узбуджэнне ў нас духу пакаяння і навяртання, ажыўленне марыйнай пабожнасці і распаўсюджанне набажэнства да Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі. Таму прашу ўжо сёння кожнага з вас як мага лепш перажыць гэтую важную рэлігійную падзею ў нашым мясцовым Касцёле. Заахвочваю вас, дарагія браты і сёстры, да ўдзелу ў спецыяльнай духоўнай і малітоўнай падрыхтоўцы, якая будзе папярэджваць візіт фігуры Маці Божай Фацімскай у кожнай парафіі.
Прашу таксама, каб наведванне фігуры стала нагодай да гарачай малітвы асабістай і супольнай, да прыступання да сакрамэнту паяднання і прыняцця святой Камуніі, да ўдзелу ў арганізаваных набажэнствах і іншых формах марыйнага культу.
Было б добра, калі б перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай прынесла плён распачацця як мага большай колькасцю вернікаў нашай дыяцэзіі практык штодзённага прамаўлення Ружанца, адзначэння першых субот месяца, посту і пакаяння, аб якіх Марыя так моцна прасіла сваіх шанавальнікаў.
Няхай перэгрынацыя і набажэнствы, звязаныя з ёю, будуць выразам нашай удзячнасці Божаму Провіду і Найсвяцейшай Маці за наш Касцёл на Гродзеншчыне, за дар адраджэння веры на нашых землях, за ўсялякія ласкі, якімі Добры Бог так шчодра кожнага з нас адорвае. Няхай яны будуць таксама перапрашэннем за тое, што нашы сэрцы і сэрцы нашых бліжніх не заўсёды адкрыты на збаўчае дзеянне Божай ласкі.
На багатае духоўнымі плёнамі перажыванне юбілейных святкаванняў і перэгрынацыю фігуры Маці Божай Фацімскай усіх вас, дарагія дыяцэзіяне, з сэрца благаслаўляю.
Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Гродна, 3 мая 2017 г.
P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэты ліст вернікам 7 мая 2017 г., у IV Велікодную нядзелю.