Чалавек, які нарадзіўся, павінен памерці. Але наша смерць у кантэксце смерці Хрыста з’яўляецца новым нараджэннем, пераходам да жыцця ў вечнасці. Менавіта ахвяра Хрыста раз і назаўсёды асвяціла нас, нашае нараджэнне і нашую смерць. І праз гэтае асвячэнне кожнае жыццё належыць толькі і выключна Хрысту. Такім чынам мы цалкам належым Хрысту. Нашае нараджэнне, жыццё і смерць належаць Хрысту. Таксама “Дар новага дзіцяці, якое Пан давярае бацьку і маці, мае свой пачатак у прыняцці, працягваецца праз апеку падчас зямнога жыцця, а яго канчатковай мэтай з’яўляецца радасць вечнага жыцця” – навучае Святы Айцец Францішак у Паслясінадальнай Адгартацыі “Amoris Laetitia” (AL, 166).
Гэта дасканала разумела Марыя, калі, збянтэжаная, пачула ад Божага Пасланніка, што стане Маці Хрыста. Разумела, што жыццё гэта святасць, бо Дух Святы сышоў на Яе і моц Найвышэйшага ахінула Яе. Не ведала, якім чынам гэта станецца, аднак разумела, што для Бога няма нічога немагчымага. Ахінутая Моцай з вышыні, стала памяшканнем для Божага Сына.
Дзень святасці жыцця ўжо больш за дзесятак гадоў адзначаецца ў многіх краінах свету. Мясцовыя Касцёлы, бачучы пагрозы, якія з вялікай сілай уваходзяць у жыццё чалавека, падтрымалі заклік Святога Айца Яна Паўла ІІ, які ў энцыкліцы Evangelium Vitae, абвешчанай 25 сакавіка 1995 г., запрапанаваў, каб “штогод у кожнай краіне адзначаўся Дзень Жыцця (…) Трэба, каб гэты дзень быў падрыхтаваны і адзначаўся з дзейсным удзелам усіх членаў мясцовага Касцёла. Яго асноўнай мэтай з’яўляецца абуджэнне ў сумленнях, у сем’ях, у Касцёле і свецкай грамадскасці ўражлівасці на сэнс і каштоўнасць чалавечага жыцця ў кожным моманце і ў кожнай кандыцыі. Неабходна асабліва падкрэсліваць, якім вялікім злом з’яўляецца перарыванне жыцця і эўтаназія, аднак, нельга амінаць іншых момантаў і аспектаў жыцця, якія трэба шторазова старанна разважаць у кантэксце зменлівай гістарычнай сітуацыі” (EV, №85).
Дзень святасці жыцця ва ўрачыстасць Звеставання Пана адзначаецца таксама і ў нашай краіне. Дзякуючы гэтаму, маем чарговую магчымасць нагадаць сабе, што чалавечае жыццё ад яго пачатку да натуральнай смерці асвечана Богам і Яму належыць. Гэта таксама асаблівае свята ўсіх маці, таксама тых, якія, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, нягледзячы на супрацівы лёсу, адказалі падобна таму, як гэта зрабіла Марыя пры Звеставанні: “Няхай мне станецца паводле Твайго слова”. Таму “Кожную цяжарную жанчыну з любоўю прашу: дбай пра сваю радасць, няхай ніхто не адбірае ў цябе ўнутранай радасці мацярынства. Гэтае дзіця заслугоўвае тваёй радасці. Не дазволь, каб страх, няпэўнасць, каментарыі іншых асобаў альбо клопаты пагасілі шчасце быцця Божай прыладай, каб унесці ў свет новае жыццё”, – навучае папа Францішак (AL, 177).
Ведаем, што прыняцце Божай волі не заўсёды лёгкае. Асабліва ў сітуацыі, калі назіраем перапоўненыя дзіцячыя дамы, а ў іх дзеці, бацькі якіх вырашылі адмовіцца ад іх. Нялёгка сказаць Богу “так”, ведаючы, што дзіця народзіцца калекай. Як жа цяжка згадзіцца з Божай воляй, не маючы элементарных умоваў да жыцця і не бачучы перспектывы годнай будучыні для свайго дзіцяці. Усе гэтыя цяжкасці і сумненні вядуць да пытання: ці варта нараджаць дзіця, ці, можа, лепшым выйсцем будзе аборт? “Некаторыя – быццам у форме апраўдання – асмельваюцца казаць, што памылкай было іх нараджэнне на гэты свет. Гэта ганьба!” – паўтарае папа Францішак (AL, 166).
