Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі на нядзелю перад урачыстасцю Звеставання Пана 2015
Падзея Звеставання Пана, якое заўсёды схіляе нас да разважання над інстытутам сям’і, у гэтым годзе будзе перажывацца ў выключны час. Па-першае, завяршылася першая частка Сінода Біскупаў, якая служыла распазнанню актуальнага стану рэчаў, збору сведчанняў і прапановаў, а таксама дапамагла айцам Сінода ў пошуках вырашэння крызісу сужэнства і сям'і. Іншая падзея, дзякуючы якой сёлетняе Звеставанне становіцца яшчэ больш выключным, — гэта абвешчаны ў Касцёле ў Беларусі Год навяртання, апякункай якога з’яўляецца Марыя — прытулак грэшнікаў. Гэта чарговы год падрыхтоўкі да сотай гадавіны фацімскіх аб’яўленняў, а таксама яшчэ адна магчымаасць пераасэнсаваць, колькі сямей і яе членаў патрабуюць сёння навяртання!
Каталіцкія Біскупы Беларусі заклікаюць агарнуць асаблівай малітвай бацькоў, якія рашаюцца на грэх аборту. Як бацька, так і маці маюць патрэбу ў нашай гарачай малітве, каб змяніць сваё жыццё, змяніць спосаб мыслення і свой падыход да жыцця.
Каталіцкія іерархі таксама засяродзілі ўвагу на практыцы "Духоўнае ўсынаўленне", якое з’яўляецца малітвай у інтэнцыі дзяцей, чыё жыццё знаходзіцца пад пагрозай, і іх бацькоў. Кожны раз гэтая малітва трывае дзевяць месяцаў і найбольш урачыста распачынаецца на Звеставанне Пана. У першую чаргу Каталіцкія Біскупы Беларусі заклікаюць да гэтай малітвы святароў і законных асобаў, заахвочваючы іх сваёй паставай служыць прыкладам для вернікаў.