Skip to main content
sapka

Віншаванні біскупа Аляксандра Кашкевіча на Божае Нараджэнне і на Новы год Панскі 2017

Падобна як пастухі з ваколіц Бэтлеема, якія ў тую ноч вартавалі свой статак, сёння мы чуем тыя самыя словы Добрай Навіны: „Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан” (Лк 2, 10-11). Асвечаныя святлом веры, мы прыбываем да стаенкі і схіляем галаву перад Нованароджаным Збаўцам, у абліччы якога ззяе найцудоўнейшая з таямніц: таямніца Божай любові.

Даверымся гэтай любові і адкрыем нашы сэрцы Хрысту. Няхай Той, які нарадзіўся для нас, народзіцца таксама ў нас. Дазволім Яму перамяніць наша жыццё, напоўніць яго радасцю, надзеяй, супакоем. Няхай у нашых сем’ях, у месцах вучобы і працы, у супольнасцях, да якіх мы належым, і ва ўсім грамадстве будзе як мага больш узаемнай павагі, дабрыні, міласэрнасці і прабачэння. Тады мы адчуем сапраўдную радасць, якую нясе нам Нованароджаны Сын Божы.

У поўныя радасці і хвалы святы Божага Нараджэння атачаю вас усіх, дарагія браты і сёстры, сваёй малітвай і складаю самыя сардэчныя віншаванні. Няхай Езус Хрыстус кожнаму шчодра благаславіць, умацоўваючы ў веры, надзеі і любові, няхай адорыць добрым здароўем і ўдзеліць шчодрасць усялякіх ласкаў. Няхай Новы год Панскі 2017 будзе паспяховым і шчаслівым, а кожны яго дзень праходзіць пад знакам Божага благаслаўлення.

Вясёлых святаў!

Аляксандр Кашкевіч

Біскуп Гродзенскі

Віншаванні на польскай мове па спасылцы.

Рэдагавана: 05 Лютага 2017