Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча на новы навучальны і катэхетычны год 2015 - 2016
Дзеці і моладзь заклікаецца да сур'ёзнага і адказнага прыняцця намаганняў для атрыманнея ведаў, а таксама заахвочваецца іх да свядомага і добраахвотнага падпарадкавання выхаваўчаму ўздеянню для дабра свайго і ўсяго грамадства.
Мы, як паслядоўнікі Езуса Хрыста, ніколі не павінны забываць аб тым, што выхаванне маладога пакалення, каб было сапраўды ўніверсальным, павінна быць таксама выхаваннем да жыцця ў веры. Паступовае пазнанне Божага Слова, усе больш свядомае карыстанне са святых сакрамэнтаў, развіццё малітоўнага жыцця і іншыя формы пабожнасці – усе гэта дапамагае маладому чалавеку сталець духоўна, навучае яго адчуваць і распазнаваць ў глыбіні свайго сэрца голас Хрыста, а ў кожным дзеянні заўсёды прытрымлівацца правілаў Евангелля і кіравацца наказамі добра сфарміраванага сумлення.
Святы Касцёл з самага пачатку сваёй гісторыі прыкладвае ўсе намаганні, каб перадаваць людзям Добрую Навіну, каб дапамагчы ім зразумець, што Езус Хрыстус ёсць Сын Божы, каб праз веру ў імя Ягонае мелі вечнае жыцце (пар Ян 20,31). Гэта дзейнасць Касцёла з'яўляецца выкананнем загаду Уваскрослага Хрыста, які перш чым вярнуцца да Айца, звярнуўся да Апосталаў з такімі словамі: „Дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць ўсе, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку" (Мф 28,18-20). Гэты загад навучання і ўтварэння сабе вучняў з усіх народаў рэалізуецца ў Касцёле па-рознаму, у тым ліку і праз катэхізацыю дзяцей і моладзі. Таму „само сабой зразумела, што катэхізацыя была заўсёды для Касцёла святым абавязкам і пастаянным, неад'емным правам. З аднаго боку, ёсць гэта несумненна, абавязак, які нарадзіўся з загаду Пана і быў ускладзены ў прыватнасці, на тых, якія ў Новым Запавеце прынялі заклік да пастырскага служэння, а з другога боку, тут таксама можна казаць пра права на катэхізацыю. З тыялагічнага пункту гледжання кожны ахрышчаны, на падставе самога хросту, мае бясспрэчнае права атрымаць ад Касцёла, навучанне і выхаванне, якія прынясуць яму доступ да праўдзіва хрысціянскага жыцця " (Ян Павел II, Апостальская адгартацыя, Catechesi tradendae, 14).
На пачатку новага навучальнага і катэхітычнага года хачу нагадаць вам, дарагія бацькі, аб ускладзенным на вас абавязку клапаціцца аб рэлігійным выхаванні Вашых дзяцей. Калі вы папрасілі Святы Касцёл аб сакрамэнце хросту для сваіх дзяцей, публічна склалі абяцанне, што "вы прымаеце на сябе абавязак выхавання іх у веры, каб, захоўваючы Божыя Запаведзі, любілі Бога і бліжняга, як навучыў нас Езус Хрыстус" (Абрад Хросту дзяцей, 39). Такім чынам, як бацькі - хрысціяне, вы з’яўляецеся першымі і незаменнымі выхавацелямі ў веры для вашых дзяцей, а "сямейная катэхізацыя” апярэджвае любую іншую форму катэхізацыі, суправаджае яе і пашырае яе" (Ян Павел II, Catechesi tradendae, 68). Таму звяртаюся да вас з просьбай аб тым, каб вашае сямейнае жыццё было сапраўдным сведчаннем веры і любові да Хрыста і Яго Касцёла. Хай практыка штодзённай супольнай малітвы, удзелу ў нядзельнай святой Імшы, частага карыстання са святых сакрамэнтаў, а таксама створаная вамі ў сям'і атмасфера ўзаемнай любові, павагі, даверу і чуласці на іншага чалавека, будзе першай і самай важнай катэхезай для вашых дзяцей, якая ёсць больш яркай і лепшай, чым якія-небудзь стымулы і настаўленні.
Нагадваю вам таксама, дарагія бацькі, што так званая “сямейная катэхэза”, хоць і ёсць вельмі важная і істотная, не звальняе вас ад абавязку клапаціцца аб тым, каб вашыя дзеці наведвалі ўрокі рэлігіі, арганізаваныя пры парафіях. Згодна з самой сутнасцю катэхетычнага навучання, якое павінна быць у меру поўнае і датычыцца ўсіх элементаў хрысціянскага жыцця, катэхізацыя павінна быць арганізавана паводле пэўных правілаў і праводзіцца на сістэматычнай аснове. Парафіяльная катэхізацыя адказвае гэтым патрабаванням, таму што ажыццяўляецца па зацверджаных Касцёлам праграмах, з улікам узросту удзельнікаў катэхезы, праводзяць яе асобы, якія маюць адпаведную падрыхтоўку і ўпаўнаважаныя для выканання гэтай задачы касцельнай ўладай. Так арганізаваная катэхізацыя не замяняе перадачы веры ў сям'і, але яго дапаўняе і паглыбляе, ведучы маладога чалавека не толькі да пазнання ісцін веры, але таксама і да асабістай сустрэчы з Езусам Хрыстом.