У той жа час Бог аб’яўляе жыццё як святасць. Незалежна ад таго, ці будзе яно пакалечаным, можа, нялёгкім, балючым, заўсёды будзе святым і Яму будзе належаць. “Таму, неістотна, ці гэтае новае жыццё будзе табе адпавядаць ці не, ці мае ў сабе рысы, якія табе падабаюцца ці не, ці адпавядае тваім планам і марам. Таму што “дзеці гэта дар. Кожнае дзіця выключнае і непаўторнае. Дзіця любяць таму, што гэта дзіця: не таму, што яно прыгожае, альбо таму, што яно такое і такое, не, таму, што гэта дзіця!” (AL, 170). Таму трэба супраціўляцца сёння цывілізацыі смерці, пагардзе годнасці чалавечага жыцця, як таксама і несправядлівым законам, якія абмяжоўваюць свабоду сужэнцаў у рашэннях адносна пераказу жыцця. Трэба станоўча паўтарыць за прарокам Ісаем: “Не буду выпрабоўваць Пана”. Сёння знакам для нас, жывучых, з’яўляецца “Панна, якая зачала і нарадзіла Сына, і назвала Яго імем Эммануэль, бо з намі Бог” (пар. Іс 7,14). У гэтым кантэксце, навучае Папа Францішак у Паслясаборнай Адгартацыі “Amoris Laetitia”, “не магу маўчаць, што, калі сям’я з’яўляецца санктуарыем жыцця, месцам, дзе жыццё нараджаецца і атуляецца апекай, то вялікім непаразуменнем з’яўляецца пераўтварэнне яе ў месца, дзе жыццё адкідаецца і знішчаецца. Каштоўнасць чалавечага жыцця такая вялікая, такім непарушным з’яўляецца права на жыццё нявіннага дзіцяці, што развіваецца ва ўлонні сваёй маці, што ніякім чынам нельга прадстаўляць магчымасць прымаць рашэнні ў адносінах да гэтага жыцця, як быццам бы гаворка ішла пра права да ўласнага цела” (AL, 83).
Супрацівам пагардзе годнасці чалавечага жыцця з’яўляюцца між іншым усялякага роду ініцыятывы, рэалізаваныя ў нашым Касцёле, маючы на мэце абарону чалавечага жыцця. Тут неабходна ўзгадаць розныя формы адукацыі, парафіяльныя сямейныя кансультацыі, дзе сістэматычна перадаюцца веды, якія датычаць метадаў натуральнага распазнавання плоднасці. У такія кансультацыі прыходзяць сужонкі, саюз якіх перажывае рознага роду крызісы. Менавіта ў такіх месцах тыя, хто не бачыць сэнсу свайго існавання, знаходзяць будучыню, якую разпраменьвае святло веры. Немагчыма прайсці міма малітоўных груп, душпастырскіх, мэтай якіх з’яўляецца падтрымка сям’і. Менавіта дзякуючы іхняй малітве і старанням, шмат жанчын, якія вырашылі зрабіць аборт, знайшлі каштоўнасць і годнасць жыцця, якое носяць пад сваім сэрцам і, у наступстве, нарадзілі дзіця.
Ёсць яшчэ адна ініцыятыва, распаўсюджаная ў нашай краіне, імя яе “Духоўнае ўсынаўленне”. Дзякуючы сістэматычнай малітве, шмат маці, маючых сумненні адносна сэнсоўнасці нараджэння зачатага дзіцяці, вырашыла нарадзіць яго. Гэтая акцыя з’яўляецца вельмі дзейсным спосабам дапамогі жыццю зачатых дзяцей, нараджэнне якіх знаходзіцца ў сур’ёзнай небяспецы. Штогод ва ўрачыстасць Звеставання Пана распачынаем публічнае абавязацельства да гэтай формы барацьбы за годнасць і святасць чалавечага жыцця. Кожны раз яно трывае дзевяць месяцаў. Чым жа на самой справе з’яўляецца “Духоўнае ўсынаўленне”? Гэта абяцанне, дадзенае Богу, зместам якога ёсць малітоўнае абавязацельства, прынятае канкрэтнай асобай, у інтэнцыі ратавання жыцця ва ўлонні маці, якому пагражае небяспека, імя якога вядомае толькі Богу. Істотай “Духоўнага ўсынаўлення” з’яўляецца спецыяльная штодзённая малітва ў інтэнцыі дзіцяці і яго бацькоў, а таксама адна з таямніцаў святога ружанца, а таксама дабравольна прынятыя рэлігійныя практыкі, такія як: Св. Камунія, пост, актыўная падтрымка спраў дабрачыннасці.
Адзначаючы сёння Дзень святасці жыцця, заахвочваем да гэтай малітвы спачатку святароў і кансэкраваных асоб. Ваша пастава і прыклад паказваюць вернікам, як паступаць. Просім, каб як мага большая колькасць веруючых і людзей добрай волі далучылася да гэтай формы малітвы за жыццё, якому пагражае небяспека пад сэрцам маці. Такое пакліканне Касцёла, а значыць, усіх нас, якія да яго належым. Будзем жа жыць згодна з гэтым пакліканнем, памятаючы, што кожны чалавек, таксама і ва ўлонні маці, належыць толькі Богу. Няхай гэты дзень будзе таксама нагодай, каб, узгадваючы таямніцу ўцелаўлення Сына Божага, падзякаваць Пану Богу за дар уласнага жыцця, перапрашаць за ўсе ўчынкі, скіраваныя супраць жыцця, а таксама прасіць аб шанаванні жыцця ад моманту зачацця да натуральнай смерці. На трывалую малітву і практыкі, прынятыя ў абароне пашаны чалавечага жыцця, ад усяго сэрца ўсіх вас благаслаўляем.
Каталіцкія Біскупы Беларусі
Па спасылцы польская версія ліста.