Сёння я заклікаю ўсіх Вас, каб праз фізічны клопат аб целы ўзрасталі Вашыя любоў і павага адзін да аднаго. Даверцеся Пану Богу, які хоча, каб здзейсніліся Вашыя добрыя намаганні! Памятайце, што гульня і паводзіны па правілах Божай Любові ніколі не раздзяляюць, але заўсёды яднаюць!
Ваша прысутнаць на турніры - як асобнага футбаліста, так і кожнай каманды – няхай аб’яднае Вас яшчэ больш. Аб’яднае, перш за ўсё, у хрысціянскіх імкненнях да дабразычлівасці і ўзаемнай радасці за кожны атрыманы поспех і дасягненні. Годны ўспаміну сёння прыклад жыцця Яна Паўла II, які вельмі любіў спорт як духоўны адпачынак і спосаб паглыблення добрых адносінаў з іншымі. Умейце і Вы менавіта так перажываць гэты час хрысціянскага футбольнага турніру, а атрымаеце Божую дапамогу!
Няхай гэты турнір спрыяе кожнаму ў яго духоўным і фізічным развіцці. Усім сэрцам жадаю Вам поспехаў. Памятайце, што самая важная для нас перамога – гэта духоўная перамога над тым, што адцягвае нас ад Бога. Будзьце ўдзельнікамі толькі Божых перамог.
Памятаю пра ўсіх Вас, паважаныя арганізатары і ўдзельнікі турніру, у сваёй малітве і з усяго сэрца б л а г а с л а ў л я ю.
Аляксандр Кашкевіч, Біскуп Гродзенскі