Вартым жалю з'яўляецца тое, што некаторыя бацькі не кіруюць сваіх дзяцей на навучанне рэлігіі або ставяцца да катэхізацыі толькі як да падрыхтоўкі дзіцяці да першай споведзі і святой Камуніі. Таму хачу нагадаць вам, дарагія бацькі, што парафіяльная катэхізацыя абавязвае ўсіх дзяцей і моладзь, незалежна ад класа, у якім навучаюцца вашыя дзеці, ажно да заканчэння імі поўнага навучання ў школе. Нагадваю таксама Вам, што невыкананне абавязку гарантаваць дзецям удзел ў сістэматычнай катэхізацыі з'яўляецца сур'езнай маральнай правінай. Гэтай нядбайнасці не апраўдвае ні выдуманы намі недахоп часу, ні якія камунікацыйныя цяжкасці, ні наведванне дзіцяці факультатыўных заняткаў, ні рэпетытарства, ні спартыўныя трэніроўкі і іншыя падобныя заняткі. Таму прашу вас, дарагія бацькі, каб вы памяталі аб прынятым на сябе абавязку рэлігійнага выхавання дзяцей. Будзьце верныя словам Езуса: "Дазвольце дзяцям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае" (Мк 10,14). Звяртаюся таксама да вас, дарагія дзеці, падлеткі і улюбёная моладзь з заклікам, каб вы цанілі матчын клопат Касцёла аб перадачы вам навучання Хрыста і забеспячэнне вам паўнаты жыцця ў веры. Наведвайце з задавальненнем і сістэматычна ўрокі рэлігіі, будзьце руплівыя, уважлівыя, працавітыя, адкрытыя на словы Добрай Навіны, якія перадаюць Вам катэхэты. Памятаеце, што зерне Божай праўды, пасеянае ў Вашых сэрцах сёння падчас катэхізацыі, будзе прыносіць плён на працягу ўсяго Вашага будучага жыцця, стаўшы на кожны дзень крыніцай сапраўднага шчасця.
Дзякуй вам, паважаныя святары, дыяканы, манаскія сёстры, катэхэткі і катэхэты, якія з вялікай самаахвярнасцю і адданасцю ўдзельнічаеце ў катэхетычнай дзейнасці Касцёла, за тое, што з любоўю і клопатам, перадаеце збаўчае пасланне Езуса Хрыста. Прашу сас памятаць пра тое, што катэхізацыя належыць да адной з самых важных задач Касцёла і з’яўляецца істотнай у Яго евангелізацыйнай місіі. Імкніцеся дайсці з радасным пасланнем Добрай Навіны да як мага большай колькасці дзяцей і моладзі, арганізуючы ў парафіях сістэматычную катэхізацыю, а там, дзе ўзнікае такая неабходнасць, арганізуйце таксама пад'язныя пункты катэхізацыі. Пастаянна праяўляйце клопат пра ўдасканаленне ўласных навыкаў выкладання, каб абвешчанае вамі слова глыбока западала ў сэрцы і розумы катэхізаваных.
Усім вам, дарагія бацькі, катэхэты, настаўнікі і выхавацелі, а таксама улюбёным дзецям і моладзі жадаю, каб новы навучальны і катэхетычны год быў насычаны Божым бласлаўленнем і прынес выдатныя плёны дабра. Таксама у сувязі з маючым адбыцца ў гэтым годзе пасяджэннем Сіноду Біскупаў у Рыме, якое будзе прысвечана праблемам сям'і ў сучасным свеце, прашу вас усіх, дарагія дыяцэзіяне, аб шчырай малітве ў інтэнцыях Святога Айца і Біскупаў – удзельнікаў Сінода. Хай гэта знамянальная падзея ў жыцці Касцела дапаможа ўсім аднавіць свядомасць годнасці, святасці і прыгажосці інстытута сям'і ў замеры Бога. Прашу таксама аб малітве за нашы сем'і, каб пабудаваныя на падмурку веры і любові, умацаваны ласкай сакраманту сужанства, былі сапраўднымі "хатнімі Касцёламі" і больш плённа маглі выконваць ў Касцёле і свеце сваю важную місію. Давяраю ўсіх вас надзейнаму заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы Сям’і і з усяго сэрца бласлаўляю.
Аляксандр Кашкевіч
Гродзенскі Біскуп
Гродна, 16.09.2015, № 587/15 Пастырскі ліст неабходна прачытаць замест казання падчас св. Імшаў у нядзелю 20.09.2015 ва ўсіх касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі