Да духавенства, кансэкраваных асобаў, вернікаў Касцёла і людзей добрай волі.
Касцёл ва ўсім свеце трывае ў радасці перажывання святаў Нараджэння Пана нашага Езуса Хрыста. Яшчэ раз мы дзелімся з вамі гэтай радасцю, заахвочваючы, каб гэты перыяд не быў звязаны толькі са спажывецкасцю, але каб больш за ўсё меў духоўны характар. Таямніца, на якую паказвае нам сёння Касцёл у свята Святой Сям’і Езуса, Марыі і Юзафа, - гэта чарговая нагода, каб усвядоміць, што прыйсце Хрыста на свет было адзіным і непаўторным у сваёй велічы і значэнні для ўсяго чалавецтва. Сын Божы стаў Чалавекам, каб мы ўсе маглі стаць дзецьмі Божымі. Такім чынам, гэтая падзея паказвае на праўду, што кожнае новае жыццё – гэта святасць, бо калі мы з’яўляемся дзецьмі Божымі, то нашым Айцом з’яўляецца Бог, які Святы.
Праўду пра святасць чалавечага жыцця нагадвае нам Божае слова, запісанае ў натхнёных кнігах. Пра гэтую праўду кажа Касцёл у сваім навучанні, кіруючыся словамі св. Паўла, каб нашае слова і ўчынкі здзяйсняліся ў імя Пана Езуса. Таксама Каталіцкі Касцёл у Беларусі праўду пра святасць чалавечага жыцця перадае словам і дзеяннем. Словам – праз навучанне ў святынях, а дзеяннем – арганізоўваючы розныя акцыі, скіраваныя на пашану ў грамадстве чалавечага жыцця ад пачатку яго існавання аж да натуральнай смерці. Сёння, у свята Святой Сям’і, мы хочам звярнуць асаблівую ўвагу на “Духоўнае ўсынаўленне” як ініцыятыву, якую падтрымліваюць вернікі Касцёла і не толькі яны. Гэтая ініцыятыва мае на мэце абарону жыцця, якое знаходзіцца пад сэрцам маці. Ведаем, што жыццё гэтае не заўсёды знаходзіцца ў бяспецы. Таму таксама ўсё больш свецкіх вернікаў разам з духавенствам і кансэкраванымі асобамі бяруцца за дзевяцімесячную малітву ў інтэнцыі дзіцяці, якому пагражае смерць. І сярод вас знаходзяцца тыя, хто ахвотна падтрымаў наш заклік, каб такім чынам уключыцца ў змаганне з напасцю нашых часоў, якою з’яўляецца аборт.
Пасля дзевяці месяцаў малітваў у інтэнцыі зачатага жыцця мы хочам падзякаваць кожнаму і кожнай з вас, хто ўзяў на сябе гэты высілак незалежна ад акалічнасцяў. Нашую ўдзячнасць кіруем да вас, а таксама да тых, хто разам з вамі спадарожнічаў сваім малітоўным чуваннем чалавеку, які знаходзіцца пад сэрцам маці і прыйсце якога на гэты свет знаходзілася пад пагрозай. Не спыняйцеся ў справах - і тых малых, пра якія ніхто, можа, не ведае, і тых вялікіх – арганізаваных, якія маюць на мэце абарону чалавечага жыцця. Абвяшчайце ў Новым 2014 годзе хвалу на вышынях Богу і супакой людзям добрай волі. Няхай вашыя словы і ўчынкі будуць у імя Пана Езуса, дзякуючы Богу Айцу праз Яго (пар. Кал 3, 12 – 21).
З пастырскім благаслаўленнем
Біскуп Аляксандр Кашкевіч
Старшыня ККББ
Біскуп Антоні Дзям’янка
Генеральны сакратар ККББ
Кіраўнік Рады па справах сям’і пры ККББ
Гэты камунікат належыць прачытаць ва ўсіх святынях Беларусі ў свята Святой Сям’і 29 снежня 2013 г.